Віцебскага сябра КХП-БНФ вінавацяць, што ён парушыў рэжым адбывання ўмоўнага пакарання. Пакуль па гэтай справе вядзецца следcтва, ён будзе знаходзіцца пад арыштам.

Жонцы актывіста Алене Каваленка патлумачылі, што пад арыштам Сяргея могуць трымаць да паўтара месяца. Трое сутак ён ужо правёў у ізалятары часовага ўтрымання — пасля таго як 19 снежня яго забралі з дому супрацоўнікі інспекцыі па выкананні пакаранняў.

«Тады яго забіралі нібыта каб падпісаць нейкія паперы. Як высветлілася, гэта было падманам: Сяргея завезлі ў Першамайскі РАУС, дзе пачалі складаць дакументы ў межах крымінальнай справы паводле артыкула 215 «Ухіленне ад адбывання пакарання».

Яна мяркуе, што падставай для крымінальнай справы можа быць адмова Сяргея Каваленкі падпісаць паперу пра змяненне рэжыму — каб вяртацца дахаты не пазьней як у 19:30, а не да 21, як было раней. Актывіст напісаў у пракуратуру скаргу, што такія змены немэтазгодныя, бо ён мусіць па вечарох працаваць, каб утрымліваць сям’ю, — у яго двое дзяцей і жонка цяпер у дэкрэтным адпачынку.

Калі ён заносіў скаргу ў абласную пракуратуру, то супрацоўнікі інспекцыі зафіксавалі спазненне дахаты. Жонка згадала таксама, што супраць актывіста маюцца дзве адміністрацыйныя справы: яго вінавацяць у вывешванні бел-чырвона-белага сцяга на краме «Пяты элемент» і ў хуліганстве — нецэнзурнай лаянцы на супрацоўнікаў інспекцыі па выкананні пакаранняў.

Сяргей Каваленка адбывае «хатнюю хімію» — умоўнае пакаранне, прысуджанае яму за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня 2010 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?