20-годдзе развалу СССР стала ў апошнія тыдні тэмай цэлай серыі міжнародных канферэнцый у розных краінах.
Ад дыскусій засталося цікавае ўражанне — іх танальнасць мяняецца. Раней пераважала ўрачыстасць у спалучэнні з задавальненнем і ўпэўненасцю ў тым, што ўсё, што здарылася, было заканамерна. Цяпер усё часцей гучыць іншая думка: а чаму Савецкі Саюз распаўся? Гэта значыць, набор аб’ектыўных перадумоваў добра вядомы, але ўсё-ткі чаму менавіта тады і менавіта так? Перамена досыць сімвалічная.

Чым больш часу праходзіць пасля знікнення СССР і чым далей наступствы гэтай падзеі ад чаканняў дваццацігадовай даўніны, тым больш пытанняў што да ўсёй гэтай супярэчлівай эпохі.

У Расіі любое абмеркаванне 1991 прыводзіць да вонкавага фактару, гэта значыць, заходняга ўплыву.

Ці хацеў Захад (перш за ўсё, вядома, ЗША) распаду Савецкага Саюза? Хутчэй за ўсё, не — з адной прычыны: аж да апошняга этапу савецкай гісторыі ніхто сур’ёзна не мог паверыць, што такое наогул магчыма.

Рональд Рэйган быў перакананым і вельмі агрэсіўным праціўнікам СССР. Як успамінаюць усе яго паплечнікі, барацьбу супраць камунізму ён лічыў абавязкам хрысціяніна. Комплексная стратэгія падрыву савецкай моцы ахоплівала шырокі спектр мераў — ад падтрымкі антысавецкіх і антыкамуністычных рухаў па ўсім свеце і мабілізацыі ўсіх прапагандысцкіх рэсурсаў да зніжэння сусветнай цаны на нафту, каб пазбавіць Крэмль даходаў.

Сярод яркіх выказванняў, якімі славіўся Рэйган, ёсць і такое: «Наша стратэгія ў дачыненні да Савецкага Саюза простая: мы перамагаем, яны прайграюць».

Аднак нават Рэйган не мог і марыць пра такую зруйнавальную перамогу, як поўная ліквідацыя галоўнага праціўніка.
Бо само сабой разумелася, што Амерыцы супрацьстаіць неверагодна магутны і небяспечны вораг. Такое ўяўленне падсілкоўвалі і «сілавікі», якія, зацікаўленыя ў асігнаваннях, ахвотна перабольшвалі сілу Савецкага Саюза. Не выпадкова ўсе дзевяностыя гады ў ЗША кіпелі спрэчкі аб тым, чаму ЦРУ правароніла прыкметы хуткага краху камунізму.

Вядома, Рэйган і яго дарадцы разумелі ўразлівасць савецкай эканомікі, адгэтуль і план змовы з Саудаўскай Аравіяй, і раскручванне гонкі ўзбраенняў з элементамі адкрытага блефу накшталт «зорных войнаў». Але гаворка перш за ўсё ішла пра тое, каб прымусіць Маскву да стратэгічных саступак. Да канца першага тэрміну прэзідэнцтва (1984) Рэйган у цэлым выканаў праграму нагнятання напружанасці і быў гатовы перайсці да наступнай фазы — перамоваў і ўсталявання балансу на новым, больш выгадным для ЗША ўзроўні. Тым больш што на другі тэрмін Рэйгана ў Крамлі з’явіўся новы суразмоўца — Міхаіл Гарбачоў.

Гарбачова прынята папракаць у тым, што практычна з самага пачатку ён пачаў «зліваць» пазіцыі, ідучы на неапраўданыя саступкі амерыканцам. Аднак з Рэйганам Гарбачоў размаўляў на роўных. Дэградацыя прыпала ўжо на перыяд прэзідэнцтва Джорджа Буша-старэйшага. Калі Рэйган, кансерватар да мозгу касцей, заставаўся ідэалістам і па-свойму верыў у партнёрства з дэмакратычным Савецкім Саюзам, то Буш кіраваўся выключна прынцыпамі рэалізму: суадносіны сіл вышэйшыя за ўсё. З гэтага лагічна вынікала, што Маскву трэба даціскаць, калі ўжо з нейкіх сваіх прычынаў (для Вашынгтона не важна, якіх) яна ідзе на сур’ёзнае ўзаемадзеянне.

Спісваць усё выключна на ідэалізм, наіўнасць альбо нават здраду тагачаснага савецкага кіраўніцтва, як гэта часта робяць сёння, — шукаць занадта лёгкіх тлумачэнняў.
Проста да 1989–1990 гадоў каманда Гарбачова (не факт, дарэчы, што ён сам) ужо адчувала тое, чаго ў поўнай меры яшчэ не ўсвядомілі на Захадзе. Краіна трашчала па швах, збольшага з аб’ектыўных прычынаў, праз памылкі саюзнай цэнтра. Апошняму даводзілася дзейнічаць навыперадкі з ростам крызісу. І курс на паскоранае скіданне замежнапалітычнага цяжару (спыненне сістэмнай канфрантацыі, роспуск сацлагера, аб’яднанне Германіі і інш.) быў закліканы развязаць рукі, выйграць час і рэсурсы для вырашэння ўсё больш фатальных унутраных праблем.
Было гэта правільным падыходам або памылковым — пытанне іншае, вынік не дазваляе казаць пра поспех.

У Амерыцы гэтыя ж праблемы доўга ацэньвалі як менш фатальныя, і гатоўнасць Масквы ісці так далёка насустрач выклікала нават падазрэнні. Выхаваныя ў традыцыях балансу, Джордж Буш і яго аднадумцы накшталт дзяржсакратара Джэймса Бэйкера і памочніка па нацыянальнай бяспецы Брэнта Скаўкрофта працягвалі з недаверам ставіцца да гіпотэзаў аб савецкім заняпадзе нават тады, калі ён стаў відавочным. Знакамітая прамова Буша 1 жніўня 1991 у Кіеве, дзе прэзідэнт перасцерагаў украінцаў ад «самагубнага нацыяналізму» і казаў пра небяспеку незалежнасці, лічыцца прыкладам палітычнай блізарукасці. (Дарэчы, чытаючы гэты выступ сёння, дзівішся якраз іншаму — наколькі сапраўды Буш прадбачыў будучую праблему постсавецкай прасторы, дзе незалежнасць амаль нікому не прынесла сапраўднай волі). Пасля жнівеньскага путчу ўжо немагчыма было рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, аднак і тады разуменне асуджанасці Савецкага Саюза разумелася не адразу, занадта кардынальны злом звыклага светабудовы гэта азначала.

Адзін знакаміты расійскі дыпламат, які працаваў у той час на амерыканскім напрамку, здзівіў мяне, адказваючы на пытанне, калі ў Вашынгтоне канчаткова паверылі ў знікненне СССР: «Паводле маіх адчуванняў, — сказаў ён, — дзесьці да восені 1992 года».

Некалькі месяцаў амерыканцы яшчэ падазравалі, што СНД — нешта накшталт пераходнай формы, якая можа трансфармавацца ў рэінкарнацыю адзінай дзяржавы…

Вядома, акрамя рэалістаў у амерыканскай вярхушцы былі і іншыя людзі, якія яшчэ пры жыцці СССР пачалі меркаваць, як будзе выглядаць жыццё без саветаў, а то і без Расійскай Федэрацыі ў яе адміністрацыйна прызнаных межах. Яны групаваліся вакол міністра абароны Дзіка Чэйні, пасля віцэ-прэзідэнта і нефармальнай правадыра неакансерватараў. Аднак афіцыйная палітыка зыходзіла з непасрэднага атачэння Буша, якое вельмі трывожылі перспектывы распаўзання савецкага ядзернага арсенала і наогул маштабная дэстабілізацыя Еўразіі ў выпадку знікнення структурастваральнай дзяржавы.

Чэйні і яго паплечнікі атрымалі магчымасць рабіць тое, што лічылі патрэбным, праз дзесяцігоддзе. Прычым адсутнасць глабальных катаклізмаў, якіх асцярожныя «старэйшыя бушысты» асцерагаліся ў сувязі з распадам Саюза, неакансерватары вытлумачылі па-свойму: усё нармальна, трэба быць адважнейшымі. Вынік таксама кажа сам за сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?