У блогах працягваецца актыўнае абмеркаванне суботняга мітынгу на Балотнай плошчы. Нехта станоўча ацэньвае тое, што адбылося, нехта адмоўна, нехта спрабуе спрагназаваць, што будзе далей.

Так, журналіст і пісьменнік Дзмітрый Глухоўскі лічыць, што мітынг — не перамога. «Калі ўчора на Балотнай сабралася 80 тыс. чалавек, міліцыя паводзіла сябе прыстойна, а цэнтральныя каналы расказалі пра акцыю, камусьці можа здацца, што тое, што адбылося, — першая перамога, за якой наступяць перамены да лепшага. Нічога пасля Балотнай не памяняецца», — піша ён у сваім блогу.

На яго думку, цяпер наступіла «постплошчавая эйфарыя», аднак хутчэй за ўсё ўлады проста памянялі тактыку. «Нам проста дазволілі выпусціць пару», — лічыць Д. Глухоўскі, дадаючы, што разрадка ўжо адбылася, і «для многіх Балотная стане катарсісам, а далей пратэставаць яны не пойдуць: сабака адлаецца, а караван будзе ўжо далёка».

«Пакуль 10 снежня на Балотнай — гэта „неперамога“. Але калі мы спынімся, гэта будзе дзень паразы»,
 — падсумоўвае Глухоўскі.

Папулярны блогер Рунэта Рустэм Адагамаў (drugoi) называе мінулую суботу адным з найлепшых дзён у жыцці. «Мы сабраліся і былі свядомымі грамадзянамі. Мы выйшлі смела, нягледзячы на тое, што напярэдадні нас запалохвалі, пагражалі крывёю, беспарадкамі, правакатарамі». «Але, — адзначае блогер, — на Балотную прыйшлі людзі з кветкамі і паветранымі шарыкамі, вясёлыя і ўпэўненыя ў сабе. Я даўно не бачыў так шмат добрых твараў у адным месцы».

Пісьменнік Барыс Акунін пасля прамовы на мітынгу напісаў у сваім блогу, што «ўся гэтая пара сыдзе ў свісток, калі пратэстоўцы не створаць каардынацыйны цэнтр, не зафіксуюць патрабаванні масквічоў». Першым патрабаваннем, на думку пісьменніка, павінныя стаць перавыбары ў Маскве і ва ўсіх рэгіёнах, якія падтрымаюць рух, другім — адкліканне дэпутатаў Масгардумы і выбары новага складу. Трэцім — аднаўленне выбарнасці маскоўскага мэра.

«А наогул, — падсумаваў Б. Акунін, —

уражанне ад мітынгу моцнае. Усе ветлівыя, нават паліцыя. Яе, дарэчы, было вельмі няшмат».

Папулярны блогер і журналіст Наталля Радулава лічыць, што ўлады вырашылі змяніць стратэгію. «Пасля поўнага маўчання аб мітынгах апазіцыі на ТБ, пасля блакавання апазіцыйных блогаў і ЖЧ, яны вырашылі даць задні ход: „Добра, дазволім ім выпусціць пару“. ЖЖ запрацаваў, мітынгі пачалі ўзгадняць з вялікай колькасцю удзельнікаў», — піша Н. Радулова.

«Быццам мы ўсе выйшлі, каб выказаць незадаволенасць парушэннямі на выбарах. Якія мы малайцы, якія свядомыя. Ну і добра. Мы цяпер будзем выпускаць пару рэгулярна. Мы зробім думку пра іншы ўрад звыклай для расійцаў», — адзначае блогер.

У сваю чаргу, на думку дыякана Андрэя Кураева, самае важнае — тое, што мітынг скончыўся, і, акрамя месяцовага зацьмення, ніякіх іншых катаклізмаў не адбылося. «Сёння мы ўбачылі, што насамрэч нават сістэма ўлады „Адзінай Расіі“ і ўсёй палітычнай сістэмы значна больш устойлівая, чым магло здавацца яе носьбітам і кіраўнікам. Прайшоў мітынг — і што?» — задаецца пытаннем Кураеў.

На яго думку,

перавыбараў не будзе, наверсе застануцца тыя ж людзі, але гэта «не так ужо і дрэнна, таму што ў тых, хто быў на мітынгу, няма персанальных або партыйных альтэрнатываў».

Галоўнае, на думку Кураева, у тым, што «для прадстаўнікоў улады аказалася, што можна загадваць міліцыі (паліцыі) не біць людзей, можна не рэагаваць залішне ўзбуджана на тое, што нехта публічна з табой не згаджаецца, і можна спакойна ажыццяўляць усе запланаваныя дзеянні, не абвяшчаючы ў краіне рэжыму надзвычайнага становішча».

А галоўнае для пратэстоўцаў, адзначае А. Кураеў, — гэта тое, што можна пратэставаць, і пратэст не будзе вылівацца ў барыкады. «Можна не пагаджацца — і пры гэтым не атрымаць па мордзе. Гэта і ёсць школа станаўлення грамадзянскай адказнасці і ў народа, і ў самой улады».

Найбольш каротка падвёў вынікі мітынгу пісьменнік Захар Прылепін.

«Учора быў выдатны дзень, вядома. Добра пастаялі і добра выпілі потым. Усе адно аднаго любяць і паважаюць. Турбуе толькі адно: нам нічога не дадуць.
Яны нам сказалі сваю любімую фразу: „Мы вас пачулі“. Такі вось магутны вынік. А так — радасна, вядома. Захапленне проста», — напісаў З. Прылепін.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?