Ахова затрымала журналістаў.
19 снежня ў Мінску каля будынка КДБ актывісткі Femen правялі акцыю, прымеркаваную да гадавіны падзей Плошчы. Яны раздзеліся і разгарнулі плакаты з надпісамі «Жыве Беларусь!»
Дзяўчаты мелі намаляваныя на твары вусы, у адной з іх на спіне быў намаляваны Лукашэнка.Яны выкрыквалі «Жыве Беларусь!»
Потым з будынка КДБ выбегла ахова і затрымала відэааператара «НН» Таццяну Гаўрыльчык, незалежнага фатографа Юлію Дарашкевіч і яшчэ адну журналістку, імя якой пакуль невядома.Як паведамляюць калегі, магчыма гэта замежная журналістка.
Дзяўчаты з Femen паспелі збегчы з-пад будынка.
Наш рэпарцёр перадае, што побач з будынкам КДБ прагульваюцца Някляеў з Дзмітрыевым. Бусік са спецназам і машына ДАІ пад'ехалі праз 15 хвілін пасля акцыі.
Дзяўчатам-украінкам удалося захаваць месца акцыі ў таямніцы. Яны падзяліліся інфармацыяй толькі ў сацыяльных сетках, у выніку чаго журналісты ведалі пра будучую акцыю, а спецслужбы не паспелі зрэагаваць. Каб не даць магчымасці сарваць перформанс, украінкі былі абвесцілі, што адракаюцца ідэі прыезду ў Мінск і правядуць сваю спецыфічную акцыю салідарнасці ў Кіеве. Аднак, як выявілася, іх план быў дзёрзкі.
Якім чынам Femen-істкам удалося так хутка раздзецца, а пасля ўцячы? Журналістка НН была сведкам таго, як гэта адбывалася.
Дзесьці каля 11.05 насупраць будынка КДБ літаральна на секунду спынілася машына, з якой выскачылі тры дзяўчынкі ў паліто і шапках.
На бягу яны за лічаныя секунды скінулі з сябе вопратку проста на асфальт.
Яны схапілі плакаты і ўсталі насупраць будынка КДБ. (За гэтым назіраў здзіўлены рабочы, што завіхаўся з драбінай каля каланады.) Некалькі хвілінаў Femen спакойна і беспакарана крычалі «Жыве Беларусь», мяняліся плакатамі і пазіравалі перад журналістамі.
Праз пару хвілінаў яны падняліся на прыступкі будынка, працягваючы крычаць на ўвесь праспект. З будынка нарэшце выскачыў ахоўнік.Мужчына ў вайсковай форме груба накрычаў на іх: «Хутка спусціцеся адсюль! А ну, сышлі…». Аднак дзяўчаты не рэагавалі.
Вайсковец паглядзеў на намаляваны партрэт Лукашэнкі на спіне дзяўчыны, перадаў нешта па рацыі і да яго пачалі далучацца іншыя ахоўнікі з будынка.
Кадэбісты найперш пачалі хапаць журналістак і цягнуць да бакавога ўвахода ў будынак.Дзяўчаты з Femen тым часам рынуліся наўцёкі. Яны хуценька скінулі з сябе вянкі і вусы, падхапілі вопратку з асфальта і кінуліся за рог «дома Цанавы». Праз хвіліну на праспекце ўжо было ціха і пуста.
Ахоўнікі падбіралі з зямлі тыя элементы вопраткі, якія не паспелі на сябе надзець(напрыклад, адна з дзяўчат згубіла там шапку), а звычайная бабуля, якая выпадкова праходзіла міма, падняла і забрала сабе вянок.Femen-кі
«Мы здолелі збегчы, хаця, калі мы звярнулі за рог, нас спынілі міліцыянеры, — расказалі яны ў інтэрв'ю Еўрарадыё. — Яны былі настолькі шакаваныя нашым выглядам — не зразумелі, хто мы такія, чаму ў нас такі выгляд… Разгубіліся, і таму адпусцілі нас, пра што, я думаю, цяпер вельмі шкадуюць».
Хроніка падзей
11.22
Спецназаўцы пачынаюць чапляцца да ўсіх, хто стаіць з тэлефонамі.
11.23
Таццяна Гаўрыльчык перадае, што іх трымаюць у будынку КДБ, чакаюць спецыялістаў, якія маюць выцерці іх фота- і відэазапісы.
13.43
Стала вядомым імя трэцяй затрыманай журналісткі. Гэта Кіці Грын, грамадзянка Аўстраліі. Пра гэта піша блог суполкі Femen.
14.22
Інфармацыя, што ўкраінак затрымалі, не пацвердзілася.
14:55
Міліцыя не затрымала паўаголеных дзяўчат з Femen, калі тыя беглі міма.
«Мы здолелі збегчы, хаця, калі мы звярнулі за вугал, нас спынілі міліцыянеры. Яны былі настолькі шакаваныя нашым знешнім выглядам — не зразумелі, хто мы такія, чаму ў нас такі знешні выгляд… Разгубіліся, і таму адпусцілі нас, пра што, я думаю, цяпер вельмі шкадуюць».
* * *
Адзін з чытачоў на сайце НН параўноўвае акцыю Femen ля КДБ з прызямленнем Маціяса Руста на Краснай плошчы ў 1987 годзе.
«Самалёт «Сэсна», праляцеўшы ўвесь Савецкі Саюз, сеў на Краснай плошчы:)», — піша аўтар камента.
Каментары