На мінулым тыдні людзі, хворыя на Савецкі Саюз, атрымалі шырокую прастору для слязлівых уздыхаў і салодкіх успамінаў. З аднаго боку — 20 гадоў развалу СССР, з другога — 41-ы (і калі толькі паспелі?) з’езд БРСМ.
Што ж, мы ўжо прызвычаіліся да гістарычных фантасмагорый, ставімся да іх як да нечага непазбежнага. Між тым глабальныя гістарычныя фантасмагорыі, ад якіх здараюцца войны і ліецца кроў, складаюцца з маленькіх фантасмагорый, народжаных бязмежна хворымі фантазіямі цынічных палітыкаў і тых, хто прыстасоўваецца састрыгаць з іх небяспечных фантазій вельмі адчувальныя купоны...

Ну, ці не фантасмагорыя, калі з бласлаўлення мітрапаліта Філарэта праваслаўная царква падносіць у падарунак пераемнікам ленінскага камсамола Харугву з лікам Найсвяцейшай Багародзіцы — святы царкоўны сцяг?! Пераблыталі, так бы мовіць, Божы дар з яечняй. Бо тут, прабачце, адно з двух: альбо Харугва, альбо адмова ад сумнеўнага пераемніцтва ва ўсіх яго праявах і выніках.

Нават не толькі сумнеўнага — злачыннага ў дачыненні да Царквы.

Могуць усклікнуць: калі тое было!

Не «было» — ёсць.

Бо пад выглядам заахвочвання дабрачыннай дзейнасці моладзі бласлаўляецца распаўсюджванне атруты ад змярцвелай ідэалогіі.

Атруты, якая нараджае лгуноў, цынікаў і прыстасаванцаў — так званы кадравы рэзерв.

Шкада краіну, якой яны збіраюцца кіраваць.

Але шкада і тых падлеткаў, тых юнакоў і дзяўчат, хто сапраўды верыць у высокароднасць «лукамола», у яго «пранікнёную любоў» да Беларусі, прасякнутую так званым савецкім патрыятызмам.

Шкада тых дабрачыннікаў, якія сапраўды бескарысліва дапамагаюць старым, хворым і нямоглым людзям, не ведаючы нават, колькі старых, нямоглых і хворых людзей можна было б забяспечыць нармальнымі пенсіямі, таннымі лекамі і сучаснымі прыстасаваннямі за тыя бюджэтныя грошы, якімі сілкуецца БРСМ...

Шкада тых маладзёнаў, да якіх сапраўды дакрануўся Бог, і якія вераць у шчырасць падтрымкі іх талентаў з боку ўлады, быццам улада не патрабуе ўзамен ідэалагічнай, а насамрэч праўладнай чысціні іх думак і грамадскіх паводзін.

Нават калі адбудзецца іх жыццёвы бенефіс, у канцы чакае горкае расчараванне і забыццё.
Я ведаў людзей, чый Божы дар ператварыўся ў яечню.

Аднаго з іх, можна казаць, ведаю ўсё жыццё. З таго часу, калі ў музычнай школе, дзе прайшло колькі год дзяцінства, з’явіўся аднекуль з вёскі хлопчык з цымбаламі...

Як ён іграў на тых цымбалах!
У канцы 50-х — пачатку 60-х я сустракаў яго ў старой драўлянай хаце на Старажоўцы, дзе збіралася невялічкая кампанія студэнцкай моладзі. Ён прыходзіў з гармонікам, іграў меладычныя кампазіцыі і спяваў свае цудоўныя песні на беларускія вершы...
Праз колькі год я сустрэў яго ля свайго дома. Ён, ужо знакаміты, учапіўся ў рукаў і доўга трос яго, расказваючы пра свае замежныя вандроўкі і нібыта здзіўляючыся сваёй знакамітасці: «Ці ж мог я калісьці падумаць, што мяне, простага беларускага хлопца, будуць ведаць у свеце?» — «Ты ж талент». — «Не, стары, не толькі талент. Гэта ўсё камсамол. Заходзь...»
Я зайшоў да яго праз некалькі гадоў. На шыкоўным раялі, амаль на ўвесь пакой, стаяў бюст Леніна.
«Чаму не Чайкоўскага?» —пажартаваў я. — «Не смейся, — пакрыўдзіўся ён, — каб не Ленін, я б не стаў тым, кім стаў...» — «Каб не Герман», — паправіў я. — «Герман?» — «Так, Герман, дырэктар нашай школы. Каб ён не знайшоў цябе, не выцягнуў з правінцыі, не прыняў у школу, куды шчаміліся дзеці рознага начальства...»
Апошні раз я сустрэў яго гады з тры таму, пранізліва марозным надвячоркам. З-за паднятага каўнера зашмальцаванай дублёнкі чуўся мярзотны пах спіртнога. «Вось, толькі з Алтая, з Зюганавым ездзіў... Каб не Зюганаў...»
— «Ленін...» — «...каб не Зюганаў... Ведаеш, колькі грошай гатовы плаціць? А хутка ў Маскву, Лужкоў запрашае... Каб не Лужкоў...»
Так і бегаюць яны адзін за адным — былы Божы дар за былым камсамолам і былы камсамол за былым Божым дарам...

Такая вось фантасмагорыя, такая яечня...

Глядзець таксама:

Сяргей Ваганаў. Вайна пад дахамі, альбо Кампот з восеньскіх дзіячак

Сяргей Ваганаў. Доўгі доўг

Сяргей Ваганаў. Суддзя Стук і пракурор Стук

Сяргей Ваганаў. Разруб, ці Візітоўка ад Расіі.

Сяргей Ваганаў. З нагоды ўзнагароды

Сяргей Ваганаў. Кроў лялькі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?