Асуджаныя па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года застануцца сядзець у турме, калі не звернуцца з просьбай аб памілаванні. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, адказваючы на пытанне галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай аб тым, чаму ён не падпісвае ўказ аб памілаванні экс-кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча і даверанай асобы Саннікава Дзмітрыя Бандарэнкі.

«Дзмітрый Бандарэнка, шчыра кажучы, я не зусім у тэме — давераная гэта ці не давераная асоба. І Бандарэнка, і тыя, пра якіх вы сказалі, яны перад законам роўныя. Вы, яны — усе роўныя.

Гэта я вам хацеў нагадаць па-першае. Па-другое, абсалютна канкрэтна вам адказваю: памілую чалавека і магу памілаваць таго, хто да мяне звярнуўся па памілаванне. Не звернуцца, будуць сядзець у турме»,
 — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён праігнараваў заўвагу журналісткі, што да гэтага падпісаў указ аб памілаванні 12 фігурантаў па справе аб масавых беспарадках, якія не звярталіся да яго з адпаведнай просьбай.

Адказваючы на наступнае пытанне, Лукашэнка вярнуўся да гэтай тэмы, зазначыўшы:

«Я магу памілаваць, магу і не памілаваць. Хаця і тут ёсць пэўныя фактары, якія як стрымліваюць, гэтак і якія падштурхоўваюць мяне да гэтага. Маё права канстытуцыйнае».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?