Аўтар СМС-паведамленьня, якое ў чацьвер 16 сьнежня прыйшло да карэспандэнта «Свабоды» з івацэвіцкай калёніі пра спробу суіцыду палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, абвяргае агучаныя ў некаторых СМІ прычыны гэтага кроку. Маўляў, гэта было зьвязана з тым, што палітвязьня пасадзілі ў памяшканьне камэрнага тыпу разам з асуджаным зь нізкім статусам. Згодна з зэкаўскімі парадкамі, дзеля таго, каб яго самога не «апусьцілі», вязень нярэдка ідзе на ўскрыцьцё венаў.

Як паведамляецца у СМС,

менавіта ў Івацэвічах такія рытуалы не практыкуюцца.
Спробу суіцыду Мікалай Аўтуховіч зрабіў яшчэ ў атрадзе. Апошнім часам ў дачыненьні да яго чыніцца моцны псыхалягічны прэсінг.

Паводле зьвестак, якія ў гэтыя дні атрымалі з івацэвіцкай калёніі супрацоўнікі праваабарончай арганізацыі «Плятформа»,

раны Аўтуховіча былі настолькі сур’ёзнымі, што для аказаньня мэдычнай дапамогі яго вывозілі ў гарадзкі шпіталь.
Цяпер асуджанаму робяцца перавязкі.

З гледзішча менскага псыхіятра-клініцыста Ігара С., адчайную спробу зьвесьці рахункі з жыцьцём пераважная большасьць вязьняў робіць з прычыны іх маральнай зьнявагі. Калі адміністрацыя наносіць наўмысную шкоду іх псыхічнаму ды фізычнаму здароўю:

«Людзі, якія ў гэтых умовах спрабуюць ісьці на самагубства, ня ёсьць хворымі. Яны проста ня маюць іншага спосабу, каб заявіць пра сябе і быць пачутымі. Іншымі словамі, чалавек сьвядома выбірае шлях, які вядзе да сьмерці. Ён лічыць, што дамагчыся справядлівасьці прававым шляхам нельга.

Калі б была магчымасьць дагрукацца да гэтай улады, дык хто б ішоў на ўскрыцьцё венаў, галадоўкі, самаспаленьне — усё тое, што сёньня практыкуецца ў беларускіх турмах?»

​​Тым часам старшы інспэктар спэцаддзелу Івацэвіцкай калёніі № 5 Ірына Рэвінская, да якой у пятніцу дазваніўся журналіст «Свабоды», заявіла, што з Аутуховічам нічога ня здарылася:

«Усё зь ім добра. Ва ўсялякім выпадку, я маю інфармацыю, што зь ім усё цудоўна.

Нічога не адбываецца і нічога ня здарылася».

Ірына Рэвінская таксама параіла нам ня верыць СМС-паведамленьням асуджаных , бо гэта «па меншай меры глупства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?