Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які зараз знаходзіцца ў ізалятары Жодзіна, чытае кнігі і вучыць англійскую мову. Пра гэта 15 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла праваабаронца Таццяна Равяка.

Равяка атрымала са следчага ізалятара ў Жодзіне паштоўку ад Бяляцкага, датаваную 6 снежня. Гэта пакуль адзіная паштоўка, атрыманая паплечнікамі Бяляцкага пасля яго пераводу з Мінска.

«Ён піша, што ў яго няма ні газет, ні тэлебачання, усё гэта засталося ў СІЗА № 1 у Мінску на Валадарскага. Цяпер ён толькі чытае кнігі і вучыць англійскую мову. Усіх віншуе з Міжнародным днём правоў чалавека, які прайшоў 10 снежня», — паведаміла праваабаронца.

Равяка была вельмі здзіўлена зваротным адрасам на паштоўцы. «Там напісана, што яго адрас: Жодзіна, вуліца Савецкая, дом 22-а, к. 212. Асабліва мяне ўразіла гэта „к. 212“. Нібыта Бяляцкі жыве не ў камеры 212, а ў кватэры 212», — сказала яна. Праваабаронца адзначыла, што Бяляцкі піша лісты на вельмі прыгожых паштоўках.

«Пазітыў ён не губляе. Ён не губляе яго ніколі — за 20 гадоў, што мы разам працуем», — сказала Равяка.

«Пра ўмовы ўтрымання ў жодзінскім ізалятары нічога не гаворыцца. Калі б былі нейкія праблемы з умовамі ўтрымання або з чымсьці іншым, то ён бы напісаў і мы б пра гэта ведалі», — мяркуе Равяка.

***

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі 24 лістапада быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?