ААТ «Мінскі маторны завод» у студзені 2012 года пачне серыйную вытворчасць матораў узроўню Еўра-4, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Міністэрства прамысловасці.

Большасць падрыхтоўчых работ завершана як па тэхнічнай дакументацыі, так і тэхналогіі вытворчасці. Чатыры мадыфікацыі матораў Д-245 сертыфікаваныя на адпаведнасць экалагічнаму стандарту Еўра-4.

«Усе падрыхтоўчыя работы ідуць у адпаведнасці з зацверджаным графікам, ужо сёння мы можам выпускаць дробнасерыйныя партыі, — цытуе прэс-служба галоўнага тэхнолага завода Аляксандра Логінава. — У любым выпадку да 1 студзеня ўсе работы будуць завершаны».

У прэс-службе адзначаюць, што асаблівая ўвага надаецца мадыфікацыі дызельных рухавікоў Д-245.35Е4, прызначаных для Мінскага аўтамабільнага завода. Так, спецыялісты ўпраўлення галоўнага канструктара змянілі рухавік для дасягнення магутнасці 177 к.с. (самай магутнай мадэлі Еўра-4 у заводскай лінейцы).

Карэнным чынам змененая канструкцыя запатрабавала скарэкціраваць вытворчы працэс і закупіць імпартнае абсталяванне.

Першыя ўзоры рухавікоў Д-245.35 узроўню Еўра-4 для аўтазавода ўжо выраблены на базе эксперыментальнага цэха, тут жа, на выпрабавальнай станцыі, прайшла іх абкатка. МАЗу ўжо перадалі для эксплуатацыйных выпрабаванняў у складзе тэхнікі два маторы Д-245.35Е4. Адзін устаноўлены на грузавік, другі прызначаны для аўтобуса.

Плануецца, што спажыўцам да канца года будуць адгружаны яшчэ 100 аналагічных дызельных рухавікоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?