Бахарэвіч адмаўляе Купалу-ардэнаносца.

Пераходзіць на асобу аўтара ў публічным абмеркаванні мастацкіх твораў — прыкмета нявыхаванасці і кепскага тону. Тое, дзе ты жывеш і за якія сродкі, у гэтым кантэксце такі ж аргумент, як у колішнім Брылёвым абразку, дзе дзве вясковыя кабеты сварацца-сварацца, а калі ўжо словы сканчаюцца, задзіраюць спадніцы і свецяць адна адной голым азадкам.

Патрабаваць ад часопіса не друкаваць кагосьці, бо я яго не люблю — таксама адзнака кепскага тону, а да таго ж — таталітарнага мыслення, што ўласна і ёсць хунвэйбінства.

Але гэта антураж.

Што да сутнасці спрэчкі, дык возьмем яе «чыстую рэшту».

Бахарэвіч стварыў моцны і трагічны вобраз Каяна Лупакі. Прасцей кажучы, сказаў пра Купалу нешта новае і па-свойму. Больш у дыскусіі ніхто нічога новага ці па-свойму не сказаў.

Калі пра Купалу не казаць чагосьці новага і па-свойму, Купала памірае, а мёртвы Купала нікому нецікавы.

Можна колькі заўгодна цягаць ягоную мумію па школах і колькі заўгодна крычаць, што ён жывы, але хто паверыць, калі ўсе бачаць труп?
Лупака — вобраз удалы і трапны, бо ён падымаецца над канкрэтыкай і выходзіць за межы беларускай літаратуры, становіцца ўніверсальным. Гэта метафара страчанага натхнення, атрафаванага крэатыву, з чым сутыкаецца, мабыць, большасць літаратараў, «жыцьцёвы шлях прайшоўшы да паловы».
Муза ўжо даўно не прыходзіць, а што рабіць з заробленым сацыяльным статусам паэта, тым больш, народнага? Пачынае дакучаць інтымнае пытанне — ці я ўжо Лупака ці яшчэ Купала?

Купалу немагчыма «зменшыць» ніякім вобразам ці, калі заўгодна, прысудам, абразай, лаянкай, перакрэсліваннем. Пасмяротнае выпрабаванне, пра якое піша Міхась Скобла, можа быць толькі адно — выпрабаванне забыццём. Купалу можна толькі забыць, страціць да яго цікавасць. Калі ж казаць пра яго нешта новае і па-свойму (нават абсалютна няважна што), ён будзе рэальна жыць, быць патрэбным, выклікаць цікавасць.

Ніхто не мае на яго манаполіі і абаронцы яму непатрэбныя, яму патрэбныя крэатыўныя інтэрпрэтатары, дакладней, гэта ім яго трэба ўвесь час «будзіць». Ён дае ім на тое падставы.

Трэба моцна недаацэньваць Купалу, каб думаць, што ён «не вытрымае» Лупакі.
Купала-мумія сапраўды не вытрымае. А, скажам, мой
Купала толькі цешыцца на нябёсах, што дае натхненне сучасным творцам на такія вобразы.

Што да нацыянальнай еднасці і слабасці, дык

слабасць якраз ад некрэатыўнасці, ад заклікаў усім дудзець у адну дудку, а хто не дудзіць — той чужак.
Трэба паважаць творчасць іншага і, нават калі яна табе не падабаецца, падтрымліваць яго. Тады будзе еднасць і сіла перад тымі пагрозамі, што ідуць звонку культуры.

Тэкст Міхася Скоблы збудаваны на хібных пасылах.

Чаму для пісьменніка самае цяжкае выпрабаванне — пасмяротны поўны збор твораў? Хіба гэта не сведчанне запатрабаванасці творцы, калі нашчадкам патрэбны ўвесь ягоны свет? Памылкі вялікіх становяцца метафарамі і целам культуры гэтаксама, як і іх здабыткі.

Чаму, каму і ад каго трэба бараніць Янку Купалу? Ці хацеў бы Купала сабе такой абароны?

Чаму іншапланетная гідота ўжо не гідота?

Чаму радкі пра «глюгу звесіў» і «згніўшую калоду», напісаныя, каб выклікаць агіду, не мусяць яе выклікаць?

Чаму параўноўваць лукашызм са сталінізмам некарэктна?

Хіба расейскія пісьменьнікі не зазіраюць у «цёмныя каморы» сваіх класікаў?

Колькі разоў нашчадкі «перакрэслівалі» Дастаеўскага! І хіба ад Дастаеўскага з-за гэтага нешта адвалілася?

Чаму нельга перастаўляць склады ў псеўданіме, калі гэта мастацкі прыём?..

Словам, што ні сцверджанне, то пытанне. А галоўнае пытанне — ці гэта спрэчка за манаполію на Купалу? Адказ — так. І вось што самае важнае.

Манапалізаваць Купалу можна толькі ў выглядзе залачонай муміі. Тым часам Купала як сонца — у кожнага свой і адзін для ўсіх, яго не манапалізуеш.
На што, дарэчы, ніякім чынам не прэтэндуе, бо й не можа прэтэндаваць эсэ Бахарэвіча.

Тое, што беларусы ўсё менш ведаюць Янку Купалу, — не добра і не дрэнна. Гэта натуральна. Як натуральна праходзіць міма «цёмнай каморы», у якой манапалісты трымаюць сваю залачоную мумію бясконца дарагога ім паэта.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру