Расказаць пра ВНУ з дапамогай сучасных тэхналогій вырашылі ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы ў Гродне. Корпус на Ажэшкі, 22 стаў першым будынкам Гродна, на фасадзе якога з’явіўся QR-код.

З выгляду гэта чорна-белая выява з хаатычна размешчанымі маленькімі квадрацікамі, а насамрэч — спецыяльны код, у якім зашыфраваная інфармацыя.
У дадзеным выпадку ў QR-кодзе захоўваецца спасылка на мабільную версію сайта ўніверсітэта. Тут можна знайсці інфармацыю аб размяшчэнні корпуса, кантактныя дадзеныя, гісторыю ВНУ, навіны і многае іншае.

Пазнака зробленая са звычайнай дробнай пліткі, яе можна ўбачыць злева ад цэнтральнага ўваходу ў галоўны корпус па вуліцы Ажэшкі. Размешчаная яна ў радыусе дзеяння wi-fi. Дастаткова толькі зняць гэты код на камеру мабільнага тэлефона, скарыстаўшыся спецыяльнай праграмай-распазнавальнікам.

Праект быў рэалізаваны студэнтам трэцяга курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Яўгенам Неўгенем. Менавіта ён напісаў мабільную версію сайта і прыдумаў, як ператварыць матрычны код у аб’ект стрыт-арту. Кіраўнік праекта — начальнік Цэнтра ўніверсітэцкага мэнэджмэнта, кандыдат філасофскіх навук Алена Разава.

Даведка

QR-код — гэта абрэвіятура ад Quick Response, што перакладаецца як «хуткі водгук». Асноўная яго вартасць — гэта лёгкае распазнанне сканавальным абсталяваннем, у тым ліку і фотакамерай мабільнага тэлефона. Па сутнасці, QR-код — гэта тое ж самае, што і штрых-код, але закадаваць у ім можна значна больш інфармацыі. Гэта можа быць як тэкст, так і спасылка на пэўны сайт. Зрабіць гэта можна з дапамогай спецыяльнай праграмы-генератара. Для распазнавання кода таксама неабходная спецыяльная праграма, якая ўсталёўваецца на мабільны тэлефон з камерай. Многія сучасныя смартфоны выпускаюцца з убудаванай падтрымкай распазнання QR-кода.

Дзе можна выкарыстоўваць QR-код?

У Японіі такія коды наносяцца практычна на ўсе тавары, якія прадаюцца ў краме, размяшчаюцца на рэкламных буклетах і даведніках. З дапамогай QR-кода нават арганізоўваюць розныя конкурсы і ролевыя гульні.

У Японіі таксама QR-коды выкарыстоўваюцца на могілках і ўтрымліваюць інфармацыю пра памерлых.

У Львове аб’яднанне бізнэсоўцаў «Турыстычны рух Львова» размясціла QR-коды больш чым на 80 турыстычных аб’ектах. Гэта дазваляе турысту лёгка арыентавацца ў горадзе, нават не ведаючы ўкраінскай мовы, бо QR-коды ўтрымліваюць каля 180 сімвалаў інфармацыі на некалькіх мовах. Яны нанесеныя на помнікі архітэктуры, цэрквы, музеі, размешчаныя ў аэрапорце, на вакзалах, трамвайных прыпынках, кавярнях і г.д.

Падобнае прызначэнне ў праекта Semapedia. Яго аўтары прапануюць прымацоўваць QR-коды са спасылкамі на адпаведныя артыкулы ў Вікіпедыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?