Напярэдадні 30-х угодкаў увядзення ваеннага становішча ў Польшчы мы з жонкай абмяняліся згадкамі, як мы правялі той памятны дзень — 13 снежня 1981 года.

Вайна

Жонка тады была студэнткай першага курса польскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, я быў студэнтам пятага курса фізікі. Яна жыла ў інтэрнаце па правы бок Віслы, наш студэнцкі дом стаяў па левы бок. Мы тады былі з ёю знаёмыя, хоць пакуль яшчэ цалкам павярхоўна.

У канцы 1981 года практычна ўсе студэнты-беларусы з Падляшша ў Варшаве былі згуртаваныя ў сябрыне, якая называлася БАС (Беларускае аб’яднанне студэнтаў). БАС узнік у першай палове таго года як першая незалежная беларуская арганізацыя ў пасляваеннай камуністычнай Польшчы. Мы падалі на афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрства вышэйшай адукацыі, але камуністы летам, падчас вакацый, адмовілі нам. Яны не хацелі, каб нейкія беларусы арганізацыйна выслізнулі з-пад кантролю спецслужбаў. У беларускай меншасці ў Польшчы была тады толькі адна арганізацыя — Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ) — якой кіравалі лялькаводы з МУС. Вось дзядзькі з Міністэрства вышэйшых школаў, адмаўляючы нам у рэгістрацыі студэнцкай беларускай арганізацыі, сказалі па сутнасці выразна — ідзіце і развівайце сваю беларускасць у БГКТ, то бок пад вокам спецслужбаў.

Але мы туды не пайшлі.

Запушчаны махавік беларускага жыцця сярод студэнтаў набіраў абароты. У кастрычніку або лістападзе 1981 года старэйшыя студэнты БАСа арганізавалі для першакурснікаў з Падляшша, паводле ўзору з жыцця польскіх студэнтаў, гэтак званыя беларускія «атрэсіны» — цырымонію прыняцця ў студэнцкія рады пасля некалькі гадзін жартаўлівых здзекаў і выпрабаванняў, якім гэтыя першакурснікі былі паддадзеныя ў клубе БГКТ у Варшаве. Восенню 1981-га мы таксама зрабілі першы крок у кірунку заснавання студэнцкай выдавецкай справы — выпусцілі два інфармацыйныя лісткі пад назвай «Апошнія паведамленні». Першы лісток размножылі нам у колькасці 50 ксеракопій у Варшаўскім універсітэце, другі — на нейкім ксераксе Службы бяспекі (у аднаго студэнта з Падляшша дзядзька быў палкоўнікам СБ, і я як нефармальны лідар БАСа цынічна вырашыў выкарыстаць гэтае знаёмства). А трэці выпуск «Апошніх паведамленняў» мы занеслі ў галоўную сядзібу Незалежнага згуртавання студэнтаў (арганізацыі, якую камуністы былі прымушаныя зарэгістраваць у лютым 1981 года пасля працяглых і масавых страйкаў у польскіх універсітэтах). Хлопцы з НЗС абяцалі зрабіць нам 100 ксеракопій на панядзелак, 14 снежня. Але 13 снежня, у нядзелю, генерал Войцех Ярузэльскі аб’явіў ваеннае становішча, і НЗС, разам з «Салідарнасцю» і ўсім іншым, падпала пад забарону. Усе паперыны, якія былі ў сядзібе НЗС, разам з нашым кірылічным лістком, трапілі ў лапы Службы бяспекі.

Дзень 13 снежня 1981 года я правёў, раз’язджаючы па студэнцкіх інтэрнатах у Варшаве і правяраючы, ці ўсе нашы студэнты з Падляшша не пацярпелі ў «першы дзень вайны» і не маюць праблемаў з выездам дадому. Камуністы, выводзячы на вуліцы танкі і бронетранспарцёры супраць свайго народа, распарадзіліся, каб усе студэнты выехалі дахаты. Зрабілі нам прымусовыя вакацыі.

Мала што засталося ў памяці ад вечара 13 снежня. Прымкнуўшы да адной роты польскіх знаёмых з інтэрнату, я напіўся ўдрызг пад акампанемент патрыятычных вершаў ды выбухаў дзявочага плачу і апакаліптычных прароцтваў, што вось Польшчы ўрэшце надышлі капцы. Некаторыя з дзяўчат падалі ў істэрыку, і трэба было іх ратаваць. То бок на фронце як на фронце. Толькі прачнуўшыся ранкам у панядзелак у траншэі свайго пакоя, я разгледзеў дакладна, з кім працягваў змаганне пасля таго, як рота, так бы мовіць, раздзялілася на ўзводы і залягла на стралковых пазіцыях.

Сам я падаўся на Беласточчыну ў аўторак, раніцай 15 снежня, калі канчаткова ўпэўніўся, што генафонд беларускай будучыні ў Варшаве не пацярпеў ніякіх стратаў. Прыехаў у Беласток сюррэалістычным цягніком, набітым людзьмі, якія не адзываліся адзін да аднаго. Няйначай, баяліся шпіёнаў і дыверсантаў. Па цягніку шнарылі патрулі, складзеныя са спецназаўцаў МУС (гэтак званае ZOMO) і жаўнераў рэгулярнай арміі з аўтаматамі. Час ад часу яны правяралі пропускі (мне таксама, каб прыехаць з Варшавы ў вёску Ляхі на Падляшшы, выдалі пропуск у адміністрацыі студэнцкага інтэрната). Я дайшоў на свой родны хутар познім вечарам, застаўшы бацьку і сябра майго дзяцінства Колю за саліднай бутляй самагонкі і кумпяком. Яны абмяркоўвалі палітычную сітуацыю. Брату Аляксандру было тады 15 гадоў, і бацька яшчэ не дапускаў яго да дыскусій аб палітыцы. Я прысеў да стала і выклаў свой погляд на падзеі. Маці, пашарэлая з твару, увесь астатак вечара глядзела на мяне дакорлівым позіркам: чаму не прыехаў у нядзелю, мы думалі, ты ўжо там даўно нежывы…

У тэлевізары паказвалі наогул навіны з дыктарамі ў вайсковай форме і прапагандысцкія перадачы пра «Салідарнасць», якая нібыта хацела дэстабілізаваць краіну і праліць кроў.
Недзе ў палове студзеня, позна вечарам, паказалі перадачку аб Незалежным згуртаванні студэнтаў. Паказалі і архіў НЗСа, захоплены Службай бяспекі. Наш лісток «Апошнія паведамленні Н-р 3», дзе мы пісалі пра супольныя спевы і танцы, на якіх хлопцам з Падляшша можна было паціскаць сваіх дзяўчат, камуністычныя прапагандысты акрэслілі як адну з падрыўных лістовак, якія НЗС выдаваў на мовах суседніх з Польшчай народаў, каб дэстабілізаваць сітуацыю і там. Карацей, наш БАС трапіў у лік ворагаў сацыялізму не толькі ў Польшчы, але і БССР. Зразумела, я нічога не сказаў пра гэтую перадачку бацькам.

Неўзабаве пасля майго вяртання ў Варшаву мяне выклікалі на допыт у Службу бяспекі, галоўны офіс якой знаходзіўся ў цэнтры польскай сталіцы ў гэтак званым Палацы Мастоўскіх. Але афіцэр, які вёў маю справу, не надта цікавіўся маёй дзейнасцю ў БАСе. Яны і так пра яе ўсё ведалі, бо, па-першае, мы нічога не хавалі, а па-другое, у нашай арганізацыі было дастаткова стукачоў, пра некаторых з якіх ведалі не толькі яны, але і мы. А таму гульня ў падполле не мела ніякага сэнсу. Афіцэр задаў мне адно ці два пытанні наконт таго, ці ведаю я, адкуль да мяне прыходзяць падпольныя бюлетэні «Беларускія дакументы» (іх, пры падтрымцы «Салідарнасці», потайкам выпускаў Сакрат Яновіч), і адразу развітаўся. Я зразумеў, што мне ў Службе бяспекі завялі маю персанальную тэчку, і чэкіст, якому далі заданне сачыць за беларускім студэнцкім рухам, захацеў проста пабачыць у твар лідара гэтага руху.

Гэта было маё адзінае сутыкненне са Службай бяспекі камуністычнай Польшчы. Я ніяк не магу сябе лічыць ахвярай пераследу, а таму я не магу на гэтай падставе запатрабаваць доступу да маёй персанальнай тэчкі. Аднак потым у Польшчы прынялі закон, які дазваляе заглянуць у тэчкі не толькі ахвярам камуністычнага пераследу, але і навукоўцам ды журналістам. Але я ўсё яшчэ вагаюся — скарыстацца гэтым правам ці махнуць рукой? Пра свае ваганні я сказаў Аляксандру Лукашуку, які замест таго каб іх развеяць, толькі ўзмацніў. Добра падумай, Ян, ці сапраўды табе будзе лепш, калі ты дазнаешся, хто на цябе стукаў і падаваў інфармацыю, больш-менш так сказаў мне дырэктар беларускай службы Радыё Свабода. Мудрасць, верагодна, часам палягае і ў тым, каб выбіраць, што ведаць, а што не… Я і дасюль не наважыўся напісаць просьбу пра дазвол заглянуць у маю тэчку…

Нацыяналізм

Беларусы на Беласточчыне ўспрынялі ўвядзенне ваеннага становішча з палёгкай, як думаю, амаль паўсюднай.

Справа ў тым, што «Салідарнасць», разам з надзеяй на дэмакратызацыю жыцця ў краіне, падняла і вялікую хвалю польскага нацыяналізму. Агульная нянавісць да саветаў, «рускіх» і «кацапаў» пераносілася ў значнай ступені і на беларускую нацменшасць на Падляшшы, у якой палякі бачылі перш за ўсё апору камуністычнай улады, а не братні народ з несавецкай культурай і менталітэтам.

Службе бяспекі на Падляшшы не трэба было шмат старацца, каб супрацьставіць праваслаўных беларусаў каталіцкім палякам.

У народ запусцілі чутку, што каталікі ў Бельску і Гайнаўцы стаўляюць на дзвярах сваіх праваслаўных суседзяў знакі праваслаўнага крыжа, каб лягчэй было ідэнтыфікаваць «рускіх», калі надыдзе дзень расплаты. І гэтага хапіла аж надта.

Адасобленасць рэлігійнай лацінскай і візантыйскай традыцыі на Падляшшы існавала з незапамятнага часу. Да яе дайшла незагойная памяць разні, якую ў праваслаўных вёсках на Беласточчыне (між іншым, Заляшаны, Зані) неўзабаве пасля ІІ сусветнай вайны ўчыніла польскае нацыяналістычнае падполле, якое выводзілася з Арміі Краёвай. А таму не толькі я, але бадай ці не ўсе мае калегі з БАСа ў такой ці іншай форме чулі ад сваіх бацькоў, калі мы выпраўляліся ў гарадское жыццё, нейкія такія словы: асцерагайся палякаў, жаніся толькі са сваёй дзяўчынай (выходзь замуж толькі за свайго хлопца) і не лезь у палітыку. Гэта народная мудрасць, закадаваная на генетычным узроўні.

Каб выжыць, меншасці трэба гета. І генетычнае, і культурнае. Няма іншага паратунку.

І трэба яшчэ свая зямля, не ў метафарычным, а ў наўпростым сэнсе. Як зямля для Міхала ў «Новай зямлі» Якуба Коласа. Пра гэта неяк мне сказаў мой калега Пятро з Падляшша, з якім у 1981 годзе мы арганізавалі БАС і думалі над нашым паратункам. Запомнілася на ўсё жыццё. Мы на Беласточчыне застанемся датуль, казаў Пятро, пакуль зямля нашых бацькоў будзе належаць нам, іх нашчадкам. А таму, Ян, не прадавай бацькавай зямлі палякам, нават калі не будзеш на ёй гаспадарыць.

Я не прадаў бацькавай зямлі. Мы з братам — юрыдычныя ўласнікі 12 гектараў родавай зямлі, якая ляжыць аблогай і парастае маладым лесам. Яна не дае плёну, але гэта нашая зямля, беларуская.

Пятро пасля вышэйшай школы ў Варшаве вярнуўся ў родную вёску, узяў бацькаву гаспадарку ў свае рукі. Я нядаўна пабываў у яго ў гасцях. У яго трое дзяцей, як і ў мяне. Яны, як і мае, гавораць па-падляшску, то бок на мове нашых бацькоў і дзядоў. Мы пажаніліся са сваімі дзяўчатамі, мы маем сваю зямлю і мы ўсё яшчэ змагаемся за сваё гета. Магчыма, гэтага хопіць на самаапраўданне…

Калабарацыянізм

Пасля ўвядзення ваеннага становішча ўся арганізацыйна дзейнасць у беларускім студэнцкім руху спынілася. Мы былі заслабыя, каб бавіцца ў нейкае падполле, як хлопцы з забароненага НЗСа. Нам трэба было прыдумаць нешта іншае, каб не растраціць той беларускі патэнцыял, які мы назбіралі за няпоўны год да «вайны». Як мы тады ацэньвалі, у польскіх вышэйшых школах магла быць і тысяча нашых студэнтаў. У чэрвені 1981 года, калі я прыехаў на сходку беларускіх студэнтаў у Беластоку, я ледзь не абамлеў, убачыўшы дзьве сотні студэнтак-беларусачак, якія аж пішчалі, каб пазнаёміцца са сваімі хлопцамі. Іх, зразумела, бацькі таксама настаўлялі наконт таго, за каго трэба выходзіць замуж, а за каго не…

Восенню 1982 года камуністы пачалі арганізоўваць новую агульнапольскую студэнцкую арганізацыю, каб замяніць Сацыялістычны саюз польскіх студэнтаў, да якога ніхто ўжо не хацеў належаць, акрамя штатных функцыянераў.

Я вырашыў, што каб не растраціць наш «генафонд будучыні», беларускаму студэнцкаму руху трэба падчапіцца да гэтай нібыта новай арганізацыі, каб, па-першае, знайсці цалкам афіцыйную шапку для сваёй дзейнасці, а па-другое, знайсці крыніцу фінансаў на ўсе студэнцкія імпрэзы, на якіх так зручна знаёміцца сваім хлопцам са сваімі дзяўчатамі. Разам са студэнтамі-ўкраінцамі і студэнтамі-літоўцамі мы пралезлі чорным ходам на ўстаноўчы з’езд той нібыта новай арганізацыі і пралабіявалі ў запісе яе статуту фінансаванне і падтрымку для студэнцкіх групаў з нацменшасцяў. На падставе гэтага запісу я давёў да рэгістрацыі гэтак званай Рады культуры студэнтаў беларускай нацыянальнасці ў Варшаве як часткі Саюза польскіх студэнтаў; потым гэтым следам пайшлі студэнты-беларусы ў Беластоку і Ольштыне. Мы атрымалі крыніцу фінансавання ўсялякіх студэнцкіх рэйдаў і лагераў на Беласточчыне, якія спрычыніліся не толькі да падмацавання нацыянальнага духу, але і дэмаграфічных паказнікаў беларускай меншасці…

Мне яшчэ ўдалося заснаваць беларускі студэнцкі часопіс «Сустрэчы» і выдаць, усё яшчэ ў ваенным становішчы, два нумары, у колькасці 1500 асобнікаў кожны. Адчуваеце, які ў нас тады быў патэнцыял? Як жа мне было адмовіцца ад калабарацыянізму з камунізмам?

Пра віяланчэль

Дык вось, расказаўшы збольшага жонцы, што я рабіў 13 снежня 1981 года ўдзень і спаслаўшыся на частковае забыццё таго, што насамрэч адбывалася ўвечары і ноччу, я выслухаў і яе згадку. Аказваецца, удзень, калі на вуліцах з’явіліся танкі і салдаты з аўтаматамі, яна з некалькімі калегамі-каталікамі паехала ў царкву, каб паказаць ім праваслаўную літургію. А вечарам яны напіліся ўдрызг у інтэрнаце, нехта чытаў патрыятычныя вершы, дзяўчаты плакалі і істэрычна смяяліся, а адна дзеўка ўвесь час грала на віяланчэлі… Я ўжо не помню, чым уся гэтая фантасмагорыя закончылася, сказала мне жонка. Як вы разумееце, я асабліва і не настойваў на высвятленні ўсіх дэталяў… Гэта называецца мудрасць ці неяк так…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?