У сваім прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі Уладзіслаў Кавалёў, які прысуджаны за саўдзел у тэракце ў мінскім метро да смяротнай кары, не прызнае сябе вінаватым. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго маці.
Паводле слоў Любові Кавалёвай, «Улад не прызнае віны, настойвае на тым,
што ён не мае дачынення да гэтага злачынства, гаворыць, што яго рукі не ў крыві і што ён чысты перад людзьмі».
Маці Уладзіслава Кавалёва таксама сказала, што яе сын разам з адвакатам збіраліся пісаць і наглядную скаргу.
Нагадаем, 14 снежня намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук паведаміў журналістам, што прашэнне аб памілаванні прэзідэнту накіраваў толькі Уладзіслаў Кавалёў. Прашэння ад Дзмітрыя Канавалава не было. Наглядных скаргаў яшчэ не паступала.