9 сьнежня суд Першамайскага раёну сталіцы адправіў на дапрацоўку справу Яўгена Контуша, старшыні аргкамітэту ў стварэньні нацыянал-бальшавіцкай партыі, якога абвінавачваюць у дробным хуліганстве.

3 сьнежня трое маладых людзей вывалілі вядро варанай локшыны на ганак будынку Белтэлерадыёкампаніі і раскідалі ўлёткі ад імя «нацболаў». Сьведкі-міліцыянты з дэпартамэнту аховы раней сьцьвярджалі, што апазналі Яўгена Контуша, але ў судзе заблыталіся ў паказаньнях.

На першым судовым паседжаньні міліцыянт Уладзіслаў Шамко даў паказаньні, якія істотна адрозьніваліся ад занесеных у пратакол. Да таго ж, у судзе былі прагледжаны відэазапісы з камэраў назіраньня. З-за вялікай колькасьці супярэчнасьцяў судзьдзя Юры Гарбатоўскі вырашыў выклікаць на другое паседжаньне другую сьведку — міліцыянта Юлію Драмлюк, якая быццам бы бачыла ўсё, што адбывалася на ганку, праз камэру відэаназіраньня. Сьведка Драмлюк прызналася, што твару чалавека, які вываліў вядро варанай локшыны на ганак, ня бачыла, але па росьце, камплекцыі Яўген Контуш падобны да яго. Судзьдзя Юры Гарбаноўскі накіраваў матэрыялы справы ў міліцыю на дапрацоўку.

Сам Яўген Контуш, які сьцьвярджае, што ня браў удзелу ў акцыі, падзяліўся сваімі ўражаньнямі аб сёньняшнім паседжаньні:

«Другая сьведка аказалася больш сумленная за ўчорашняга, ня стала шчыра хлусіць, засумнявалася. Твару яна ня бачыла, яна бачыла толькі праз камэру відэаназіраньня, але там настолькі дрэнная якасьць, і ўсё рыўкамі, што казаць пра нейкую хаду, целасклад не даводзіцца. Адзінае — па росту быццам бы я падобны да чалавека, які вываліў вядро локшыны. І судзьдзя зразумеў, што ёсьць вялікі сумнеў, што гэта я».

Але ўсё адно, справа не закрыта, а накіравана на дапрацоўку, нейкія новыя матэрыялы будуць шукаць?"

«Так, але я лічу, што гэта перамога. Мы спадзяемся на лепшае».

Адвакат Дар’я Ліпкіна, якая абараняе Яўгена Контуша, тлумачыць:

«Пастанова выніковая, то бок вінаваты ці не вінаваты — ня вынесена. Судзьдзя нам сказаў даслоўна: „Я вяртаю матэрыялы ў міліцыю, няхай яны вырашаюць, як кваліфікаваць“. Ёсьць такі артыкул працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях — вяртаньне пратаколу для выпраўленьня».

Падазраваных у раскідваньні ўлётак і вывальваньні локшыны нібыта «вылічылі» па відэа, зьнятага з камэраў відэаназіраньня, усталяваных на будынку Беларускага тэлебачаньня. На думку адваката Дар’і Ліпкінай, справу можна было закрыць, бо абодва сьведкі дапытаныя, відэазапісы прагледжаныя, твараў людзей на іх разабраць немагчыма, а падабенства па целаскладзе і росьце можа быць зь вялікай колькасьцю людзей. Таму паказаньні сьведкі Юліі Драмляк, што Яўген Контуш падобны да чалавека, што вываліў на ганак локшыны, ня могуць быць ісьцінай ў апошняй інстанцыі:

«Падобны. Але гэта ніяк не ідэнтыфікацыя канкрэтнага чалавека. Яна дакладна сказала, што твару яна ня бачыла. І мы прагледзелі відэазапіс, які яна назірала са свайго паста».

Тым ня менш, справа не закрыта. Матэрыялы на другога падазраванага — Уладзіслава Лобава — накіраваныя ў Інспэкцыю па справах непаўналетніх Маскоўскага раёну. Але па камплекцыі і росьце Лобаў і Контуш — у розных вагавых катэгорыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?