Свідравальная платформа «Кольская» пацярпела крушэнне ў Ахоцкім моры. Падчас шторму платформа перакулілася і, па апошніх дадзеных, цалкам затанула.

Згодна з ўдакладненымі звесткамі МНС, на платформе знаходзіліся 67 чалавек, а не 76, як раней паведамляла ведамства. Усе яны грамадзяне Расіі.

Праводзіцца пошукава-выратавальная аперацыя.

Паводле апошняй інфармацыі, ратавальнікам удалося падняць з вады 14 чалавек. Колькасць выяўленых у моры без прыкмет жыцця вырасла да чатырох чалавек.

Як паведамляе МНС, целы людзей у гідракосцюмах былі выяўленыя з верталётаў, прыкмет жыцця яны не падавалі.

Вядома, што двое з ліку выратаваных знаходзяцца ў цяжкім стане. Акрамя таго, ратавальнікам удалося заўважыць два плыта з патанулай платформы, але людзей на іх няма.

Плывучая свідравальная платформа ў момант катастрофы перасоўвалася буксірам у цэнтральнай частцы Ахоцкага мора ў 200 кіламетрах ад берага вострава Сахалін. У момант крушэння яна не вяла ніякіх работ, звязаных са здабычай нафты, што робіць малаверагодным маштабны разліў нафты, падобны на той, што здарыўся ў Мексіканскім заліве ў 2010 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?