Старшынёй Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) зноў стаў Аляксандр Ярашук. Яго абранне адбылося на 8-мсправаздачна-выбарчым з’ездзе БКДП, які прайшоў 14 снежня ў Мінску.

На пасаду старшыні кангрэса, акрамя Ярашука, прэтэндаваў старшыня незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

Дэлегаты з’езда таксама вылучалі на гэтую пасаду прадстаўніка Беларускага незалежнага прафсаюза Аляксандра Каралёва. Аднак Каралёў скарыстаўся правам зняць сваю кандыдатуру і заклікаў галасаваць за Ярашука, падкрэсліўшы, што ён «больш вопытны і больш годны гэтай пасадзе чалавек».

У выніку тайнага галасавання 61 дэлегат з 98, якія ўзялі ўдзел у выбарах, аддалі свае галасы за Аляксандра Ярашука. За Генадзя Фядыніча прагаласавалі 37 прафсаюзных актывістаў.

Выступаючы пасля свайго пераабрання, Ярашук, які ўзначальвае БКДП з лістапада 2002 года, падзякаваў прысутным за аказаны давер. Ён выказаў задавальненне тым, што спрэчкі і рознагалоссі, якія выявіліся ў ходзе цяперашняга з’езду з нагоды дзейнасці БКДП, не прывялі да расколу кангрэса.

Падчас з’езду

прадстаўнікі прафсаюза РЭП выказвалі незадаволенасць тым, што БКДП не праявіў ініцыятывы і не ўдзельнічаў у арганізацыі і правядзенні апазіцыйных народных сходаў
(сустаршынёй аргкамітэта па іх правядзенні з’яўляецца Генадзь Фядыніч).

Аднак

Ярашук у сваім выступе на з’ездзе адзначаў, што БКДП — не палітычная арганізацыя і не ставіць перад сабой палітычных мэтаў.
Галоўная задача кангрэса — абарона правоў працоўных і рашэнне сацыяльна-эканамічных праблем.

БКДП быў створаны ў 1993 годзе. Гэта адзін з двух найбуйнейшых у Беларусі прафсаюзных цэнтраў, але калі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) падтрымлівае палітыку дзяржавы, то БКДП знаходзіцца ў апазіцыі да цяперашніх уладаў.

У склад кангрэса ўваходзяць чатыры арганізацыі — Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз металістаў, Свабодны прафсаюз Беларускі і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Такім чынам, БКДП налічвае каля 10 тысяч чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?