З часу прэзідэнцкіх выбараў-2010 мінуў год. Пра вынікі галасавання, агучаныя старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, ніхто не згадвае, як не згадвалі тады. Увага грамадства надоўга была прыкавана да вечаровых падзеяў на плошчы Незалежнасці і іх наступстваў. Жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі скончыў кароткі перыяд лібералізацыі, які некалькі месяцаў дадаваў аптымізму прадэмакратычна настроенай частцы грамадства.

Такую вялізную колькасць беларусаў на Плошчы не чакалі ні ўлады, ні, здаецца, самі апазіцыйныя кандыдаты. Мора людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі расцяклося па праспекце Незалежнасці да гарызонту — гэта быў самы яркі момант леташняй прэзідэнцкай кампаніі.

«Масавыя беспарадкі» сямі кандыдатаў

Эйфарыі натоўпу не замінаў нават той факт, што за пару гадзін да шэсця ў цэнтры Мінска быў збіты Уладзімір Някляеў. Апоўначы прыйшла чарга і астатніх палітыкаў. Некалькі разбітых вокнаў Дома ўрада былі расцэненыя як «масавыя беспарадкі», і супраць людзей са сцягамі кінулі сотні спецназаўцаў. Фота і відэа збіцця дэманстрантаў абышлі інфармацыйныя агенцтвы свету.

Вынік пратэсту шакаваў — 639 затрыманых. У офісы незалежных СМІ і праваабарончых цэнтраў, палітычныя штабы прыйшлі з ператрусамі. А затрыманне адразу шасці кандыдатаў у прэзідэнты стала сусветным рэкордам. Апроч Някляева былі схопленыя Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч, Дзмітрый Ус, Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі. А Рыгор Кастусёў і Яраслаў Раманчук выйшлі на свабоду толькі пасля гутарак са спецслужбістамі.

Ніводнага апраўдання

Галоўным вынікам разгону Плошчы стала атмасфера страху ў грамадстве, якая трымалася паўгода, пакуль не актывізаваўся рух «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Але таксама ўзнялася беспрэцэдэнтная хваля салідарнасці з вязнямі.

Яшчэ два дзясяткі апазіцыйных актывістаў выехалі за мяжу, асцерагаючыся крымінальнага пераследу.

Вясна прайшла пад знакам палітычных працэсаў. Па справе аб масавых беспарадках праходзіла больш за 60 чалавек, і ніводнага апраўдальнага рашэння вынесена не было. Дагэтуль за кратамі застаюцца Саннікаў, Статкевіч і Бандарэнка, а таксама Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, затрыманыя напярэдадні выбараў.

Як палітыка зачапіла эканоміку

Некаторыя беларусы рабілі выгляд, што не заўважаюць паслявыбарчых зменаў у грамадска-палітычным жыцці, а вось эканамічны крызіс ударыў па кожным. Залагоджваючы насельніцтва перад выбарамі, Лукашэнка падняў заробкі настолькі, што фінансавая сістэма не вытрымала напружання. Вынікам стала трохкратная дэвальвацыя рубля і адпаведны рост цэнаў.

У выніку Расія ў апошні момант працягнула-такі руку фінансавай дапамогі. І яшчэ мацней прыцягнула Беларусь у свае абдымкі. Гэта дало Лукашэнку магчымасць ізноў адмовіцца ад пераводу краіны на еўрапейскія стандарты жыцця і аднавіць будаўніцтва «сацыяльна арыентаванай дзяржавы», хоць і не такой шчодрай, як год таму.

* * *

Што б вы змянілі ў сваім плане на Плошчу-2010? На пытанне «Нашай Нівы» адказалі ўдзельнікі снежаньскіх пратэстаў.

Уладзімір Някляеў, «Гавары праўду»: «Я зыходзіў з таго, што ўлады не дапусцяць тых сілавых брутальных дзеянняў, якія былі ўжытыя да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. Гэта і была асноўная памылка».

Рыгор Кастусёў, Партыя БНФ: «Па-першае, я б настойваў на тым, каб супольныя рашэнні кандыдатаў выконваліся больш дакладна і перад Плошчай, і на Плошчы. Па-другое, я б зрабіў усё магчымае, каб адсекчы ўсіх правакатараў, якія з’явіліся ў нашых шэрагах».

Ірына Халіп, жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь: «Трэ было заставацца на Кастрычніцкай і чакаць вынікаў галасавання, а пасля разгортваць лагер. Тым больш, я ведаю, усё неабходнае было закуплена. Другі варыянт — ісці ў «падарожжа» па горадзе, каб людзі не замерзлі, каб быў рух. Але не засяроджвацца на плошчы Незалежнасці».

* * *

Кіно пра Плошчу-2010

«Беларуская мара»

Рэжысёрка — Кацярына Кібальчыч. У фільме расказваецца гісторыя жыцця маладога чалавека з Мінска, які 17 гадоў жыве ў краіне «апошняга дыктатара Еўропы».

«Звычайныя выбары»

Рэжысёр — Юрый Хашчавацкі. Стужка — працяг нашумелых фільмаў «Звычайны прэзідэнт» (1996) і «Плошча» (2007). У ёй Хашчавацкі не адмаўляецца ад ранейшага жанру і працягвае свой уяўны дыялог з Лукашэнкам.

«Плошча. Жалезам па шклу»

Прапагандысцкае «расследаванне», знятае Агенцтвам тэлевізійных навінаў. Фільм, які агучваў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, вылівае памыі на прадстаўнікоў апазіцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?