У Менску 18 удзельнікаў акцый салідарнасьці былі асуджаныя да адміністрацыйнага арышту, яшчэ 10 атрымалі грашовыя штрафы.

21 сьнежня Злата Ізвалава адвезла перадачу ў ізалятар на Акрэсьціна свайму дзядзьку Мікалаю Казлову, якога асудзілі на 5 сутак за тое, што 19 сьнежня прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу. Пэўных зьвестак ад дзядзькі дзяўчына ня мае.

«Усё, што трэба, перадала. Магчыма, калі што трэба, якую ваду ці што, яшчэ перададуць. А збольшага я гэтак разумею, што калі б не паехала ўчора ў суд, то пра гэта нічога б не было вядома».

***

Мікалай Казлоў — былы падпалкоўнік міліцыі, які ў 2008 годзе пасьля парлямэнцкіх выбараў заявіў пра фальсыфікацыю на выбарчым участку, які ён мусіў ахоўваць падчас датэрміновага галасаваньня. Факт фальсыфікацыі ўлады расьсьледавалі фармальна, а вось на прынцыповага міліцыянты пачалі сапраўдны ціск, пасьля чаго Казлоў зь міліцыі звольніўся. У 2010 годзе Мікалай Казлоў браў удзел ў акцыях маўчаньня на Кастрычніцкай плошчы і цудам пазьбег затрыманьня. Але калі былы падпалкоўнік прыйшоў пазаўчора на плошчу зноў, то ягоныя былыя калегі гэтага не даравалі. Мікалая Казлова асудзілі нібыта за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаваньне, хаця ў судзе ён змог даказаць, што знаходзіўся зусім ня ў тым месцы, якое пазначана ў пратаколе затрыманьня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?