Умовы аднаўлення дыялогу Еўрасаюза і Беларусі не змяніліся — гэта вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітзняволеных і людзей, якія трапілі пад судовыя працэсы па справе 19 снежня 2010 года. Такую заяву зрабіў 22 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску пасол Польшчы, краіны — старшыні ў ЕС, Лешак Шарэпка.

Дыпламат падкрэсліў, што ў палітычных пытаннях у стасунках з Беларуссю за час польскага старшынства ў ЕС поспехаў дасягнута не было. «Становішча не занадта змянілася з таго моманту, як мы пачалі старшынства (1 ліпеня 2011 года), — сказаў Шарэпка. —

Быў перыяд, калі падалося, што на беларускія ўлады паўплывалі нашы аргументы, і яны пачалі выпускаць палітзняволеных, але зараз працэс спыніўся».

Шарэпка нагадаў, што Беларусь адмовілася ад удзелу ў саміце Усходняга партнёрства, які праходзіў у Варшаве ў канцы верасня. Апрача таго, зазначыў дыпламат, беларускі бок тармозіць увядзенне ў дзеянне пагаднення аб прыгранічным руху насельніцтва, якое Польшча ратыфікавала яшчэ больш як год таму.

«У чэрвені мы таксама зноў абнародавалі прапанову пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Афіцыйны адказ мы так і не атрымалі. Неафіцыйна ж нам адным з чыноўнікаў было сказана, што гэта пытанне не з’яўляецца прыярытэтам для беларускага боку», — сказаў Шарэпка. Ён падкрэсліў, што для суседніх з Беларуссю Расіі і Украіны гэта пытанне было прыярытэтным, і зараз грамадзяне гэтых краін плацяць за шэнгенскую візу 35 еўра.

«А ў Беларусі, відаць, багатыя людзі, якія могуць плаціць 60 еўра за такую візу», — зазначыў пасол.

Ён падкрэсліў, што падчас свайго старшынства ў Еўрасаюзе Польшча рабіла ўсё, каб беларускае пытанне знаходзілася ў цэнтры ўвагі ЕС, а таксама старалася актыўна падтрымліваць дыялог з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

1 студзеня 2012 года старшынства ў Еўрасаюзе пераходзіць да Даніі. Як удакладніла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора, якая прысутнічала на прэс-канферэнцыі, у сувязі з тым, што ў Беларусі няма пасольства Даніі, выконваць функцыі старшыні на гэты перыяд будзе прадстаўніцтва ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?