Кіраўнік грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» Алег Трусаў мае намер дамагацца прыняцця Правілаў дарожнага руху (ПДР) на беларускай мове асобным указам прэзідэнта. Пра гэта ён заявіў 8 снежня ў Мінску на прэзентацыі перакладу ПДР на беларускую мову.

«Я збіраюся звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта, з тым каб выйшаў беларускамоўны ўказ прэзідэнта аб тым, каб Правілы дарожнага руху былі зацверджаны ўказам на беларускай мове. Калі мы рыхтавалі гэтыя правілы, аказалася, што яны прымаюцца не законам. Не праз парламент у двух чытаннях і Саветам рэспублікі, а ўказам прэзідэнта. З іншага боку, гэта добра — няма бюракратычных перашкод. Мы ставім пытанне: вось вам версія ПДР на беларускай мове, вось вам патрабаванні, і, калі прэзідэнт выдасць указ — гэта будзе ўжо афіцыйны пераклад», — сказаў Трусаў.

Паводле яго слоў, у такім разе «афіцыйна замацоўваецца вялікі пласт беларускай лексікі ў такім далікатным выпадку, як тэхнічныя тэрміны». «Гэта вельмі важна, паколькі там больш за тысячу слоў, якія не перакладаліся на беларускую мову», — адзначыў Трусаў.

Намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім адзначыла, што гэта «вельмі важна для пашырэння ўжывання беларускай мовы». «Усе мы так ці інакш удузельнікі дарожнага руху. На падставе таго, што ўсе тэрміны будуць прызнаныя як афіцыйныя, мы зможам казаць пра выданне кніг для дзяцей па ПДР на беларускай мове, выпускаць беларускамоўныя дапаможнікі для беларускіх аўтатэхнічных спецыяльнасцяў, прапаноўваць настаўнікам, якія праводзяць беларускамоўныя заняткі, займацца з дзецьмі па Правілах дарожнага руху па-беларуску», — сказала яна.

Акрамя таго, адзначыла Анісім, ТБМ ужо распрацавала канспект па вывучэнні правілаў дарожнага руху на беларускай мове. «Гэта той матэрыял, які змогуць выкарыстоўваць аўтаінструктары ў працы з беларускамоўнымі студэнтамі аўташкол, — сказала яна. — Гэта матэрыял, які можна будзе выкарыстоўваць у практыцы, падрыхтаваць экзамен на правы і г.д.».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?