16:15

«Можа быць, ён сапраўды энэргетычны вампір? Я выходжу як выціснуты лімон», — шапнуў побач са мной адзін з журналістаў з Магілёўскай вобласці на выхадзе.

16:08
Апошняе пытанне ад салігорскай газеты, яўна сцэнарнае: «Які падарунак папрасіў Коля Лукашэнка на Новы год і які падарунак хацеў бы атрымаць Аляксандр Лукашэнка?»

«Самы каштоўны падарунак для яго цяпер — гэта зброя.

Пнеўматычная, якая шарыкамі страляе. Колькі ў яго там ужо аўтаматаў? Ён ужо іх палову ў сад аднёс, у які хадзіў. Але ён у сілу сітуацыі, якая склалася, расце вельмі дарослым хлапчанём... А галоўнае — каб у доме было добрае надвор'е», — гэтым сказам закончыў прэс-канферэнцыю ён.
16:05

Наступнае пытанне: ці будуць у Беларусі выпускаць легкавым аўтамабілі, напрыклад, «Ё-мабілі».

Сямашка дадае, што сёння падпісалі пагадненне, што ў Барысаве кітайцы і БелАЗ пачнуць зборку легкавікоў.

15:53

«Советская Белоруссія» задае пытанне пра адносіны з Еўрасаюзам: ці захоўвае актуальнасць еўрапейскае крыло? І ці перашкаджае адсутнасць важных мужчынскіх органаў у кіраўнікоў Еўрасаюза дыялогу Беларусі з ЕС?

Лукашэнка кажа, што гэтую фразу ён пачуў ад еўрапейскіх візіцёраў.

Далей Лукашэнка доўга разважае пра санкцыі ЕС і візавыя санкцыі, называе іх несправядлівымі, у тым ліку і санкцыі супраць бізнэсоўцаў. «Нашто вы зрабілі невыязнымі маіх пацаноў?»

Ізноў узгадвае Пефціева. Клянецца, што Лукашэнка ў Пефціева «ніколі ні капейкі не ўзяў», што бачыў яго толькі тры разы ў жыцці.

Лукашэнка абвінавачвае Еўрасаюз у жаданні «зламаць канстытуцыйны лад краіны».

Кажа, што не ведае, што яшчэ зрабіць.

«Пасол Польшчы сказаў, што трэба выпусціць зняволеных», — смела нагадвае журналіст Валянюк. — «Яны ж не хочуць выходзіць, хочуць быць героямі», — паўтарае Лукашэнка сваю фразу, якую ўжо некалі казаў.

Цікава, што Валянюк падняўся задаваць пытанне на пачатку прэс-канферэнцыі. Але Праляскоўскі перадаў яму запіску, і Валянюк сеў. А падняўся толькі пад канец.

15:51

Уладзімір Пац з Польскага радыё задае пытанне пра Катынскі спіс.

Лукашэнка адказвае, што займаўся гэтым пытаннем. Сказаў, што выяўлена, што на беларускай зямлі не расстрэлялі ніводнага паляка з Катынскага спіса.

15:45

Газета «Аўтазаводзец» пачынае з крытыкі Коктыш. Марыне, відаць, вельмі не спадабаецца, што ў нас на заводзе сярэдні заробак па выніках года складзе 4 мільёны. «Вам трэба бунт бессэнсоўны і бязлітасны», — грыміць ён. І пачынае расказваць пра пабудову дамоў-маласямеек. І просіць Лукашэнку выдзеліць два ўчасткі пад пабудову дамоў-маласямеек.

«Без праблем», — кажа Лукашэнка.

Лукашэнка моцна хваліць гендырэктара МАЗа Бароўскага, якога Лукашэнка прывёў на пасаду з турмы. Кажа, мне нават няёмка перад гэтым чалавекам, што так склаўся ягоны лёс.

Журналіст яшчэ кажа, што рабочыя МАЗа прасілі павіншаваць Лукашэнку з Новым годам.

15:38

Марына Коктыш, «Народная воля»: «Ці маглі б Вы паступіць, як сапраўдны мужчына? Вось проста тут? Ці маглі б Вы адпусціць Саннікава, Статкевіча? Вы мілавалі тых, хто краў мільёны, а чаму не можаце памілаваць сваіх палітычных праціўнікаў? Няўжо вам, мужчыну, так трэба, каб яны перад вамі ўсталі на калені? І другое. Вы казалі, што пакінеце ўладу, як толькі адчуеце, што народ супраць. А як вы тое адчуеце? У краіне няма свабоднага тэлебачання. Забаронены незалежныя сацыялагічныя апытанні. Прыняты закон, што больш за трох не збірацца. Дык як вы адчуеце, што народ вас больш не хоча?»

«Дзякуй, Марына, за пытанне», — адказаў Лукашэнка і паспрабаваў вульгарна пажартаваць, але Коктыш яго абсякла.

Далей Лукашэнка пачаў доўгі адказ. Ён стаў расказваць пра пачатак 1990-х, сказаў, што не дапусціць такога хаосу.

А наконт сыходу: «Я сыду тады, калі прайграю на выбарах». «Як толькі вы мне на выбарах скажыце «не», я сыду. Вось большасць прагаласуе, і заўтра Лукашэнкі не будзе».

Таксама ён пагрозліва нагадаў Марыне Коктыш і ў яе асобе ўсёй «Народнай волі»: «Запомніце, калі вы будзеце парушаць закон, вы будзеце несці персанальную адказнасць».

Гэта было самае смелае і яркае пытанне сённяшняга дня. А адказ на яго быў традыцыйны. Вось відэазапіс гэтага пытання і адказу:

15:31

Пытанне ад «Белгазеты». На Расійскім ТВ стала болей плюралізму. А на Беларускім? Ці Вам не нудна глядзець БТ?

Адкідае такую пастаноўку пытанне. Беларускае ТБ яму падабаецца.

15:25

Віталь Зыблюк, Еўрарадыё: «Ці ёсць у вас пачуцце гумару? Які Вы апошні анекдот чулі пра сябе? Чаму выразаюцца гумарыстычныя праграмы з расійскіх каналаў?»

«Хай расійскія каналы пажартуюць з Пуціна спачатку, а пасля — пра мяне», — парыруе Лукашэнка.

Кісель з АНТ тлумачыць, што выразалі не гумар, а абразы.

Лукашэнка прапануе Кісялю расказаць анекдот. Той расказвае анекдот, як Абама, Мядзведзеў і Лукашэнка аказаліся ў адной лодцы. Як там галасавалі, каму камандаваць. і за Лукашэнку галасавалі чацвёра.

Гэта быў самы вясёлы эпізод прэс-канферэнцыі.

15:23

Пытанне ад журналісткі з Ліды пра лёс аўтобуснага завода «Нёман».

15:19

Наперадзе ў чэргах стаялі пераважна журналісты дзяржаўных СМІ. Яшчэ не падышла чарга карэспандэнткі «Народнай волі». Марына Коктыш стаіць каля аднаго з мікрафонаў.

15:17

Пытанне ад «Народнага слова», Віцебск, пра альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі.

Адказваюць Лукашэнка і Сямашка. Падкрэсліваецца, што альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі маюць меншае значэнне, чым перавод электраэнэргетыкі на больш эфектыўныя спосабы вытворчасці. Даюць прыклад скарачэння спажывання газу для выпрацоўкі кілават-гадзіны на новай Мінскай ТЭЦ.

15:12

Журналіст з Навагрудка пытаецца пра дэмаграфічнае пытанне і пенсійны ўзрост.

Лукашэнка адказвае, што пенсійны ўзрост у нас ніжэйшы, чым у іншых краінах. Аднак ён не расказаў ніякіх канкрэтных планаў рэформы пенсійнай сістэмы. Адзначыў, што дэфіцыту Пенсійнага фонду пакуль няма. І кажа: пакуль пра пенсійны век не гаворыць.

15:07

Журналістка газеты «Полацкі веснік» расказвае пра багацце спадчыны Полацка. А пытанне: ці Вы лічыце мэтазгодным стварэнне турыстычнага цэнтра і пабудову беларускага варыянта ВДНГ менавіта там, каб там паказваць дасягненні беларускай народнай гаспадаркі. «Мы зрабілі Полацк высокакультурным цэнтрам», — кажа ён. Кажа, што набудавалі досыць цэркваў і сабораў ужо, галоўнае, каб людзі хадзілі туды.

Асуджае, калі займаюцца навабудамі замкаў. Лепей можа каб людзі прыходзілі на руіны. «Ужо досыць замкаў аднавілі», — кажа ён. «Я прыхільнік таго, каб акумуляваць грошы на вытворчасці».

15:05

Пытанне ад ТРК «Гомель» пра змены клімату і адаптацыю сельскагаспадарчай прадукцыі да яе.

15:00

Пытанне ад кітайскага агенцтва Сіньхуа. Просіць ацаніць стан і перспектывы адносін з Кітаем.

Лукашэнка кажа, што ён ганарыцца сваімі адносінамі з «гэтай імперыяй». Ён выказвае ўпэўненасць, што праз 15—20 гадоў Кітай стане самай магутнай краінай свету.

Дае слова Сямашку, каб той расказаў пра кітайскія інвестыцыі ў Беларусі.

Лукашэнка дадае, што «тэхнапарк з кітайцамі — гэта пачварны праект, на дзясяткі мільярдаў даляраў. Кітай нідзе ў свеце на такі праект не пайшоў, толькі ў Беларусі. Мы забудзем аб праблемах з валютай, калі рэалізуем гэты праект». Ён падкрэсліў, што гэты праект не скіраваны не супраць кагосьці, хоць і многіх расхваляваў.

«Прыкладна тое, што вы робіце ў Кітаі, мы робім у Беларусі», — падсумоўвае ён.

14:58

Наступнае пытанне пра праграму развіцця Палесся.

14:55

Журналістка «Знамені юності» пытаецца, ці чытаў Лукашэнка газеты, калі быў маладым?

14:50

Журналістка з Круглянскага раёна задае кампліментарнае пытанне: чым тлумачыцца такая Ваша цікавасць да мясцовых СМІ?

Лукашэнка кажа, што кожны раз просіць, каб запрашалі журналістаў рэгіянальных СМІ.

14:42

«Камсамольская правда» задае пытанне з падкавыркай: «Вы казалі, што трэба жыць па сродках. А што вы змянілі ў сваіх звычках з прычыны крызісу?»

Лукашэнка ўспрыняў жарт. Расказвае, што ён цяпер гарнітуры шые ў Мінску. Кажа, што ў крызіс не купляў клюшак, у яго быў нармальны запас.

Ён кажа, што сябе абмяжоўвае ў харчаванні і не купляе нічога замежнага.

А так «як жыў у рэзідэнцыі ў лесе. так і жыву. Як вазілі мяне на працу ў членавозе, так і возяць».

Кажа, што пры патрэбе папросіць сваіх сяброў-расіянаў і ў Катары і яму «гэтую пару касцюмаў купяць».

Кажа, што ён не ў нагрузку беларусам.

14:35

Пытанне ад «Народнай газеты» пра замежную палітыку і вайсковыя саюзы. Адказ ідзе доўгі, у рэчышчы старой палітыкі.

Сярод іншага прагучала, што Беларусь больш не мае намеру фінансаваць структуры ЕўрАзЭС. «Беларусь больш не будзе фінансаваць еўразэсаўскія структуры. Гэтыя 160 чыноўнікаў нам нават дакументы не напрацоўваюць Яны не абмяркоўваюць актуальныя для нас пытанні. Па статуце мы ўсе гэтыя пытанні ўжо вырашылі», — заявіў Лукашэнка.

14:28
«Наша Ніва», Зміцер Панкавец, просіць ізноў вярнуцца да пытання пра палітвязняў, нагадвае, што Саннікава этапуюць з турмы ў турму, што Аўтуховіч рэзаў сабе вены.

Лукашэнка адказвае доўга.

Расказвае, што Дом урада грамілі. Просіць не пускаць стрэлы ў яго ў пытанні палітвязняў. І тут жа кажа, што ён апошняя надзея палітвязняў. І патрабуе «не душыць на яго ў пытанні палітвязняў».

«Навошта вы мяне даўбаеце? Я ж магу тым жа адказаць і не размаўляць больш з вамі на гэтую тэму, — раздражнёна заявіў Лукашэнка. — Я хацеў бы такое пытанне падняць. Я не намякаю на тое, што я крыважэрны і зраблю дрэнна, раз вы так ставіце пытанне. Але калі вы чагосьці ад чалавека хочаце, то вы на яго не душыце, не цкуйце».

«Папросяць яны мяне памілаваць — я разгледжу. Гэта не значыць, што памілую. Я іх просьбу разгледжу, калі б яны да мяне звярнуліся. Слухай, прэзідэнт, ты ж вялікадушны, цябе людзі просяць, шкоду кампенсавалі, больш не будзем так рабіць, давайце прымем рашэнне. Толькі так, а не інакш», — сказаў ён.

Дае ўказанне Мальцаву: «Знайдзіце нармальную калонію, і няхай Саннікаў там жыве спакойна». Той устаў і зарагатаў. Гэта нагадала смех чыноўнікаў пры Лукашэнкавым расказванні пра збіццё Някляева, у часе паслявыбарчай прэс-канферэнцыі.
14:27

Пытанне ад польскага агенцтва ПАП пра адносіны Беларусі з ЕС у канцы старшынства Польшчы. Лукашэнка называе іх «кепскімі», адказвае вельмі коратка, «і Польшча прыклала да гэтага сваю моцную руку».

14:17

«Беларусы і рынак» пытаецца, як можна ацаніць дзейнасць беларускіх чыноўнікаў, калі ў краіне рэкордная ў свеце дэвальвацыя і інфляцыя?

Лукашэнка кажа, што «гэта не я, а вы патрабавалі ад мяне такой мадэлі, гэта народ выбраў сацыяльна арыентаваную эканоміку». І кажа, што такая мадэль застанецца, бо іначай будзе «бойня, як на Захадзе, у Грэцыі, у ЗША». «Ламаць краіну, эканоміку і грамадства я не маю намеру». «Ніякіх зменаў і адступленняў ад сацыяльна арыентаванай эканомікі ў нас не будзе, як бы гэта каму ні хацелася».
«Я не хачу паўтараць памылкі суседзяў». «Будучы год будзе нармальным нават ва ўмовах крызісных з'яваў у сусветнай эканоміцы».
14:13

Пытанне ад агенцтва Блумберг: ці будзе Беларусь размяшчаць еўраабліагацыі?

У Еўропе няма грошай, грошы цяпер у кітайцаў, — кажа Лукашэнка. —

Мы не плануем больш ніякіх запазычванняў на рынку, але гатовыя весці перамовы з Міжнародным валютным фондам, бо ў тых выгадныя ўмовы. «Нават калі 5 мільярдаў нам дадуць, мы пагодзімся. Але самы рэальны варыянт — гэта 2,5—3 мільярды».
14:08

«Эканамічная газета», Алесь Герасіменка задае пытанне па-беларуску: калі краіна будзе дыверсіфікаваць пастаўкі прыроднага газу? Цэны на звадкаваны газ на сусветным рынку ўжо нашмат ніжэйшыя, чым тыя, па якіх мы купляем газ у Расіі, нагадвае ён.

Увогуле, на гэтай прэс-канферэнцыі нашмат больш беларускай мовы, чым на ранейшых, калі пускалі журналістаў не ад усіх СМІ.

«Усё, што вы сказалі, гэта не сакрэт, мы гэта прапрацоўваем», — Лукашэнка напачатку ўжывае класічны дэмагагічны прыём.

А далей расказвае, што звадкаваны газ усё яшчэ абыходзіўся б Беларусі нашмат даражэй, чым тое, што Беларусь плаціць Расіі.

Лукашэнка перадае слова віцэ-прэм'еру Сямашку, і той расказвае, што гэтае пытанне ўзважвалі і знайшлі, што будаваць такі завод нявыгадна. Кажа, што такія тэрміналы будуюць пераважна марскія краіны.

Лукашэнка падводзіць рысу: Беларусь адмовілася ад ідэі пабудовы тэрмінала звадкаванага газу за межамі краіны.
13:52

Пытанне ад Валянціна Жданко, радыё «Свабода». Ён пытаецца, ці не наспелі палітычныя рэформы ў Беларусі? Ён прыводзіць прыклад задуманых палітычных рэформаў у Расіі.

Лукашэнка адказвае: каго народ выбярэ, той і будзе. Але кажа, што будзе выказваць сваё меркаванне і ўплываць на народ. «І я пабачу, колькі там будзе ад апазіцыі і ад пятай калоны».

«Ваш падтэкст непрымальны», — адразае ён. Зняважліва адгукаецца пра ідэю камераў відэаназірання на кожным участку.

Пасля гэтага ён доўга хваліць сябе, што ён не церпіць ліслівасці. Расказвае, што заўжды любіць выслухоўваць розныя пункты гледжання. Расказвае, якія дэбаты адбываюцца ў беларускім парламенце, але ён просіць не выносіць іх на публіку.

«Дыктатура — толькі ў руках прэзідэнта», — кажа ён. А на ўзроўні ўрада ўсё адбываецца дэмакратычна, галасаваннем, даказвае ён.
І папракае журналістаў, што яны не хочуць аналізаваць гэтых тонкасцяў. «Вы мяне клеплеце нават там, дзе я таго не заслугоўвае», — крыўдуе ён. Прыводзіць прыклад самасуда ў Пухавічах Жыткавіцкага раёна, калі ягонае рашэнне адпусціць людзей крытыкуюць.
«Вы што, сапраўды лічыце, што я фальсіфікаваў гэтыя выбары? — пытаецца ён, гледзячы ў вочы журналісту. — Я стараюся ўсё рабіць шчыра і па справядлівасці».

На 10-й хвіліне адказу ён прыходзіць да пытання рэформаў.

«Нават тое, што я сказаў, што буду ўмешвацца, я не буду ўмешвацца», — пярэчыць ён таму, што казаў 8 хвілін таму.

Даказвае, што апазіцыя не пройдзе ў парламент, калі нават яе пад абедзве рукі будуць весці пад рукі. Расказвае, як ён шукаў апазіцыянераў у парламент і не мог знайсці. Расказвае, што, маўляў, апазіцыянеры не прыходзілі на сустрэчы з выбарцамі і таму за іх не прагаласавалі, нават калі ўлада была гатовая, каб іх абралі.

Пераходзіць на Бяляцкага, бэсціць яго.

«А рэформы будуць», — кажа нарэшце ён на 16-й хвіліне. Прагучала гэта так, што ўсе зразумелі, як: рэформаў не будзе.

13:50

Наступнае пытанне — ад радыё «Мінская хваля» — пра рынак лекаў.

13:48

Зачытвае запіску пра Пефціева. Кажа, што Пефціеў знаходзіцца ў краіне, але часта выязджае ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і не мае падставаў бегчы з краіны.

13:40

Наступнае пытанне ад АНТ. Лукашэнка заклікае рэпарцёраў сесці, бо шкадуе, што яны так доўга стаяць на нагах. АНТ пытаецца пра тэракт у метро, пра тое, што Лукашэнку вінавацілі ў арганізацыі гэтага злачынства.

— А вы за тое, каб адмяніць?

— Так, як чалавек веруючы, адказвае журналіст.

Лукашэнка кажа, што актуальнасць смяротнага пакарання для нас не знізіліся. Справа тут не ў веры, мяркуе ён, а ў стаўленні да гэтай праблемы.

Ён кажа, што версіі пра датычнасць уладаў да тэракта яго крыўдзяць.

Што да смяротнага пакарання, ён спасылаецца на вынікі рэфэрэндуму. А таксама ўказвае на наяўнасць смяротнага пакарання ў ЗША. Ён упікае Захад тым, што ён не патрабуе смяротнага пакарання ад арабскіх краін і Кітая.

Што да тэракта, то ён палічыў патрэбным патлумачыцца, чаму ён пайшоў у метро разам з Колем так хутка пасля выбуху. Кажа, што пайшоў у метро адразу пасля тэракта, бо «ў мяне выбару не было».

Ізноў зводзіць усё да таго, што час адмяніць смяротнае пакаранне не прыйшоў, бо гэта можа вылезці бокам.

13:31

Наступнае пытанне ад часопіса «Алеся» пра дапамогу на дзяцей. Кажа, што памер дапамогі зусім малы. Прапануе прывязаць памер дапамогі да памеру заробку мамы перад дэкрэтам.

Лукашэнка хваліцца, што дзяржава моцна дапамагае шматдзетным сем'ям. Адказ вельмі доўгі, пра ўсё патроху, але ў цэлым можна сказаць, што ён заклікае сем'і варушыцца самім.

13:27

Пытанне ад «Обозревателя» пра тое, якія канкурэнтныя перавагі мае беларуская эканоміка ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы.

13:25
Ганна Капшуль з «Весніка Глыбоччыны» задае пытанне па-беларуску. Найперш запрашае Лукашэнку на Дзень пісьменства, каб падняць статус свята і палепшыць імідж беларускай мовы і літаратуры. Пытаецца, ці будзе пашырэнне сферы ўжытку беларускай мовы?

Лукашэнка: А што трэба зрабіць?

Каўшуль кажа: вось і пытанняў па-беларуску тут не задаюць. Трэба, каб больш мова гучала.

Я не стану Вас асуджаць за Вашу пазіцыю, кажа Лукашэнка,
і адказвае па-расейску, адчуваецца, што не можа свабодна гаварыць па-беларуску. Я не хацеў бы вяртацца да гэтай тэмы, кажа ён. Я нікога не папракаю. Гэта права кожнага чалавека – выбіраць. І калі вы ставіце пытанне, што расейская мова – не родная, то гэта няправільна. І расказвае, што расейская мова – гэта і наша мова. Мы ў яе душу ўклалі, расказвае Лукашэнка, паўтарае тое самае.
Так, у нас есть белорусскій язык, — прызнае Лукашэнка. — Але хто будзе спрачацца з тым, што без расейскай мовы мы не можам развіваць навуку?

Просіць міністра культуры расказаць, колькі мы зрабілі для адраджэння мовы. Кажа, што паднімаць моўныя пытанні трэба спакойна, каб не разварушыць грамадства.

Я вас не папракаю, вы не апазіцыянер, кажа ён жанчыне.

Слова бярэ Латушка: «У адпаведнасці з Вашым даручэннем быў падпісаны план па пашырэнні ўжытку беларускай мовы». І расказвае пра бурную дзейнасць у адпаведнасці з гэтым планам. Але праблема ў тым, што мала твораў з'яўляецца, жаліцца ён.

Гэты было самае высакароднае пытанне дня. На жаль, на яго не прагучала сур'ёзнага адказу. Зменаў у курсе няма.

13:17

У Фэйсбуку разляцеўся жарт: «Ці паспее Пефціеў да канца прэс-канферэнцыі дабегчы да мяжы?»

13:14

Першае пытанне ад журналіста замежнага СМІ — ад рэпарцёра Украінскага радыё, пра двухбаковыя адносіны. «Калі нашы адносіны такія добрыя, то калі будзе падпісана дамова па мяжы?»

Лукашэнка кажа пра неабходнасць пакетнага пагаднення з Украінай.

13:07

Першае пытанне па-беларуску ад часопіса «Вясёлка» задае Уладзімір Ліпскі. «Ні адно дзіця ў краіне не засталося без Вашай увагі, кажа ён, — але што мы ўсе разам можам зрабіць для кінутых дзяцей?»

Лукашэнка моцна ганіць бацькоў, якія кідаюць сваіх дзяцей. «Яны горшыя за звяроў, бо нават звер не кідае сваіх дзяцей». Расказвае, што падарункі, якія атрымлівае сям’я Лукашэнкі, ён штогод перадае дзецям і ў дамы старых.

13:01

Пытанне ад раёнкі «Навіны Палесся»: як будуць вырашацца ў краіне праблемы бясплоднасці.

Лукашэнка адзначае, што ЭКА — дарагая працэдура і дае поспех толькі ў палове выпадкаў. Ён даволі добра ў курсе гэтай спецыфічнай медычнай праблемы. Кажа, што праблему трэба вывучыць глыбей.

13:01
Марына Золатава з партала Tut.by пытаецца пра лёс бізнэсоўца Шаўцова і пра тое, дзе знаходзіцца бізнэсовец Пефціеў. Лукашэнка сказаў, што не ведае, дзе Пефціеў і папрасіў памочнікаў да канца прэс-канферэнцыі даць яму такую інфармацыю.

Што да Шаўцова, то ён сядзіў у ізалятары за шматлікія злачынствы, вывад грошай з краіны, у тым ліку і ў Венесуэле. «Хай заплаціць у двухкротным, трохкротным памеры, кампенсуе шкоду дзяржаве, і выйдзе на свабоду».

«Гэта звычайная эканамічная справа, у нас такіх шмат».

«З кадравага рэестра прэзідэнта 10-15 чалавек знаходзяцца пад следствам», — адзначае ён.

12:58

Даволі ліслівае пытанне ад тэлекампаніі «Мір»: ці была Плошча ў Беларусі і падзеі ў арабскіх краінах, а пасля пратэсты ў Расіі звёнамі аднаго ланцуга?

«Штосьці ў Вашым пытанні ёсць», — кажа Лукашэнка. Але параўноўваць не стаў.

Кажа, што ў Беларусі на Плошчы было ўсяго тры тысячы чалавек. А вось у Маскве — зусім іншыя людзі былі на Плошчы, кажа.
12:53

Пытанне ад газеты «Рэспубліка» — пра рост уплыву Расіі на эканоміку Беларусі. Загдвае пра пагрозу інкарпарацыі нашай краіны, спачатку эканамічнай, а пасля і палітычнай.

«Поўная бязглудзіца», — адказвае Лукашэнка па-беларуску. А далей ізноў пераходзіць на расейскую мову. Кажа, што ўвесь шум толькі ад таго, што прадалі Расеі, а не Еўропе. Маўляў, калі б прадалі Еўропе, то не паднімалі б шуму.

Кажа, што продаж Расеі «Белтрансгаза» выгадны Беларусі. Кажа, што памылковае меркаванне, што тут Беларусь страціла рычаг уздзеяння. Ён кажа, што Беларусь не мела магчымасці ўплываць на Расію праз «Белтрансгаз». Расказвае, як шмат Беларусь атрымала дзякуючы продажу «Белтрансгаза». Маўляў, Беларусь выйграе на гэтай дамове 2 мільярды даляраў. Беларусь мусіла б плаціць за газ 380 даляраў, а так будзе плаціць 165 [але ж тады выходзіць, што Беларусь выйграе 4 мільярды, а не 2. — Рэд.]. «Гэта вельмі выгадная здзелка для нашай дзяржавы». Прызнаўся, што

Расія абумовіла выдачу крэдыту на АЭС і зніжэнне цэнаў на газ з продажам «Белтрансгаза».
12:44

«Астравецкая праўда» — яшчэ адна беларускамоўная раёнка задае пытанне па-расейску. Пытанне пра стварэнне новых працоўных месцаў у раёне, пра адсутнасць перапрацоўчых прадпрыемстваў у Астраўцы.

«Ну маладзец, — засмяяўся Лукашэнка. — Усе пытанні Астраўца падняла». Кажа, што ў Астравец прыедуць каля 5000 высокаадукаваных спецыялістаў.

12:39

Восьмае пытанне — ад БелТА пра цэны і зарплаты.

Грошы трэба зарабляць, адказвае Лукашэнка. Калі будзе павелічэнне прадукцыйнасці працы, будзе павышэнне заробкаў, кажа ён. Што да росту цэнаў, то ён абяцае іх стрымліваць. «Усе казыркі і нажніцы па цэнах за гэты год мы знялі». Кажа, што «цэны недзе на адзін працэнт ужо знізіліся».

Яшчэ адно пытанне пра цэны: што важней, барацьба з інфляцыяй ці рост зарплат. Пытанне задаў журналіст газеты «Беларускі час».

12:38

Сёмае пытанне — першае ад незалежных журналістаў, ад інфармагенцтва БелаПАН задае Ірына Леўшына. Чаму Вы не падпісваеце ўказы пра памілаванне апанентаў Саннікава, Статкевіча, Бандарэнку? Вы ж падпісалі ўказы пра памілаванне 12-ці іншых палітвязняў, якія не падпісвалі просьбаў аб памілаванні «на аснове прынцыпу гуманнасці»?

«Я памілую толькі тых, хто да мяне звернуцца. Не звернуцца — будуць сядзець у турме», — раздражнёна адказвае ён.
12:33

Шостае пытанне — ад раёнкі «Край Смалявіцкі» пра будаўніцтва гарадоў-спадарожнікаў.

Лукашэнка пацвярджае

Кажа, што ў нас не павінна паўтарыцца сітуацыя, «як у Расіі і іншых краінах, калі 30% насельніцтва жыве ў сталіцы» [Рэд. У Расіі ў Маскве жыве 11,2 млн чалавек з агульных 143 млн, паводле звестак апошняга перапісу].

12:28

Пятае пытанне — ад ТРК «Магілёў». Як будзе вырашацца праблема адтоку кадраў у Расію?

Лукашэнка не схільны «гіпербалізаваць гэту праблему». Ён таксама адзначыў, што праца за мяжой не такая і выгадная.

«Адна справа — працаваць тут [у Беларусі] за тысячу даляраў, а другая — у Маскве за 2000 даляраў». А жыццё ў Маскве дарагое, адзначае ён.
Згадвае пра гібель шасці беларускіх будаўнікоў у Падмаскоўі. «У нас кіраўнікі будаўнічых арганізацый абарзелі да такой ступені, што перасталі шукаць для сваіх калектываў працу. Гавораць, мы жылля сталі менш будаваць. Добра, мы будзем будаваць болей». Раіць будтрэстам больш шукаць падрадаў на будоўлях розных аб’ектаў. Кажа, што стаўленне да кіраўнікоў бударганізацый стане больш патрабавальным, каб яны самі «шукалі падрадныя працы».
12:23

Чацвёртае пытанне ад тэлеканала «Беларусь-1». Пасля ўступлення Расіі ў СГА ці змогуць беларускія вытворцы канкураваць з расійскімі?

У наступным годзе ніяк не адаб’ецца на беларускіх вытворцах, кажа Лукашэнка. Бо Расія выбіла сабе вельмі выгадную «дарожную карту» і мыты ў наступным годзе павышацца не будуць.

Кажа, што Беларусі таксама выгадна ўступіць у СГА, бо «гэта дасць выгады пры гандлі з Еўрасаюзам».

12:20

Трэцяе пытанне ад Беларускага радыё. Што было самым цяжкім выпрабаваннем?

Лукашэнка пераводзіць адказ на пазітыўныя тэндэнцыі ў замежным гандлі. Расказвае пра рост таваразвароту і змяншэнне дэфіцыту замежнага гандлю.

Заяўляе пра пазітыўныя тэндэнцыі ў гандлі з Расіяй, выхад на дадатнае сальда.

[Згодна са статыстыкай Дзяржаўнага мытнага камітэта імпарт расійскіх тавараў перавышае экспарт на гіганцкія 8,3 мільярда. — Рэд.].

12:15

Другое пытанне ад агенцтва «Інтэрфакс». Просіць назваць 5 самых важных падзей.

Лукашэнка называе найперш «няшчаснае здарэнне, той тэрарыстычны акт» у мінскім метро. У замежнай палітыцы называе прарывам падзеі ў ЕўрАзЭС. Кажа, што прыйшлі ў Адзіную эканамічную прастору. Згадвае пра ўступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Пасля згадвае «так званую Арабскую вясну, якая змяніла канфігурацыю ў свеце». «Працэс гэта застапарыўся на Сірыі, кажа ён, і дай бог каб Сірыя ўстаяла». Кажа, што Турцыя, магчыма, хоча стварыць новую імперыю, а ідэолагамі гэтага працэсу выступаюць ЗША. «Нават наша пятая калона пагодзіцца з гэтымі ацэнкамі», — заяўляе ён. Светам будзе кіраваць той, хто будзе кантраляваць энэрганосьбіты, кажа ён, і барацьба ідзе за іх.

Кажа, што свет стаіць на парозе новай Вялікай Дэпрэсіі. Але лічыць, што наўрад ці тое адбудзецца, паўтарэння быць не павінна. Кажа, што Захад пахітнула хваля эканамічнага крызісу.

Адзначае факт «рэзкага антыўрадавага руху на Захадзе тыпу «Захапі Уол-Стрыт».

Нарэшце, узгадвае правал перамоваў між ЗША і Расіяй па ПРА. кажа, што гэта паўплывае і на Беларусь.

12:12

Першае пытанне задае тэлеканал СТВ. Ён агульны: пра вынікі года і планы.

Лукашэнка кажа, што ён не хоча, каб такі год паўтарыўся «з пункту гледжання эканомікі і фінансаў». Адзначыў, што пастаўкі энэрганосьбітаў у Беларусь манапалізаваны Расіяй і звязаў праблемы ў эканоміцы з ростам цэн на энэрганосьбіты. Прызнаў, што ў праблем былі і суб’ектыўныя, і аб’ектыўныя прычыны. Але настойліва падкрэслівае, што прычынай былі дарагія цэны на сыравіну. Кажа, што «галаву попелам пасыпаць не трэба», бо «будзем мець сем працэнтаў росту ВУП». Кажа, што наступны год будзе вельмі добрым у эканоміцы, лепшым, чым найлепшыя мінулыя гады.

Па палітыцы таксама адзначае праблемы, згадвае пра крытыку вынікаў выбараў з боку Захаду. «Год быў няпросты, а наракаць трэба на сябе, але гэта ўжо гісторыя. Год застанецца як год вялікіх урокаў. Госпад ударыў нас па галаве і сказаў: не жальцеся. Жыць трэба па сродках».

12:04

Лукашэнка падкрэслівае, што ён заўжды быў адкрыты для журналістаў. Уступ быў кароткі.

12:03

Журналісты лукашэнкаўскіх СМІ ўсе дружна ўсталі пры з’яўленні Лукашэнкі.

12:02

Выхад Аляксандра Лукашэнкі абвесцілі па-расейску.

11:51

Пакуль нічога не адбываецца. Толькі на экране дзяржаўны герб можна паглядзець. Ужо трэці раз просяць выключыць мабільнікі. Відаць, для тых, каму з першых двух не дайшло.

11:43

У залу на вольныя месцы зайшлі чалавек трыццаць дзяўчат. Відаць, для прыгажосці. У зале чатыры мікрафоны, пытанні будуць задаваць у мікрафоны па чарзе.

11:41

Дзве траціны СМІ, што акрэдытаваныя на прэс-канферэнцыю, прадстаўляюць рэгіёны. Усяго на прэс-канферэнцыі будзе 400 журналістаў з 301 СМІ. Прэс-сакратар Лукашэнкі Павел Лёгкі цяпер робіць інструкцыю: «Адно СМІ — адно пытанне».

11:01

Прапускаюць у залу, дзе будзе прэс-канферэнцыя досыць ліберальна. Не пусцілі хіба графа Прушынскага. Не меў пасведчання.

Стаяць шыльдачкі, хто дзе будзе сядзець. Першыя два шэрагі аддадзеныя прадстаўнікаў рэгіянальных мінскіх і магілёўскіх СМІ. Прадстаўнікі цэнтральных дзяржаўных і недзяржаўных СМІ будуць сядзець у апошніх шэрагах.

Ад 12.00 у Нацыянальнай бібліятэцы Аляксандр Лукашэнка дае прэс-канферэнцыю, якая «будзе прысвечана вынікам адыходзячага года і далейшым перспектывам развіцця краіны».

Чакаецца, што ў мерапрыемстве возьме ўдзел амаль 400 журналістаў
з больш як 300 беларускіх дзяржаўных, недзяржаўных, а таксама замежных СМІ, акрэдытаваных у Беларусі. Гэта рэкордная колькасць.

У той жа час па-ранейшаму фатографы незалежных СМІ доступу да Лукашэнкі не маюць, таму мы вымушаны выкарыстоўваць здымкі інфармацыйных агенцтваў.

Прэс-канферэнцыя распачнецца, а 12-й гадзіне.

Упершыню ў гісторыі газеты карэспандэнт «Нашай Нівы» таксама запрошаны на гэтую прэс-канферэнцыю.

Раней нашы карэспандэнты траплялі толькі на прэс-канферэнцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў, куды ўваход быў свабодны для ўсіх рэпарцёраў, акрэдытаваных пры ЦВК, але нас ніколі не запрашалі на іншыя сустрэчы Лукашэнкі з журналістамі.

Мы пакуль не ведаем, ці зможа ён весці анлайн-рэпартаж з залы, ці будзе там вай-фай. Калі не, то падзея будзе асвятляцца анлайн супрацоўнікамі Рэдакцыі.

Прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі традыцыйна маюць характар лёгкага шоу.
Яны выразна вылучаюцца са штодзённай інфармацыйнай рэальнасці Беларусі, у якой няма месца палітычнаму плюралізму і палеміцы.
У краіне дагэтуль усе тэлеканалы і радыёстанцыі з’яўляюцца сродкамі масавай прапаганды, а не інфармацыі. За апошнія 15 гадоў у іх не з’явілася ніводнага крытычнага на адрас Аляксандра Лукашэнкі матэрыялу, як не было і ніводнага нейтральнага журналісцкага матэрыялу пра апазіцыю.
Фармальна яны лічацца дзяржаўнымі, хоць на самой справе дзейнічаюць як СМІ аднаго чалавека.

Адрозненне ад савецкага часу толькі ў тым, што паралельна працягвае працу невялікая колькасць беларускіх незалежных інтэрнэт-сайтаў і газет, а таксама ў даступнасці замежных СМІ. Маюць акрэдытацыю ў краіне і шэраг замежных радыёстанцый і выданняў. Іх прадстаўнікі таксама запрошаны на заўтрашнюю прэс-канферэнцыю. Звычайна менавіта яны задаюць самыя вострыя пытанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?