Карэспандэнт «Салідарнасці» пабывала ў гасцях у сем’ях, у якіх дзеткі нараджаліся дома. І зусім не таму, што не паспела прыехаць «хуткая». Гэта быў іх свядомы выбар. Маладыя мамы падзяліліся сваім досведам і расказалі, як нараджалі дзетак дома: з дапамогай акушэркі і без яе — удваіх з мужам.

@Фота Аксаны Бязрукай.

@Фота Аксаны Бязрукай.

@Фота Аксаны Бязрукай.

@Фота Аксаны Бязрукай.

«Роды трэба не як-небудзь перажыць, а пражыць»

Ліза Шэфер з-пад Мінска нараджала першынца ў нямецкай радзільні.

— Роды доўжыліся амаль шэсць сутак. Дактары выкарысталі ўсе магчымыя медыцынскія працэдуры, эпідуральная анэстэзія, — успамінае Ліза. — Я была настолькі рада, што ў рэшце рэшт нарадзіла дзіця.

Калі яна зацяжарыла ў другі раз, вырашылі з мужам нараджаць дома. Мама Лізы здзівілася: «Ты першае дзіця ледзь нарадзіла з дапамогай брыгады дактароў!».

— Мне было цікава: як гэта — дома нараджаць, — распавядае маладая жанчына. — Трэба моцная падрыхтоўка, каб здзейсніць гэта. Давялося змагацца са сваімі страхамі, комплексамі і прусакамі ў галаве.

Я была гатовая да прыняцця інфармацыі. Заняткі ёгай навучылі мяне назіраць за сабой, знаходзіцца ў моманце і спрабаваць не перажыць, а пражыць. Гэта вельмі важна.

Да таго ж старэйшаму сыну на момант нараджэння дачушкі было два гады і сем месяцаў. Ен прывязаны да мяне, вельмі адчувальны хлопчык. Таму я не хацела яго пакідаць і нараджаць у радзільні.

Ліза стала на ўлік у жаночай кансультацыі, але адмаўлялася ад усіх медаглядаў. Яна старалася не канфліктаваць, але сутыкненняў з дактарамі цалкам пазбегнуць не ўдалося. Яны прыходзілі да Лізы дадому.

— Я старалася не канфлiктаваць. Мне патрэбна была паперка, каб ў армію мужа не забралі. Прыходзілі дадому некалькі разоў. Іх пазбаўляюць прэміі, калі пацыенткі не прыходзяць.

— Не было такіх асцярогаў, раптам нешта ў родах можа пайсці не так?

— Раптам не бывае. Я чытала шмат літаратуры. Зразумела, што проста так нічога не адбываецца. І можна любы працэс патлумачыць абгрунтавана, ці то кровацячэнне, ці тазавае прадляжанне, ці абвіцце пупавіння. Раптам бывае толькі тады, калі шмат медыцынскіх умяшальніцтваў. Калі ўсе адбываецца натуральна, звычайна ўсе ідзе так, як мае быць. За дваццаць хвілінаў нічога не здарыцца, а за гэты час можна калі што даехаць да бальніцы. Я разлічвала, што машына павінна быць цалкам праверана, запраўлена. Мы з мужам прадугледжвалі форс-мажорныя абставіны, але гэта не значыць, што мы на іх настройваліся.

Рыхтуючыся да родаў, Ліза не чытала навіны, не сачыла за падзеямі ў краіне і свеце, аберагаючы сябе ад негатыўнай інфармацыі.

— Галоўнае адбываецца ў табе, ты носіш дзіця. Нічога няма важнейшага за тое, каб яго нарадзіць, — гаворыць яна.

Муж Лізы Андрэй таксама рыхтаваўся да родаў.

— Мой бацька не ведаў усе, што далей ганка радзільні. Мне было гэта цікава, незнаема. Ліза прапаноўвала паглядзець ролікі ў юцюбе, як выглядае працэс родаў, але я адмовіўся, бо калі паглядзіш — роды жонкі будуць асацыявацца з гэтым ролікам.

— Спачатку мы хацелі нараджаць удваіх, але потым паклікалі хатнюю акушэрку, з якой дамаўляліся папярэдне, — дадае Ліза. — Мне патрэбна было, каб нехта прыйшоў і сказаў, што ўсе добра. Хоць муж мяне вельмі добра падтрымліваў. Паміж схопкамі казаў, якая я малайчынка і прыгожая. Я апранула родавую ільняную кашулю, якую вышыла за некалькі тыдняў да родаў. Гэта вельмі дапамагала расслабляцца. Адпачывала я і ў ваннай. Запаліла блакітныя свечкі, залезла ў ваду і ўзгадвала адпачынак на акіяне. …Я была такая шчаслівая, калі дачушка нарадзілася. Гэта неперадавальныя эмоцыі. Я гэта зрабіла! Я жанчына!

— Ты чула пра хатнія роды, якія скончыліся не так добра, як у цябе?

— У Беларусі ў гэтай акушэркі ні разу не было дакладна. Калі яна бачыць, што жанчына не гатовая да хатніх родаў альбо есць паказанні для родаў у радзільню, яна яе туды адправіць. Калі яна не паспявае прыехаць, то прапануе выбіраць: альбо ты мяне чакаеш і я прыеду пазней ці ты едзеш у радзільню.

Ліза плануе стаць хатняй акушэркай. Але збіраецца вучыцца гэтаму не ў Беларусі, а ў ЗША, бо на яе думку, у нас усё арыентавана на медыкаментозную дапамогу.

— Хатнія роды не для ўсіх, я думаю. Па-першае, для тых, у каго няма паталогій. Па-другое, для псіхалагічна падрыхтаваных, каб потым перайсці ў стан мацярынства без пасляродавых дэпрэсій, каб жанчына не разгубілася, калі нарадзіла, маўляла, я не ведаю, як карміць, а я не высыпаюся. Каб потым жанчына не плакала з дзіценкам на руках — а гэта нярэдка, на жаль, здараецца.

«Як можна адчуць сябе бацькам, седзячы дома на канапе, пакуль жонка ў радзільні?»

Наста Хоміч-Базар даўно цікавілася хатнімі родамі. Яшчэ да сваей першай цяжарнасці яна напісала на форуме на сайце dzietki.org, што першынца трэба нараджаць у радзільні. Прайшло два гады, і сваю першую дачку Мілаславу Наста нарадзіла дома з дапамогай хатняй акушэркі.

— У радзільні нараджаю не я, там нараджаюць дактары, — мяркуе Наста. — Гэта не дрэнна і не добра. Проста камусьці гэта трэба. Я не супраць гэтага. Калі жанчына упэўненая, што ей патрэбны дактары, аперацыйная, класічная медыцына — яна ідзе ў радзільню.

Асабіста я не разумею, як, напрыклад, можна нарадзіць і ноч не бачыць дзіця. Гэта ж маё дзіця, як можна насіць дзевяць месяцаў і нарэшце пасля сустрэчы растацца на ўсю ноч? Чула, што некаторым мамам у радзільні прапануюць адпачнуць. Прабачце, ад чаго адпачніце? Ад свайго дзіця? Зразумела, яно не будзе без мамы спаць. Яно будзе плакаць, яго будуць карміць сумессю… А гэта можа потым сказацца і на грудным выкормліванні і на пасляродавым стане мамы. Таксама для мяне незразумела, як можна сябе адчуць бацькам, седзячы на канапе дома. «У цябе сын нарадзіўся!». — «О, класна!». Ты ж таксама рабіў дзіця! Чаму рабілі разам, а нараджаць павінна адна жанчына? Усе гэты гісторыі кшталту «я убачыў жонку ў родах і не магу на яе глядзець», — гэта ўсё няпраўда.

На думку Насты, роды паказваюць, як жанчына жыве.

— Роды — гэта ты. Як ты сябе вядзеш, наколькі бярэш на сябе адказнасць, наколькі табе патрэбная падтрымка і наколькі ты яе маеш. Якія адносіны ў сям’і — такімі будуць і роды. Праўда, ёсць жанчыны больш закамплексаваныя. Акушэрка распавядала: як толькі адправіш мужа за зяленкай — адразу жанчына нарадзіла, таму што не магла пры ім крычаць. Але зноў гэта пытанне да сябе: а чаму ты не можаш пры ім крычаць, калі табе балюча? Роды — гэта зрэз твайго жыцця. А якая ты сёння?

Наста лічыць, што ў хатніх родах жанчына бярэ адказнасць на сябе, а не перакладае яе на дактароў.

— Нехта можа назваць эзатэрыкай, нехта рэлігіяй. Адразу скажу: мы не веруючыя, мы не з секты. Абсалютна нармальныя, адэкватныя людзі. Нараджалі дома, бо лічылі, што так для нас прасцей, прыемней і лягчэй, а не з-за рэлігіі. На жаль, ёсць дзіцячая смяротнасць: як у радзільні, так і ў хатніх родах. Мы не можам казаць, што ў хатніх родах лепей, таму што ў нас няма статыстыкі.

Найбольш распаўсюджанае пытанне пра хатнія роды гучыць прыблізна так: «А раптам што?». Я напрыклад лічу, што ўсе будзе так, як павінна быць. Ты ад гэтага не зыйдзеш ні ў якім разе. Для ўсіх падзей ёсць свае прычыны, і ўсе падзеі адбываюцца для нечага.

Дома лепей, таму што спакайней, дапамагаюць сцены, і таму, што жанчына хутчэй прыходзіць у сябе. Не выключаю, што ў кожнай з нас розныя ўмовы дома. Нехта жыве са сваякамі, і ў радзільню ідзе як на адпачынак. Я за тое, каб жанчына адчувала сябе — што ей трэба, тое хай і робіць.

Мы самі аддалі сябе, цяжарных, у рукі дактароў. Мы прыходзім, здаем аналізы, якія, на маю думку, не патрэбныя ў той колькасці, у якой яны бяруць. Напрыклад, калі я стала на ўлік у жаночую кансультацыю ў Бараўлянах, я здавала аналізы ў лабараторыі, дзе не было асобнага кабінету для цяжарных. А як раз грып пачаўся. Мяне прапанавалі правесці без чаргі. Я кажу: «Мне не трэба без чаргі. Я хачу, каб у спісе, дзе пазначаны катэгорыі тых, хто праходзіць без чагі, былі цяжарныя».

Муж сказаў малодшай дачцэ: «Мама нараджае дзетку…»

Калі Наста зацяжарыла ў першы раз, і яны з мужам даведаліся, што ёсць магчымасць нараджаць дома, яны не раздумвалі пра іншы варыянт. Так іх сям’я пазнаёмілася з хатняй акушэркай.

— Прыходжу да акушэркі і кажу: «П’ю ёдамарын». А яна пытаецца: «Навошта?». І я ўпершыню задумалася: «А навошта мне гэты ёд?». Потым з гамеапатам абмяркоўвалі: усе людзі розныя, кожнаму патрэбная свая доза таго ці іншага вітаміна альбо мікраэлемента. На той момант дактары ўсім цяжарным прапісвалі ёдамарын.

Чаму прадстаўнікі дзяржаўнай медыцыны лічаць, што тым ім нешта вінен: літр мачы і крыві падчас цяжарнасці. І акушэрка з паліклінікі папярэджвае: калі не здадзіце аналізы, не пройдзеце акуліста, ўрач будзе лаяцца. Прабачце, чаму доктар будзе лаяцца? Вы для мяне, а не я для вас. А ў нас наадварот.

Наста добрым словам ўзгадвае акушэрку, якая дапамагала з’явіцца на свет яе першая дачцэ Мілаславе.

— Яна рабіла ўсе вельмі класна, як мы хацелі, але калі я зацяжарыла другі раз, ў мяне з’явілася шмат пытанняў па першых родах. Напрыклад, калі дзіця нарадзілася, чаму яна яго прыняла, а не муж? Чаму не я вырашала, калі мне тужыцца, а акушэрка, цела-та маё, яму лепей ведаць.

Зацяжарыўшы зноў, Наста не станавілася на ўлік у жаночую кансультацыю, не рабіла ўльтрагукавога даследавання і вырашыла нарадзіць сола-то бок з мужам.

— У нас было сола не дзеля сола. Калі б нешта пайшло не так, мы паехалі б у радзільню, — гаворыць Наста. — Вельмі важна, як жанчына ўспрымае роды. У першых родах я была ўпэўненая, што трэба вельмі добра трэба папацець, каб нарадзіць, бо роды — гэта праца. Так яно і было. Да другіх родаў я ўжо ставілася, як да свята і да прыемнасці. Нягледзячы на боль, я адчула і тое, і іншае.

Побач была і малодшая дачушка. Ёй на той момант было амаль два гады.

— Муж сказаў Мілаславе: «Мама нараджае дзетку. Яна можа крычаць і плакаць. Гэта вельмі добрая падзея. Проста ёй зараз крышку балюча». Дачка палівала мяне душыкам, пакуль я адпачывала ў ванне паміж схопкамі, гладзіла мяне па галаве. Мы былі гатовыя адвезці дачушку да бабулі, але яна насамрэч ўспрыняла ўсё вельмі спакойна.

…Я вельмі рыхтавалася да гэтых родаў, прычым працавала шмат як са страхамі, так і з болем. Памятаю, як адчула такі боль, і падумала, што да раніцы я так не гуляю. Мяне гэта вельмі засмуціла. Але пасля таго, як адпачыла ў ванне, адчула моц свайго цела. Яно рабіла сваю справу. Я амаль зразумела, што такое аргазмічныя роды. Гэта было проста неверагодна, калі ты адчуваеш, як твае дзіця з’яўляецца на свет. Я адчувала сама, калі і што рабіць: тужылася сама, а не па загаду акушэркі. Муж прыняў дзіця на рукі. Мілка ўзрадавалася і сказала: «Дзетка!».

Ужо потым Наста выклікала «свайго» педыятра.

— Чаму не з паліклінікі?

— Яны могуць прыйсці не адны, а напрыклад, з міліцыянтам і паспрабуюць прымусіць вас паехаць у радзільню. «А хто за вас адказны? Чаго вы дома знаходзіцеся? Мы мусім вас агледзець». — Прабачце, а чаму вы мусіце гэта рабіць? У нас не прымусовая медыцына. Я маю права адмовіцца. Нават, калі я нараджала ў першы раз дома, доктару з жаночай кансультацыі далі вымову за гэта!

І Ліза, і Наста зарэгістравалі сваіх дзетак праз суд. Згодна з беларускім заканадаўствам, рэба прывесці ў суд сведак, напісаць заяву, каб атрымаць пасведчанне аб нараджэнні.

Гінеколаг жаночай кансультацыі: «Хатнія роды — гэта нонсэнс!»

Пасля такіх пазітыўных расповедаў запыталася ў гінеколага раённай жаночай кансультацыі, як яна ставіцца да хатніх родаў.

— Хатнія роды — гэта нонсэнс! — лічыць Святлана, доктар з дваццацігадовым стажам. — Я лічу, што гэта памылка ўрачэй, якія вялі цяжарнасць. Гэта іх недагляд. Дома не разгорнеш аперацыйную. На маей практыцы нярэдка бываюць экстрэмальныя сітуацыі. Каго вы будзеце вінаваціць, калі згубіце і маці, і дзіця?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?