Сёння на сайце «Беларускага партызана» з’явіўся запіс «Ганьба сям’і», які нібыта належаў драматургу Уладзіміру Халіпу -- бацьку Ірыны, старому чалавеку.
Гаворка ў допісе вялася пра нашумелы сюжэт на тэлеканале «Беларусь-1» пра Андрэя Саннікава і Змітра Дашкевіча. «Аўтар» выказваў абурэнне матэрыялам, а таксама змясціў тое самае відэа.

Уладзімір Халіп кажа: «Я ніколі нічога не даваў сайту «Партызан». Гэта надрукаваў не я».

Мы звязаліся з кіраўніком сайта «Беларускі партызан» Паўлам Шараметам. «Я быў здзіўлены, калі пабачыў гэты допіс. Сапраўды, мы заводзілі акаўнт для Уладзіміра Халіпа, каб ён мог весці блог, дасылалі яму код доступу, але ён нічога не друкаваў», — кажа Шарамет.

«Некалькі месяцаў назад у нас была падобная непрыемная гісторыя з Агурцовым, у ягоным блогу быў надрукаваны брудны матэрыял пра Ірыну Халіп, з відэа з порнасайтаў. Мы хутка знялі матэрыял, папрасілі прабачэнні. Тады мы прасілі ўсіх аўтараў быць вельмі ўважлівымі, змяніць паролі, бо іх камп'ютары могуць быць узламаныя», — кажа журналіст.
«Аўтары самі змяшчаюць допісы, без нашай прамадэрацыі. Паколькі Халіп не званіў нам, то нейкі час не здымалі гэты допіс».

Выглядае, што такі «ўкід» ад імя Уладзіміра Халіпа зроблены, каб распаўсюдзіць учорашняе відэа, для гэтага была абраная пляцоўка папулярнага інтэрнэт-рэсурса.

«Мярзоцце. Гэтыя падонкі не могуць зламаць Андрэя [Саннікава — НН] , дык дзейнічаюць такім чынам», — кажа Халіп.
Цікава, што відэа выстаўленае з рахунка, створанага толькі сёння, адмыслова для гэтага сюжэта.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?