Беларускія ўлады свядома паварочваюцца спінай да Еўропы і яе каштоўнасцяў. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі пасяджэння палітычнага камітэта Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ), якое прайшло 15 снежня ў Страсбургу.

Як паведамілі ў прэс-службе ПАРЕ, на пасяджэнні абмяркоўвалася справаздача дакладчыка ПАРЕ па Беларусі Андрэса Херкеля і праект рэзалюцыі, якія будуць выносіцца на абмеркаванне студзеньскай сесіі асамблеі.

Камітэт выказаў глыбокую занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека, грамадзянскімі і палітычнымі правамі ў Беларусі.

На думку камітэта, санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да афіцыйнага Мінска павінны захоўвацца і нават узмацняцца датуль, пакуль не будуць вызваленыя палітзняволеныя, не спыніцца ціск і пераслед палітычнай апазіцыі, незалежных СМІ і праваабаронцаў.

Апрача таго, кантакты на высокім узроўні ПАРЕ з беларускімі ўладамі не павінны быць адноўлены да ўвядзення ў Беларусі мараторыя на смяротную кару. Да гэтага моманту павінна заставацца замарожанай і заяўка Беларусі на вяртанне беларускаму парламенту статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАРЕ.

Разам з тым палітычны камітэт асамблеі лічыць неабходным узмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і дэмакратычных сіл Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?