17 снежня ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода пачаў працаваць устаноўчы з`езд партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД). Ён пачаўся з малітвы "Ойча наш" і выканання гімна "Магутны Божа".

Гэта ўжо чацвёрты ўстаноўчы з`езд БХД.
"Першая спроба рэгістрацыі партыі была зробленая ў 2009 годзе, яшчэ дзве — у 2010 годзе, — паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі. — Ва ўсіх выпадках нам адмаўлялі ў рэгістрацыі па фармальных прычынах. Усе спробы абскарджання рашэнняў Міністэрства юстыцыі аб нерэгістрацыі партыі ў Вярхоўным судзе поспеху не мелі".

"Рашэнне аб нерэгістрацыі нашай партыі мы лічым палітычным, — падкрэсліў Садоўскі. — Аднак зараз, у сувязі з эканамічным крызісам, беларускай уладзе патрэбны крэдыты, і на гэтым фоне мы вырашылі паспрабаваць правесці чацвёрты па ліку ўстаноўчы з`езд і падаць заяўку на рэгістрацыю ў чарговы раз. Можа, пад знешнім уздзеяннем нас зарэгіструюць", — зазначыў Садоўскі.

Паводле яго слоў,

на гэты з`езд вылучаны 111 дэлегатаў з усіх абласцей Беларусі.
"Але не ўсе да нас могуць даехаць. Напрыклад, напярэдадні з`езда ў Брэсце затрымалі Дзмітрыя Шурхая і Аляксандра Чаркашына. Спачатку супрацоўнікі міліцыі казалі, што затрымана іх машына па падазрэнні ва ўчыненні ДТЗ у Мінску. Потым іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве і 16 снежня прыгаварылі да пяці сутак адміністрацыйнага арышту", — паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі.
Сёння на з`ездзе плануецца абраць кіраўніцтва партыі, удакладніць стратэгі яе працы (удзел у парламенцкіх выбарах 2012 года або іх актыўны байкот), абмеркаваць перспектывы пашырэння дзейнасці БХД.

Варта зазначыць, што БХД актыўна брала ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Кандыдат у прэзідэнты ад БХД Віталь Рымашэўскі за заклік да пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы і судзімы. 20 мая суд прызнаў яго вінаватым на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.

Сустаршыня БХД Павел Севярынец, які ўзначальваў выбарчы штаб Рымашэўскага, быў прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі.
У гэты момант ён адбывае пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?