У Калінкавічах злачынец раніцай 25 снежня паспрабаваў здзейсніць разбойны напад на жанчыну, але атрымаў адпор і рэціраваўся.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама, каля 6.30 25 снежня 52-гадовая жыхарка Мазыра прыехала на працу ў Калінкавічы. На вуліцы раптам на яе напаў злачынец, які схапіў яе ззаду за шыю і пачаў душыць. Жанчына падумала, што ён напаў з мэтай рабавання, і адкінула сваю сумачку ў надзеі, што злачынец забярэ яе і пакіне пацярпелую ў спакоі. Але невядомы працягваў душыць жанчыну і дастаў нож. У нейкі момант пацярпелая змагла выхапіць нож, і нападнік уцёк. Жанчына звярнулася ў міліцыю. Было цёмна, і прыкметы злачынцы яна не запомніла.

У гэты ж дзень, прыкладна праз гадзіну пасля разбойнага нападу, невядомы адабраў сумачку, у якой было 40 тыс. рублёў, у жыхаркі Калінкавічаў, а яшчэ праз паўгадзіны, прыкладна ў 08.05, рабаванню падверглася яшчэ адна жанчына. Пад пагрозай гвалту злачынец забраў у яе 400 тыс. рублёў.

Аператыўнікі пачалі пошукі падазраванага, і з дапамогай службовага сабакі ён быў затрыманы. Ім аказаўся раней судзімы жыхар райцэнтра 1988 года нараджэння. Ён пакуль адмаўляе сваё дачыненне да нападу на жанчын, вядуцца следчыя дзеянні. Існуе верагоднасць, што менавіта гэты чалавек напаў на жыхарку Мазыра. Прынамсі, у затрыманага парэзаная рука, траўму ён мог атрымаць, калі жыхарка Мазыра забірала ў яго нож.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?