Аляксандар Вайтовіч пералічвае парушэньні.

Фота Юліі Дарашкевіч

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч працягвае ўласны маніторынг выкананьня выбарчага заканадаўства прэзыдэнцкай кампаніі. Ён выступіў са зваротам да выбарцаў, кандыдатаў у прэзыдэнты, сяброў Цэнтравыбаркаму, у якім абнародаваў вынікі чарговага этапу аналізу кампаніі па выбарах прэзыдэнта краіны.

Вайтовіч, у прыватнасьці, паведамляе:

«1. Як вынікае з матэрыялаў прэсы, маюцца шматлікія сьведчаньні аб удзеле кіраўніцтва арганізацый у зборы подпісаў за вылучэньне А.Р.Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты. Гэта зьяўляецца парушэньнем ч.6 арт.61 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусі (ВК). ВК у гэтай сваёй частцы мае на ўвазе, што такія парушэньні могуць быць «падставай для адмовы ў рэгістрацыі альбо адмены рашэньня аб рэгістрацыі кандыдата ў Прэзыдэнты».

2. У сфармаваныя тэрытарыяльныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі фактычна ня ўключаны прадстаўнікі структураў, што падтрымліваюць кандыдатаў, альтэрнатыўных А.Р.Лукашэнку. Былі прапанаваныя тысячы такіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. Аднак з амаль 75 тыс. чалавек, што ўвайшлі ў 6627 участковых камісій, толькі адзін чалавек прадстаўляе ўказаныя структуры, што складае мізэрныя 0,001% ад агульнага складу камісій.

Гэты факт цалкам разьбівае міт, што ствараецца ўладамі пра нібыта адкрытасьць і празрыстасьць будучых выбараў.

Гэты факт дэманструе таксама, што ўлады вельмі баяцца правільнага падліку і абнародаваньня вынікаў галасаваньня. Досьвед маёй працы каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «За справядлівыя выбары», якая назірала за парлямэнцкімі выбарамі і рэфэрэндумам у 2004 г., паказвае, што ўсьлед за фармаваньнем участковых камісій па такім прынцыпе зьяўляюцца такія «недакладнасьці» пры падліку вынікаў галасаваньня, якія цалкам скажаюць іх.

3. Артыкул 45 ВК вызначае, што перадвыбарнай агітацыяй зьяўляецца, у прыватнасьці, абмеркаваньне палітычных, дзелавых і асабістых якасьцяў кандыдатаў у прэзыдэнты, правядзеньне агітацыі «за» ці «супраць» кандыдата ў СМІ.

А.Р.Лукашэнка пры канцы студзеня даў інтэрвію А.Зімоўскаму, Р.Кісялю, Ю.Казіятку. Інтэрвію трансьлявалася па тэлебачаньні і друкавалася ў газэтах (гл., напрыклад, «СБ» ад 31.01.2006). А.Лукашэнка ў сваім інтэрвію ў СМІ абмяркоўваў дзелавыя і асабістыя якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты, то бок у адпаведнасьці з арт. 45 ВК вёў перадвыбарную агітацыю. Дзеля ілюстрацыі гэтага факту прывядзём адзін прыклад з многіх. У прыватнасьці, А.Лукашэнка заявіў: «Так, яны [кандыдаты ў прэзыдэнты. — Заўв. аўтара] прагнуць улады. Але толькі для таго, каб разьлічыцца з Захадам, падзяліць краіну і сабе кавалак урваць, а там — хоць трава не расьці».

ЦВК дала папярэджаньне А.У.Мілінкевічу за перадвыбарную агітацыю да рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, але не абвесьціла папярэджаньня А.Р.Лукашэнку за падобныя парушэньні, якія неаспрэчна пацьвярджаюцца дакумэнтальна. ЦВК парушыла арт. 22 Канстытуцыі краіны, які гаворыць: «Усе роўныя перад законам».

4. Артыкул 47, ч.1 ВК вызначае, што «выступы... у друку, па тэлебачаньні, радыё не павінны утрымліваць... зьнявагаў і паклёпу ў дачыненьні кандыдатаў у Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь».

А.Р.Лукашэнка ў сваім інтэрвію парушыў гэтае патрабаваньне ВК, а таксама парушыў патрабаваньне арт. 25 Канстытуцыі краіны і Прысягу, дадзеную ім пры ўступленьні на пасаду. У гэтым інтэрвію ўтрымліваецца зьнявага ўсіх альтэрнатыўных яму кандыдатаў у прэзыдэнты. А.Р.Лукашэнка назваў іх поўнымі адмарозкамі.

А.Р.Лукашэнка таксама шматкроць зьняважыў альтэрнатыўных яму кандыдатаў. Прывяду прыклад. Ён сказаў: «Яны хочуць улады... каб падзяліць краіну і сабе кавалак урваць», «Яны пакасьцяць беларускаму народу», «яны сабе месца падрыхтавалі. Хто ў Нямеччыне, хто ў Амэрыцы, хто ў Польшчы, яны адсюль зьбягуць».

У адпаведнасьці з ч.3, арт. 47 ВК ЦВК мусіць зрабіць захады па прадухіленьня злоўжываньня і разгледзець пытаньне аб магчымасьці рэгістрацыі А.Р.Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты ці адмены яго рэгістрацыі.

5. Артыкул 73 ВК забараняе кандыдату ў прэзыдэнты «выкарыстоўваць перавагу свайго службовага становішча ў інтарэсах абраньня». Пад выкарыстаньнем такой перавагі, у прыватнасьці, маецца на ўвазе:

«прыцягненьне асобаў, што знаходзяцца ў падпарадкаваньні ці іншай службовай залежнасьці, дзеля ажыцьцяўленьня ў рабочы час дзейнасьці, што садзейнічае вылучэньню і (ці) выбраньню».

Прыцягненьне А.Зімоўскага, Р.Кісяля, Ю.Казіяткі, якіх на пасады прызначыў А.Р.Лукашэнка і якія знаходзяцца ў яго падпарадкаваньні, для перадвыбарчай агітацыі на карысьць А.Р.Лукашэнкі ў працоўны час зьяўляецца парушэньнем ВК.

ЦВК не адрэагавала на гэтае парушэньне.

6. А.Р.Лукашэнка ў Докшыцах 12 студзеня 2006 г. дакладна і ясна канстатаваў: «Мы зарэгістравалі тых кандыдатаў, якія ня мелі права быць зарэгістраванымі».

Такім чынам, ён прызнаў, што, па-першае, ён і яго атачэньне парушаюць закон у працэсе правядзеньня кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў і, па-другое, ён прымае рашэньне, на прыняцьці якіх ня мае права.

Падводзячы вынікі гэтага кароткага і папярэдняга аналізу правядзеньня кампаніі па выбарах прэзыдэнта краіны, можна рэзюмаваць наступнае.

А.Р.Лукашэнка незаконна ўдзель- нічае ў кампаніі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты, паколькі яго Ўказ № 431 ад 07.09.2004 году аб правядзеньні рэфэрэндуму па наданьні яму магчымасьці падаўжэньня яго прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў разыходзіцца з Канстытуцыяй краіны і ня можа дзейнічаць.

А.Р.Лукашэнка падчас перадвыбарчай кампаніі шмат разоў парушыў Канстытуцыю краіны і Выбарчы кодэкс. ЦВК не рэагавала на гэтыя парушэньні. Тым самым яна не прытрымліваецца Канстытуцыі і не выконвае законаў краіны.

У краіне створана сытуацыя, калі вышэйшая асоба краіны публічна заяўляе, што яна не выконвае права (закон), даючы грамадзтву зразумець, што яна вышэй за закон.

Правядзеньне кампаніі па выбарах прэзыдэнта з парушэньнямі ЦВК Выбарчага кодэксу і Канстытуцыі краіны дае падставы зрабіць выснову, што кампанія па выбарах прэзыдэнта адбываецца, не грунтуючыся на вяршэнстве закону.

Недапушчэньне ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, альтэрнатыўных А.Р.Лукашэнку, а таксама парушэньні закону ў працэсе кампаніі дазваляюць зрабіць выснову, што вынікі выбараў, што праводзяцца ў такой сытуацыі, ня могуць быць і ня будуць адпавядаць волевыяўленьню выбарцаў.

Незалежным ад А.Р.Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты мэтазгодна выйсьці з выбарчай кампаніі, каб не ствараць бачнасьці законнасьці такой кампаніі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0