Украінскі Інтэрнэт забаўляецца «фафудзіяй», расейская Інтэрнэт-замарочка — «медвед». Тым часам у беларускім лайвджорнале гуляюць у «лукашэнку».

Саша Лукашэнко

«Што за беда с сельским хазяйствам нашым! Вродзе бы усе дзелаем для крэсцьян: и аграгарадки чудзесныя строим, и дажэ водку распарадзились нямедленна убраць іс сельских магазинау - все рауно не могут ани харашо работаць!.. Я вчэра паднял этат вапрос на планавам савяшшании. «Можэце што хацице, - гавару, - дзелаць, но штобы осенью мне меньшэ чэм пра 10 милионау тон не дакладывали! Хоть каждый дзень на пасявной селектар будзем правадзиць, но зернасушылки этай осенью далжны быць загружаны в полным аб'ёме!..» І с министрам энергецики нада паплатнее сатрудничаць. Канадцы, вон, прыезжали. Так, гаварат, научылись ужэ из навозу дзелаць биатоплива. И не хужа нефци, да... Так у нас как раз з этага года бальшыя плошшадзи асвабаждаюцца из пад сахарнай свяклы, вот и насадзим трыцикали. А биатоплива сразу с фермы прамиком в Наваполацк на НПЗ... Я ужэ Мясниковичу у акадземии паручыу, штоб к лету разработали цехналогию, не дажыдаясь атмашки Прэзидзента. Штобы к серэдзине пяцилетки не меньшэ чэм 85 працэнтав сыр'я была ацечаственнага праизводства... Не можэм жэ мы вечна Расию сваими пошлинами кармиць, в канцэ канцов. Пара наканец больш глубако и сер'ёзна падхадзиць к вапросу импартазамяшшэния».

Гэта не фанэтычны запіс апошняга выступу кіраўніка дзяржавы. 1 студзеня ў «Жывым журнале» быў створаны інтэрнэт‑дзёньнік ад імя Сашы Лукашэнкі. «Саша Лукашэнко. Прэзидент с высоко развитой культурай», ‑‑ запісана ў інфармацыі карыстальніка. Месца жыхарства пазначана як Дразды, Менскі раён. А сайтам карыстальніка зьяўляецца сайт «Советской Белоруссии». Сам жж аформлены ў чырвона‑зялёных колерах.

Першы пост быў зроблены 2 студзеня, акурат пасьля сканчэньня беларуска‑расейскіх перамоваў па газавым пытаньні: «Скажу чэсна, я ужэ устал кожны год з эцім газам. Дураки ані все там и не лечацца, вот.Долар падае січас, маи эканамисты падсчытали, што он да палавины упадзёт да 2011 года, так в беларуских рублях будзем плациць столька жэ".

З жж можна даведацца пра нялёгкія ўзаемадачыненьні з Уладзімерам Пуціным, пра ўручэньне прэміяў за нацыянальнае Адраджэньне, пра посьпехі беларускага грамадзтва.

«Дзёньнік Лукашэнкі» – гэта гіпэрбалізаваная іронія зь беларускіх рэаліяў. Да такіх сродкаў грамадзтва прыбягае толькі ў тых выпадках, калі ня можа выказаць сваё меркаваньне са старонак газэт ці з экранаў тэлевізару.

Яшчэ Лукашэнкі

Гэта ня першы дзёньнік, які вядзецца ў Інтэрнэце ад імя кіраўніка Беларусі. Яшчэ значна раней былі створаныя жж Аляксандра Лукашэнкі і А.Г.Лукашэнкі. У першым дзёньніку быў зроблены толькі адзін пост, дзе «Аляксандар Лукашэнка» тлумачыць, чаму ён завёў жж, а другі быў створаны і спынены яшчэ ў кастрычніку 2005 году.

Абодва дзёньнікі маюць тую самую трасянкавую мову. У пастах жа гаворка вядзецца пра «грантасосаў‑апазыцыянэраў», пра расейскіх «вароў‑алігархаў», якія спрабуюць захапіць у свае рукі ўладу ў Беларусі, пра Хусэйна і парк высокіх тэхналёгіяў. Усе тры пералічаныя дзёньнікі пішуцца ў надзвычай падобнай стылістыцы.

Разьмяркуйце ў аграгарадок

Яшчэ адзін жж, якія мае на мэце сьцёб зь беларускай улады ў цэлым, а моладзевых арганізацыяў у прыватнасьці – гэта БРСМ. Гэты ўжо не на трасянцы, а на літаратурнай расейскай мове, хоць і са значнай колькасьцю памылак, ад імя «правільнага пацана», члена Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі, які дае спасылкі, дзе можна спампаваць песьні ўдзельнікаў «Зорнага дыліжансу» і з захапленьнем расказвае пра канцэрты «За Беларусь».

БРСМ гатовы ісьці добраахвотнікам на працы ў Нацыянальную бібліятэку, БРСМ ганарыцца сваім патрыятызмам, а таксама марыць трапіць па разьмеркаваньне ў аграгарадок.

Паліна Смолава

Палітыкай іронія блогераў не абмяжоўваецца. Яшчэ адзін сьцёбны праект – гэта Паліна Смолава. У зацікаўленасьцях гэтага карыстальніка пазначаны Эўрабачаньне, Ксюша Сітнік, Славянскі базар, аркестар упраўленьня ўнутраных справаў, прапаршчыкі і г.д. У біяграфіі напісана: «Экспрэсіўная і тэмпэрамэнтная, сэксуальная і экстравагантная. Маё жыцьцё – гэта бура эмоцыяў, падзеяў і ўражаньняў. Ляўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, уладальніца Гран‑пры «Славянскага базару», я зь неімавернай хуткасьцю пакараю сэрцы слухачоў. Я не перастаю зьдзіўляць эфэктнымі шоў на сцэне. Мой неардынарны стыль стаў заканадаўцам моды. Прафэсіяналізм, талент і індывідуальнасьць – мая візытоўка».

Паліна Смолава расказвае ў сваім жж розныя забаўныя гісторыі з уласнага жыцьця, а таксама жыцьця сваіх сябровак. Лірычная гераіня гэтага лайвджорналу верыць у гіганцкага кляшча, што жыве ў цэнтры Менску, і рапартуе з конкурсу «Эўрабачаньне»: «Ой!! Пасьля мяне пяе альбанец!! Ён такі мілашка!!! У нас тут дзевачкі ўсе ад яго фанацеюць».

Сьцёбам у апошняй прасторы свабоды — Інтэрнэце — грамадзтва рэагуе на клубнічную жуйку тэлебачаньня і ФМ-радыё. Калі з прэзыдэнта няможна іранізаваць са сцэны, зь яго сьмяюцца за кулісамі. Як пісаў Кен Кізі ў рамане «Над зязюльчыным гняздом»: «Пакуль мы сьмяемся, мы ў бясьпецы». Балазе, улады пакуль гумар разумеюць і аўтараў жывых журналаў не чапаюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?