Бяляцкаму сядзець чатыры з паловай года.
Польшча будзе падтрымліваць праваабаронцу Алеся Бяляцкага ў якасці кандыдата на Нобелеўскую прэмію міру. Пра гэта піша польскае агенцтва ПАП са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы ў Польшчы і Швецыі.
— Міністэрства замежных справаў мяркуе, што гэта вельмі добры кандыдат. Мы зробім крокі, каб зацікавіць ім Нобелеўскі камітэт, — заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Польшчы Марцін Басацкі.
Ён не захацеў раскрываць падрабязнасці гэтай справы. Крыніцы ПАП адзначаюць, што дыпламатычныя захады ў гэтым пытанні будуць далікатнымі — Нобелеўскі камітэт не ўспрымае лабізму. Агенцтва не ўдакладняе, якой будзе польская падтрымка кандыдатуры і ці міністр Сікорскі асабіста вылучыць Бяляцкага.
У Швецыі кажуць, што вылучэнне Бяляцкага разам падтрымаюць Польшча і Літва.
Беларускія спецслужбы «развялі» абедзве гэтыя краіны, атрымаўшы ад іх банкаўскія рэквізіты Бяляцкага. На тыя рахункі Бяляцкі збіраў грошы для падтрымкі рэпрэсаваных. Лукашэнкаўцы арыштавалі яго, звінаваціўшы ў нясплаце падаткаў. Яго асудзілі на 4,5 года, прычым строгага рэжыму, а на ягоную маёмасць наклалі арышт. Самае каштоўнае ў ягонай маёмасці — кватэра ў цэнтры Мінска, у якой працавалі праваабаронцы.
Сам Аляксандр Лукашэнка лічыць прысуд Алесю Бяляцкаму гуманным. «Дзякуй богу, што не ў Амерыцы, — за такія грошы мог бы атрымаць не 4,5 (гэта амаль самая нізкая мяжа), а 17 гадоў, і доўга адтуль б не вылез», — пракаментаваў Лукашэнка прысуд.
У кастрычніку 29 грамадскіх дзеячоў з Беларусі і свету ўтварылі «Камітэт Бяляцкага».Да Аргкамітэта далучыўся шэраг знакавых асобаў з розных краін. Сярод іншых, гэта расійская праваабаронца Людміла Аляксеева, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла, рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Анатоль Міхайлаў.
Пазней
да Камітэта Бяляцкага далучыўся і былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, які мае вялікі міжнародны аўтарытэт.
Бяляцкага някепска ведалі ў свеце, бо ён быў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. У Беларусі Бяляцкі належаў да групы, якая першай распачала змаганне за незалежнасць краіны ў глыбокім падполлі, у пачатку 1980-х. У 1990-м яго абралі дэпутатам Мінскага гарсавета. У 90-я ён адышоў ад палітыкі і заснаваў праваабарончы цэнтр «Вясна», які дапамог тысячам рэпрэсаваных.
Тэрмін вылучэння кандыдатур на Нобелеўскую прэмію міру сканчаецца 31 студзеня.
Непасрэдна
намінаваць на прэмію могуць толькі некалькі канкрэтных катэгорый людзей: дэпутаты парламентаў, міністры, лаўрэаты мінулых гадоў і прафесары палітычных навук.Менавіта на волю гэтых людзей спадзяюцца ў Аргкамітэце. У прыватнасці, кіраўнік Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч заклікаў усіх беларусаў выкарыстаць свае сувязі і кантакты, каб забяспечыць Бяляцкаму якнайбольшую колькасць намінатараў.
Раней пра сваё рашэнне вылучыць Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію абвесціў міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс.
Пакуль невядома, ці намінуюць Бяляцкага таксама шведы.Удзел Швецыі ў вылучэнні быў бы важным аргументам для Нобелеўскага камітэта.