Мінскі абласны суд 16 снежня падтрымаў апраўдальны прыгавор суда Крупскага раёна ў дачыненні як мінімум трох затрыманых падчас міліцэйскага рэйду ў гэтым раёне 18–20 лістапада. Пра гэта паведамілі праваабаронцы. Скаргі на рашэнні раённага суда падаваліся за подпісам начальніка Крупскага РАУС Сацука.

Нагадаем, 21 лістапада відавочцы распаўсюдзілі ў інтэрнэце інфармацыю пра масавыя затрыманні і збіванні грамадзян на дыскатэках і ў начных клубах міліцэйскім спецназам у Крупках. Аднак частка затрыманых, у тым ліку шэраг людзей, якія правялі ў чаканні суда некалькі дзён за кратамі, затым былі апраўданы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, такіх было сем чалавек.

22 лістапада УУС Мінаблвыканкама абвергла абвінавачанні ў неправамерных дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі.
Згодна з афіцыйнай заявай для стабілізацыі крымінагеннай абстаноўкі ў Крупскім раёне кіраўніцтвам абласной міліцыі было прынята рашэнне аб правядзенні тут 18–20 лістапада аперацыі «Правапарадак» з прыцягненнем 11 супрацоўнікаў падраздзялення міліцыі спецыяльнага прызначэння.
У якасці прыкладу УУС паведаміла, што 18 лістапада каля 23.30 да супрацоўнікаў міліцыі ў форменным адзенні (намеснік начальніка РАУС і начальнік аддзялення аховы правапарадку), якія правяралі нясенне службы нарадамі, звярнулася касір-білецёр кафэ «Бістро» на вуліцы Маскоўскай у Крупках.
Нецвярозы малады чалавек з бутэлькай піва спрабаваў прайсці на дыскатэку, на адмову білецёра яго прапусціць пагражаў ёй і гучна лаяўся матам. Калі міліцыянеры прапанавалі яму прайсці для высвятлення акалічнасцяў на вуліцу, хлопец працягваў лаяцца, пры гэтым пагражаў ім сваімі шырокімі сувязямі і далейшым звальненнем са службы. У выніку яго пасадзілі ў службовую машыну і даставілі ў РАУС для складання пратакола за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Пасля гэтага ў кафэ зайшлі ўчастковы інспектар міліцыі і двое супрацоўнікаў ПМСН. У гэты час нецвярозы наведвальнік спрабаваў учыніць бойку з іншымі адпачывальнікамі. Міліцыянеры прапанавалі яму выйсці з імі на вуліцу, аднак ён адмовіўся, пры гэтым аказаў супраціўленне: мужчына ўдарыў нагой у твар ўчастковаму інспектару міліцыі, пасля чаго на яго былі надзеты наручнікі.

За тры дні на тэрыторыі Крупскага раёна былі правераны 19 дыскатэк і забаўляльных устаноў.

У выніку за ўчыненне дробнага хуліганства аштрафаваны 13 чалавек, за знаходжанне ў нецвярозым выглядзе ў грамадскіх месцах — 27 чалавек, адзін затрыманы за захоўванне наркотыкаў
(знаходзячыся ўсё ў тым жа кафэ «Бістро», меў пры сабе 3,3 грама марыхуаны).

25 лістапада дзеянні абласной міліцыі падтрымаў намеснік міністра ўнутраных спраў Яўген Полудзень, які цяпер знаходзіцца пад вартай па абвінавачанні ў карупцыйным злачынстве. Ён папярэдзіў, што з улікам крымінагеннай абстаноўкі ў тых ці іншых рэгіёнах краіны такія міліцэйскія рэйдавыя мерапрыемствы будуць праводзіцца і надалей.

Сітуацыю, што склалася на сённяшні дзень, ва УУС Мінаблвыканкама пакуль не каментуюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?