Дзмітрый Канавалаў, прыгавораны да смяротнай кары за тэрарызм, пакуль не падаваў прэзідэнту прашэнне аб памілаванні. Аб гэтым паведамілі ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Калі прашэнне аб памілаванні ён так і не падасць, то аб гэтым будзе складзены адпаведны акт, які таксама будзе накіраваны кіраўніку дзяржавы, сказаў суразмоўца агенцтва.

Паводле звестак БелаПАН, прыгавораны да смяротнай кары за саўдзел у тэрарызме Уладзіслаў Кавалёў атрымаў копію прыгавору 6 снежня. Адпаведна можна меркаваць, што ў гэты ж дзень атрымаў яе і Канавалаў. Прадастаўлены ім 10-дзённы тэрмін для накіравання прэзідэнту хадайніцтваў аб памілаванні заканчваецца 16 снежня. Кавалёў падаў прашэнне аб памілаванні 7 снежня.

Парадак ажыццяўлення памілавання вызначаны палажэннем, якое было зацверджана ўказам прэзідэнта № 250 ад 3 снежня 1994 года. У адпаведнасці з гэтым дакументам у выпадку з Канавалавым і Кавалёвым п

амілаванне асуджаных можа быць ажыццёўлена ў выглядзе замены смяротнай кары пажыццёвым зняволеннем. Памілаванне ажыццяўляецца па асабістых хадайніцтвах асуджаных.
Яны разглядаюцца толькі пасля ўваходжання прыгавораў у законную сілу.

Прэзідэнт акрамя хадайніцтваў аб памілаванні разглядае матэрыялы ў дачыненні да асоб, асуджаных на смяротную кару, якія не хадайнічаюць аб памілаванні, а таксама прадстаўленні старшыні Вярхоўнага суда або генеральнага пракурора аб прымяненні памілавання да асоб, асуджаных на смяротную кару.

У адпаведнасці з палажэннем, хадайніцтвы аб памілаванні падаюцца асуджанымі праз адміністрацыю папраўчай установы або іншага органа, які выконвае пакаранне або іншыя меры крымінальнай адказнасці, якія на працягу месяца з дня падачы гэтых хадайніцтваў накіроўваюць іх на разгляд прэзідэнта. Да хадайніцтваў павінны быць прыкладзены копіі прыгавораў, пастаноў судоў, падрабязныя характарыстыкі і іншыя дакументы і звесткі, якія маюць значэнне для разгляду пытання аб памілаванні.

Асобы, асуджаныя на смяротную кару, могуць звярнуцца з хадайніцтвам аб памілаванні да прэзідэнта на працягу 10 сутак з дня ўручэння ім копіі прыгавору. Калі асуджаны на смяротную кару не падасць у названы тэрмін хадайніцтва аб памілаванні або заявіць аб сваім нежаданні звяртацца з такім хадайніцтвам, аб гэтым складаецца акт. Хадайніцтва або акт накіроўваецца прэзідэнту не пазней за трохдзённы тэрмін з дня прыёму хадайніцтва ад асуджанага або складання акта. Выкананне прыгавору ў дачыненні да асобы, асуджанай на смяротную кару, прыпыняецца да разгляду хадайніцтва аб памілаванні або матэрыялаў аб адмове ад падачы хадайніцтва.

Хадайніцтвы аб памілаванні асуджаных і іншыя матэрыялы да ўнясення на разгляд кіраўніка дзяржавы папярэдне разглядаюцца ў камісіі па пытаннях памілавання пры прэзідэнце. Пасяджэнні камісіі праводзіць яе старшыня або па яго даручэнні адзін з намеснікаў старшыні па меры паступлення адпаведных матэрыялаў, але не радзей як адзін раз у квартал.

Хадайніцтвы аб памілаванні асоб, асуджаных на смяротную кару, або матэрыялы ад адмове гэтых асоб ад падачы хадайніцтваў аб памілаванні да ўнясення на разгляд камісіі высылаюцца Вярхоўнаму суду і Генеральнай пракуратуры, якія ў двухтыднёвы тэрмін прадстаўляюць заключэнні з выкладаннем зместу прынятых рашэнняў суда, абставінаў учыненых злачынстваў, звестак аб асобе асуджанага, а таксама свае прапановы па сутнасці кожнага хадайніцтва або матэрыялаў аб адмове ад падачы хадайніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?