Калі амэрыканец Ноа Ўэбстэр выдаў «A Compendious Dictionary of the English Language», навукоўцы былі ў шоку. Уэбстэр нахабна амэрыканізаваў брытанскі канон інглішу і ператварыў, напрыклад, «defence» і «honour» у «defense» і honor» ды павыкідаў лішнія літары (напрыклад «k» з «musick»). Затое дадаў новыя амэрыканскія словы — субсыдаваць («subsidize») і выбарчы камітэт («caucus»), не ўключыўшы адначасова выключна брытанскія выразы. Будучы прэзыдэнт ЗША Джон Кўінсі Адамз (1825—1829) тады абурыўся «мясцовымі вульгарызмамі» ды ўсумніўся, што Гарвардзкі ўнівэрсытэт, адным з апекуноў якога Адамз зьяўляўся, ухваліць такі радыкальны «адыход ад ангельскай мовы».
Выдадзены 200 год таму Ўэбстэраў «Compendious Dictionary», насуперак скептыкам, стаў пасьпяховым пралёгам да шмат большага клясычнага «American Dictionary of the English Language» 1828 г., які заклаў падваліны «амэрыканскае мовы». Сёньня Ўэбстэра згадваюць як вялікага лексыкографа, але ён быў і адным з айцоў-заснавальнікаў Амэрыкі. Створаныя ім слоўнікі былі фактычна яшчэ адной спробай сфармаваць панятак будучай амэрыканскай нацыі.
Ён не замыкаўся ў слоўнікаскладаньні і нагадваў па шырыні інтарэсаў дзеячаў эпохі Асьветніцтва, зрабіўшы свой унёсак таксама ў разьвіцьцё права дый гістарычных дасьледаваньняў, а таксама беручы ўдзел у палітыцы. Палітычныя матывы можна ўгледзець і за культурніцкай дзейнасьцю Ўэбстэра. Хоць пры канцы XVIII стагодзьдзя амэрыканцы здабылі незалежнасьць, у краіне працягвала панаваць брытанская культура, і было яшчэ няясна, што такое быць амэрыканцам. Уэбстэр заклікаў адкінуць «чужынскія манеры» і збудаваць незалежную нацыянальную культуру. «Што можа быць больш сьмешным за сэрвільную імітацыю манераў, мовы і цнотаў чужынцаў?»
Ён быў перакананы, што слоўнікі дапамогуць разьвіваць тутэйшую культуру, адлюстраваўшы ў сабе тую мову, на якой размаўляюць амэрыканцы. «Ніводзін чалавек у гэтай краіне ня будзе задаволены ангельскімі дэфініцыямі словаў кангрэс, сэнат, асамблея, суд і г.д.», — напісаў ён у прадмове да слоўніка 1828 году.
Слоўнікаскладаньне мелася таксама ўмацаваць нацыянальнае адзінства. Уэбстэр занепакоена адзначаў у часе сваіх падарожжаў, што ў паўднёвых штатах белыя і мурыны, старыя і новыя перасяленцы часьцяком не разумеюць адзін аднаго. Ён быў перакананы, што «фэдэральная мова» можа стаць «вязьмом нацыянальнага хаўрусу».
Сёньня ЗША дасягнулі шмат большага, чымся тае культурнае незалежнасьці пра якую марыў Уэбстэр, і экспартуюць сваю культуру па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Брытанію. Прыклад Уэбстэра даводзіць важнасьць канону мовы для фармаваньня нацыі.
Наркамаўка мусіла быць падмуркам для БССРаўскай нацыі. Сёньня тыя, хто змагаецца за адыход ад савецкага канону, таксама ня проста хочуць пісаць больш мяккіх знакаў, але будуюць іншую Беларусь. І яны ўрэшце перамогуць. Як Уэбстэр.