Як паведаміла жонка зняволенага палітыка Вольга Бандарэнка, скарга ў Вярхоўны суд была пададзена адвакатам Юрыем Сташкевічам больш як два месяцы таму. У скарзе адвакат паведамляў суду пра сур’ёзныя праблемы са здароўем у Дзмітрыя Бандарэнкі, да яе былі прыкладзены пацвярджальныя дакументы.

Сёння адвакат паведаміў Вользе, што прыйшоў адказ, датаваны 23 снежня.

«Там усе тэрміны адказу на скаргу ўжо выйшлі, але яны, відаць, чакалі прэс-канферэнцыі Лукашэнкі і што ён скажа. Вось, дачакаліся»,
 — заўважыла жонка палітыка.

На прэс-канферэнцыі 23 снежня Аляксандр Лукашэнка на пытанне, чаму ён не падпісвае ўказы аб памілаванні экс-кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча, а таксама даверанай асобы Саннікава Дзмітрыя Бандарэнкі, адказаў: «Дзмітрый Бандарэнка? Шчыра кажучы, я не зусім у тэме — давераная гэта ці не давераная асоба. І Бандарэнка, і тыя, пра якіх вы сказалі, яны перад законам роўныя. Вы, яны — усе роўныя. Гэта я вам хацеў нагадаць па-першае. Па-другое, абсалютна канкрэтна вам адказваю: памілую чалавека і магу памілаваць таго, які да мяне звярнуўся па памілаванне. Не звернуцца, будуць сядзець у турме».

Паводле інфармацыі Вольгі Бандарэнкі, яе мужу неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Аднак ён не мае намеру гэта рабіць, таму што лічыць сябе незаконна асуджаным.

«На думку Вярхоўнага суда, матэрыялы справы поўнасцю даказваюць віну Дзмітрыя. Зараз, напэўна, будзем звяртацца ў ААН, хаця надзеі мала», — сказала жонка палітыка.

Нагадаем, Дзмітрый Бандарэнка, асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 Магілёва. Адразу пасля арышту ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні, і ў ліпені яму зрабілі аперацыю на пазваночніку ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска.

20 жніўня закончылася траціна тэрміну зняволення Бандарэнкі, і, згодна з законам, ён меў права на змякчэнне пакарання, аднак у гэтым яму было адмоўлена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?