Заснавальнік інтэрнэт-энцыклапедыі Вікіпедыя Джымі Уэйлз абвінаваціў брытанскае PR-агенцтва Bell Pottinger ў неправамерным рэдагаванні мінімум дзясятка старонак энцыклапедыі і «маніпуляванні кантэнтам». Прадстаўнікі Bell Pottinger Group пацвердзілі факт рэдагавання артыкулаў, аднак заявілі, што яны не здзейснілі нічога незаконнага, паведамляе CyberSecurity.ru.

Згодна з правіламі Вікіпедыі, рэдагаваць энцыклапедыю можа кожны, аднак забараняецца рэдагаванне артыкулаў у персанальных або дзелавых інтарэсах, а таксама размяшчэнне рэкламы і лабісцкіх матэрыялаў.

Неправамерныя дзеянні з боку PR-фірмы былі заўважаныя адным з незалежных рэдактараў энцыклапедыі, які выявіў, што група рэдактараў мэтанакіравана дадавала станоўчыя водгукі і выдаляла негатыўныя.

Рэдактары, якія працуюць на Bell Pottinger, выдалялі негатыўную інфармацыю або дадавалі станоўчыя водгукі. Напрыклад, каманда агенцтва прыбрала з артыкула аб бізнэсоўцу, які быў кліентам агенцтва, інфармацыю пра тое, што яго былі лавілі на ўжыванні наркотыкаў ва ўніверы.

Незалежныя рэдактары працягваюць праверку ўсіх артыкулаў, адрэдагаваных агенцтвам. Цікава, ці падмарафецілі хлопцы лорда Бэла таксама артыкул Вікіпедыі пра свайго кліента Аляксандра Лукашэнку?

Прадстаўнікі кампаніі Chime Communications, якая валодае Bell Pottinger, заявілі, што ім вядома пра скандал і яны ўжо пачалі ўнутранае расследаванне.

«Нічога падобнага я раней не бачыў, — заявіў Уэйлз журналістам, дадаўшы. — Баюся, іх перакананасць, што яны нічога не парушылі, шмат што гаворыць пра іх светапогляд».

Джымі Уэйлз стварыў сваю «народную анлайн-энцыклапедыю» дзесяць гадоў таму, у студзені 2001 года. У аснове энцыклапедыі ляжаць так званыя вікі — праграмнае забеспячэнне з адкрытым кодам, якое дазваляе любому рэдагаваць тую ці іншую старонку. Вікіпедыя існуе на ахвяраванні карыстальнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?