Пакуль славуты джазмэн Ігар Бутман на з’ездзе «Адзінай Расіі» кажа, што слухае «толькі джаз і Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна», у інтэрнэце і ў маскоўскіх клубах існуе і супрацьлеглы пласт культуры — сучасная музыка пратэсту.

Напярэдадні выбараў у Расіі абсалютным хітом расійскай апазіцыі ды проста неабыякавых да палітыкі людзей стала песня «Наш дурдом голосует за Путіна»
. Яе спявае гурт з двухсэнсоўнай назвай «Рабфак». Яны ўжо раней мелі папулярнасць у інтэрнэце, дзякуючы «Новай песне про Сталіна» і «Песне про міліцію».

Выступ «Рабфака» на мітынгу ў Маскве 10 снежня.

Выступ «Рабфака» на мітынгу ў Маскве 10 снежня.

Песня пра дурдом, які будзе Пуціну рад, пашыраецца па сацыяльных сетках з хуткасцю віруса грыпу.

Лідар «Рабфака» Аляксандр Сямёнаў знайшоў выдатную для палітычнай сатыры нішу — балансуючы на мяжы шансона і панка, ён спявае пра самыя злабадзённыя рэчы.
Спрабавалі наноў кананізаваць Сталіна — атрымайце песню, зробленую пад гімн люмпенізаваных пралетарыяў, якіх Гаспадар мусіць выратаваць ад Кашпіроўскага і таджыкаў ды вярнуць раённы савет.
З песняй пра Пуціна «Рабфак» трапляе ў кропку — пародыя «стрэліла» якраз пад выбары. У ёй не спяваецца пра жулікаў і вароў, аднак ствараецца вобраз тыповага прадстаўніка пуцінскага электарату, які жыве ў дурдоме і падтрымлівае разам з санітарамі свайго кандыдата.
На думку папулярнага расійскага блогера Аляксея Навальнага, «Дурдом» — найлепшая песня пра «Адзіную Расію»

Гурт «Барто» яшчэ нядаўна судзілі за экстрэмізм. За песню пра «машыны мянтоў», з якімі трэба што-небудзь зрабіць.
Тую песню выконвалі на мітынгу супраць знішчэння Хімкінскага лесу. Такім чынам сацыяльна вострыя электрапанкі «Барто» сталі ў адзін шэраг з такімі пратэстнымі музыкамі сучаснай Расіі, як «ДДТ» і Noize MC. «Мы па-за палітыкай», — кажа вакалістка Маша Любічава, аднак, апроч песняў пра 90-я гады з «Амарэта» і лысымі бандытамі, у рэпертуары «Барто» ёсць тое, што, паводле пракуратуры Люберцаў, называецца «заклікі да масавых беспарадкаў».

Раптоўнае вяртанне «Центра»

Васіль Шумаў, лідар вядомага ад 80-х электроннага гурту «Цэнтр», спецыяльна да выбараў стварыў трэк «Все оні одінаковые — жулікі і воры»

, а таксама альбом «Мне хорошо», дзе паводле адных толькі назвах песняў становіцца зразумела, у чый гарод будзе запушчаны камень класічнай расейскай электронікі: «Госбульдозер».

Зараз Шумаў рыхтуе канцэрт у падтрымку арыштаваных падчас маскоўскіх пратэстаў, а таксама стварае падборку тэстаў «на псіхічнае здароўе» для тых, каму нядобра ў сённяшняй расейскай палітычнай сітуацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?