Член аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Яўген Васьковіч, які адбывае пакаранне ў турме № 4 у Магілёве, чарговы раз змешчаны на 10 сутак у штрафны ізалятар. Як паведаміў прэс-сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, пра гэта стала вядома пасля таго, як 21 снежня Васьковіча наведаў яго адвакат.

Актывіст змешчаны ў СІЗА 14 снежня. «У гэты дзень у турме была камісія, якая разглядала, ці стаў Васьковіч на шлях выпраўлення, — паведаміў Садоўскі. —

Пасля зачытвання абвінавачанняў з-за іх абсурднасці на твары зняволенага з’явілася ўсмешка. За гэта актывісту далі 10 сутак у штрафным ізалятары».
Нагадаем, ён неаднаразова змяшчаўся ў штрафны ізалятар яшчэ падчас адбывання пакарання ў магілёўскай калоніі № 15.

Таксама прэс-служба БХД паведамляе новыя падрабязнасці побыту Яўгена Васьковіча. Разам з ім у камеры знаходзяцца 4–12 чалавек. Калі ён не ў карцары, яго іншым разам выводзяць на прагулку.

«Васьковіч адчувае сябе бадзёра, выказвае падзяку за падтрымку і віншуе ўсіх, хто яго ведае, са святамі», —
паведаміў прэс-сакратар БХД.

Нагадаем, суд Бабруйска (Магілёўская вобласць) 18 мая 2011 года прыгаварыў актывістаў Яўгена Васьковіча, Паўла Сырамолатава і Арцёма Пракапенку да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнага. Усе трое былі прызнаныя вінаватымі ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці) і ч. 2 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса. Суд палічыў даказанай іх віну ў спробе падпалу будынка КДБ у Бабруйску.

На будынак аддзела КДБ у райцэнтры быў учынены напад у ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года — у яго былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю. Пацярпелых не было. Крымінальную справу паводле артыкула «Хуліганства» распачало УУС Бабруйска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?