Шаша Пясчатка — Свіслач, адкрытая 7 лістапада без вялікага шуму, мае свае плюсы і мінусы. Іх я адкрыў для сябе і як кіроўца, і як пасажыр — у любым разе, як карыстальнік.

Траса прэтэндуе на назоў самай віхлястай у Беларусі.

Траса прэтэндуе на назоў самай віхлястай у Беларусі.

Аўтобусны прыпынак каля могілак.

Аўтобусны прыпынак каля могілак.

Бар’ер для земнаводных і агароджа вальера.

Бар’ер для земнаводных і агароджа вальера.

Крыніца ў Вяжным — адзіная магчымасць папіць вады.

Крыніца ў Вяжным — адзіная магчымасць папіць вады.

Дрэвы падаюць пад самую трасу. Плюсы: адносна добры стан асфальту, малая шчыльнасць транспарту, звілістасць трасы. Мінусы: небяспека сутыкнення з дзікімі жывёламі, падзенні дрэваў, рознага кшталту нядбайнасці, звілістасць трасы.

Дрэвы падаюць пад самую трасу. Плюсы: адносна добры стан асфальту, малая шчыльнасць транспарту, звілістасць трасы. Мінусы: небяспека сутыкнення з дзікімі жывёламі, падзенні дрэваў, рознага кшталту нядбайнасці, звілістасць трасы.

Звілістасць

Звілістасць амаль 200-кіламетровай трасы ў абход Белавежскай пушчы ўвойдзе ў гісторыю. Такое ўражанне, што дарогу рабілі, капіюючы профіль нейкай беларускай ракі, скажам, Лясной або маёй роднай Зяльвянкі. Кіроўца са стажам, пчаляр і паэт з Пружанаў Мікола Папека, якому па родзе заняткаў даводзіцца шмат ездзіць, настойвае: звілістасць — гэта добра. Не дае заснуць за рулём. На простай дарозе шмат такіх аварый.

Часткова з ім пагаджаюся. Але мне камфортней ехаць да Кобрына простай М1, чым віхляцца на Жабінку. І яшчэ: за паваротам на вялікай хуткасці якраз прасцей сутыкнуцца з дзікай жывёлінай, якіх тут багата. Бо ж побач запаветная зона з мноствам дзічыны.

Небяспека на дарогах

Знакаў «Дзікія жывёлы» амаль няма, хоць выездаў на трасу многа. У лесе за Дзмітровічамі шаша нечакана, аўтобусным прыпынкам, прымыкае да могілак. Забабонны кіроўца можа ўбачыць у гэтым свой знак.

У вёсцы Катылы, прыкладна пасярэдзіне новай шашы, засталося пяць населеных хат. Вера Кавальчук, мясцовая жыхарка, кажа пра звяроў:

— І дыкы лазят, і косулі лазят, і олені ходят. Вылазят на дорогу, бо прывыклы. Навет зубры ходят. Павэдэш корову то страшно. Там за лэсом малыннык і паша, то колы вэдэш бувало корову, бачыш: ходят воны там. Корова боітса: рыкнэ, мыкнэ…

На трасе ўсталяваныя бар’еры для земнаводных, пад трасай — пераходы для ўсялякай звярынай драбязы. Але сапраўдная, як на нямецкіх аўтабанах, агароджа ад масіўнай дзічыны на шашы была заўважаная толькі адна. Яна прыкладна пасярэдзіне. Відаць, гэта вальер, бо дротавая агароджа цягнецца ўздоўж трасы толькі каля кіламетра і потым заглыбляецца ў лес.

Ёсць яшчэ дзве прыкметныя небяспекі на трасе.

Першая — гэта ўезды на яе. На шашу выходзіць мноства палявых і лясных дарог. Большасць з іх маюць «ляжачага аўтаінспектара», але не ўсе. Многа гразі і жвіру навазілі на трасу з прылеглай грунтоўкі каля Крыніцы ў Вяжным і на выездзе з балота недаязджаючы Гуты. Такое «пакрыццё» смяротна небяспечнае.

Другая — гэта дрэвы, што падаюць. Гэтае слабае месца новай шашы выявіў буран у ноч з 28 на 29 лістапада. Траса аслабіла лясныя масівы, і на яе шмат дзе ўпалі дрэвы. У такую хвойку мы, нягледзячы на дачаснае тармажэнне, уехалі рана 29 лістапада. Зялёная крона была зусім нябачнай у чорным яшчэ свеце на фоне лесу абапал дарогі. Забрала ў кіроўцы нейкае імгненне і тое, што дрэва не перакрыла белую суцэльную лінію абочыны справа. Так што фары і ветравую шыбу аўто давялося выкінуць услед за рашоткай радыятара і капотам. Затое жывыя… За гэта, калі расшалопаліся ад першага шоку, паціснуў руку, якая вытрымала экзамен на выжыванне. Надзейны чалавек Мікола, рэкамендую.

Інспектар ДАІ Сяргей Мышкевіч з доляй прэзумпцыі вінаватасці, але паспачуваў і пацвердзіў «звярыную» небяспеку:

— За гэты тыдзень тры факты было наезду на жывёл. У бок Зеляневічаў, там лясныя дарогі, і на гэтай трасе. А за мінулы месяц дык было шэсць наездаў. Ласі, казулі, дзікі. Дзік дык наогул бяжыць стрымгалоў. Можа нават у задняе крыло ўрэзацца.

Часта бывае сітуацыя непрыемнага выбару: у чалавека разбітая машына, а яго яшчэ даводзіцца штрафаваць за тое, што забіў дзікую жывёлу, сказаў аўтаінспектар.

Летась, калі трасы вакол Белавежскай пушчы яшчэ не было, пасля сутыкненняў з жывёламі загінулі двое кіроўцаў, падмацавала статыстыкай ужо ў Брэсце, падчас «разбору палётаў», начальнік аддзела агітацыі і прапаганды абласной дзяржаўтаінспекцыі Наталля Сахарчук. Сёлета маем трох параненых, каля 20 выпадкаў матэрыяльнай шкоды — «з таго, што захацела быць зарэгістраваным».

Небяспекі каля трасы

Але вернемся да трасы. Каля Дзмітровічаў метраў за сто ад пляцоўкі адпачынку «Зубр», высяцца ўкапаныя ў зямлю ёмістасці для свіной жыжы. Смуродная вадкасць да іх паступае па трубах. Бетонныя басейны перакрытыя гнілымі дошкамі. Калі турыст бярэ з сабой цікаўных дзяцей, мусіць лічыцца з тым, што яны туды праваляцца. Вылезці адтуль, як на вока, немагчыма.

Ці дапаможа тут святая вада Крыніцы ў Вяжным — вялікае пытанне. Сама крыніца пад «пазалочанай «цыбулінай» з крыжам накрытая дубовым вечкам. З вечка і сценак у ваду сцякаюць бруд і іржа ад жалезных петляў і труб. Побач маленькі басейн для «амавення». Калі людзей многа, «амывацца» там, па-мойму, небяспечна з пункту гледжання гігіены.

Падагульненне

Дарога гладкая — пакуль што. Спрачаліся з Міколам: я казаў, што па старой трасе, калі клалі без максімальнай выемкі (у Нямеччыне ад 90 см, з заменай на шматслойную падсыпку), няма зарукі для асфальту, бо блізка падыходзяць грунтовыя воды, і ён будзе бурыцца, як на брэсцкіх Ямках Купалы або Скрыпнікава. Ён даводзіў, што якраз нованасыпаная дарога прасядзе і пойдзе шчэрбамі. Праз год пабачым. Пакуль што ўражанне ад праездкі добрае.

Сэрвісу не проста малавата, а зусім няма. Я ж не называю біятуалеты на пляцоўках адпачынку. Не разявакам жа туды ісці. Спачатку «А», прабачце, а потым «Б». Найперш з’есці нечага трэба, мабыць, выпіць. Падышоў на прыпынку «Дзік» да нейкага большага збудавання — аказалася, проста капітальны туалет. А папіць — калі ласка, да святой крыніцы 50 метраў.

Ну, і паліва наліваць трэба на ўсю дарогу: запраўкі пакуль не працуюць, калі і ёсць.

Так што прыемнай дарогі, паязджане, але і зважайце!

Брэст — Дзмітровічы — Пружаны — Лыскава — Брэст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?