У Мінску зноў затрыманы лідар аргкамітэта па стварэнні Нацыянал-бальшавіцкай партыі Яўген Контуш. Пра гэта БелаПАН паведаміў прадстаўнік аргкамітэта Дзмітрый Сіняк.

Контуш абвінавачваўся ў дробным хуліганстве ў сувязі з акцыяй, праведзенай невядомымі 3 снежня каля будынка Белтэлерадыёкампаніі. Ён ужо затрымліваўся 6 снежня. 9 снежня суд Першамайскага раёна прызнаў, што матэрыялы ў дачыненні да яго не адпавядаюць сапраўднасці, і адправіў іх на дапрацоўку.

«Сёння раніцай Контуш адправіўся ва УУС Першамайскага раёна, каб закрыць справу. Аднак ва УУС яго затрымалі. Супрацоўнікі міліцыі зноў адвезлі яго ў суд Першамайскага раёна.

Гэтым разам яго абвінавачваюць у дачы заведама падманных паказанняў. Справа ў тым, што Контуш адмовіўся паведаміць, хто выліў вядро з локшынай да ўваходу ў будынак Белтэлерадыёкампаніі»,
 — сказаў Сіняк.

Паводле яго слоў, Контуш ужо зтэлефанаваўся са сваім адвакатам.

***

Раніцай 3 снежня трое маладых людзей правялі акцыю пратэсту каля будынка Белтэлерадыёкампаніі па вуліцы Макаёнка ў Мінску — яны вылілі на ганак каля цэнтральнага ўваходу ў будынак вядро з локшынай і раскідалі ўлёткі. Ва ўлётках ад імя беларускіх нацыянал-бальшавікоў гаворыцца, што «найпершая задача журналіста — гарантаваць людзям атрыманне праўдзівай і дакладнай інфармацыі шляхам адлюстравання аб’ектыўнай рэчаіснасці». Аўтары ўлёткі нагадваюць, што «пра гэта абвяшчае прынцып вернасці журналіста аб’ектыўнай рэчаіснасці, адзін з Міжнародных прынцыпаў прафесійнай этыкі журналіста, прынятых у Парыжы 20 лістапада 1983 года».

«На жаль, журналістам і супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі гэтыя прынцыпы ніколі не былі знаёмыя. Беларускае тэлебачанне заўсёды славілася адкрыта замоўленымі, палітычна ангажаванымі рэпартажамі, якія выклікаюць то смех, то здзіўленне. Няўмелы рэбрэндынг назваў тэлеканалаў не змяніў іх сутнасці. Пасля змены шыльды БТ усё гэтак жа і засталося сферычным тэлебачаннем у вакууме. Але хопіць! Ешце самі сваю локшыну, мы хочам атрымліваць праўдзівую інфармацыю пра аб’ектыўную рэчаіснасць!» — гаворыцца ў звароце да БТ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?