У чацьвер у Эўрапарлямэнце прайшоў Дзень Беларусі, арганізаваны фракцыяй Эўрапейскай народнай партыі «Эўрапейскія дэмакраты». З гэтай нагоды ў Брусэлі знаходзіліся экс‑кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Ліцьвіна, доктар сацыялёгіі Андрэй Вардамацкі, а таксама Ірына Казуліна.

У слуханьнях бралі ўдзел прадстаўнікі Эўрапарлямэнту, Эўразьвязу, Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, Дзярждэпартамэнту ЗША.

У сераду ж Аляксандар Мілінкевіч меў сустрэчу з новым старшынём Эўрапарлямэнту Гансам-Гертам Потэрынгам. Старшыня Эўрапарлямэнту выказаў упэўненасць, што перамога дэмакратыі ў Беларусі “гэта толькі пытаньне часу”: "Беларусь належыць да сям’і эўрапейскіх народаў. Грамадзяне Вашай краіны маюць права на свабоду. Мы асуджаем палітыку сьвядомага парушэньня правоў чалавека і грэбаваньня асноўнымі свабодамі, якую вядзе рэжым у Менску. Перакананы, што перамога дэмакратыі ў Беларусі толькі пытаньне часу", - заявіў Потэрынг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?