Падатак на прыбытак з 2012 года будзе зніжаны з 24% да 18%, заявіў міністр фінансаў Андрэй Харкавец, які прадстаўляў 16 снежня ў Палаце прадстаўнікоў праекты законаў аб унясенні паправак у Падатковы кодэкс і "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2012 год".
"Асноўныя намаганні па далейшым зніжэнні падатковай нагрузкі на эканоміку засяроджаны ў дачыненні да галоўнай інвестыцыйнай крыніцы — прыбытку прадпрыемстваў. Прапаноўваецца знізіць стаўку падатку на прыбытак з 24% да 18%", — сказаў Харкавец.
Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што "гэта будзе самая нізкая стаўка ў Мытным саюзе
(у Расіі і Казахстане стаўка падатку на прыбытак складае 20%)і адна з самых нізкіх сярод нашых заходніх суседзяў". Харкавец падкрэсліў, што, паводле ацэнкі экспертаў, гэта станоўча паўплывае на рашэнні інвестараў пра вядзенне бізнесу ў Беларусі.
Адначасова плануецца змяніць падыходы да падатковага льгатавання прыбытку, замяніўшы іх агульнапрынятымі і зразумелымі замежным інвестарам механізмамі стымулявання інвестыцый, паведаміў міністр.
Ён падкрэсліў, што сукупнасць такіх рашэнняў забяспечыць зніжэнне падатковай нагрузкі на эканоміку ў памеры 0,4% ВУП, ці прыкладна 2 трлн. рублёў. "Гэта стварае дадатковыя станоўчыя эфекты ў выглядзе хуткага вяртання інвестыцыйных затрат, стымулявання доўгатэрміновых капітальных укладанняў у вытворчыя актывы, паляпшаючы ўмовы для адкрыцця бізнесу ў Беларусі", — заявіў Харкавец. Паводле яго слоў, гэта дазволіць таксама павялічыць канкурэнтаздольнасць беларускага экспарту ў Мытным саюзе.
У наступным годзе мяркуецца паменшыць падатковую нагрузку на малы і сярэдні бізнес. Будуць зніжаны на 1% стандартныя стаўкі падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання: з 8% да 7% без выплаты ПДК і з 6% да 5% — з выплатай ПДК.
Плануецца вызваліць арганізацыі ад падатку на прыбытак, які атрыманы ад рэалізацыі інавацыйнай прадукцыі ўласнай вытворчасці і высокатэхналагічных тавараў, калі доля такога прыбытку складае больш за 50%.
Новаўвядзеннем таксама стане прадастаўленне плацельшчыкам права змяняць на працягу падатковага перыяду выбраны метад выплаты падатку на прыбытак.