Супрацоўнікі АУС Савецкага раёна Гомеля, якія ў кастрычніку 2011 года затрымалі, даставілі ў аддзел і апыталі начальніка службы ўласнай бяспекі ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Гомельскай вобласці (УДФР КДК), прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці — вымоў і строгіх вымоў.

Міліцыянеры паведамілі БелаПАН, што да дысцыплінарнай адказнасці іх прыцягнула кіраўніцтва па выніках праверкі, праведзенай упраўленнем уласнай бяспекі (УУБ). Паводле слоў міліцыянераў, УУБ прыйшло да высновы, што яны не прынялі мер на месцы для ўстанаўлення даных супрацоўніка КДК, а таксама стварылі пагрозу яго жыццю і здароўю, дастаўляючы ў аддзел без адзення.

1 снежня суд Савецкага раёна Гомеля разгледзеў на закрытым пасяджэнні адміністрацыйную справу ў дачыненні да начальніка службы ўласнай бяспекі УДФР КДК па Гомельскай вобласці, абвінавачанага ў знявазе гомельскага таксіста. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння — наўмыснай знявазе гонару і годнасці асобы (артыкул 9.3 КоАП) і пакараў адміністрацыйным штрафам у 10 базавых велічынь (350 тыс. рублёў).

Разгляд справы на падставе пратакола, складзенага ў дачыненні да супрацоўніка КДК, пачаўся ў судзе 16 лістапада. У той дзень чыноўнік КДК падаў хадайніцтва аб правядзенні пасяджэння ў закрытым рэжыме. Ён заявіў, што «незаконныя дзеянні міліцыі» зняважылі яго гонар і годнасць, а з прычыны таго, што ён мае пэўны сацыяльны статус, не хацеў бы, каб абставіны справы былі аддадзены галоснасці. Суддзя задаволіў хадайніцтва, і справа разглядалася на закрытым пасяджэнні.

Яшчэ да судовага разбору міліцыянеры, якія праходзілі па справе сведкамі, паведамілі БелаПАН, што 6 кастрычніка каля 23 гадзін два супрацоўнікі ППСМ прыбылі на Рэчыцкую шашу па заяве таксіста ў службу «102» у сувязі з тым, што кліент не расплаціўся па лічыльніку.

На месцы міліцыянеры высветлілі, што пасажыр падняўся ў кватэру, і з таксістам пайшлі за ім.

Дзверы ім адчыніў мужчына, які, паводле слоў супрацоўнікаў ППСМ, зневажаў іх і грубіяніў, пачаў пагражаць непрыемнасцямі. Нарад міліцыі даставіў грамадзяніна ў Савецкі РАУС.
Пасля здарэння, паводле слоў міліцыянераў, мужчына, які аказаўся начальнікам службы ўласнай бяспекі УДФР КДК па Гомельскай вобласці, напісаў заяву з просьбай прыцягнуць міліцыянераў да крымінальнай адказнасці за перавышэнне ўлады (арт. 426 КК).

Праверку ў дачыненні да міліцыянераў праводзіць следчы аддзел пракуратуры Гомельскай вобласці. Яе тэрмін працягнуты да 8 студзеня 2012 года. Раней начальнік службы ўласнай бяспекі працаваў там следчым.

Вядома, што супрацоўнік КДК абскардзіць рашэнне раённага суда ў абласным. Акрамя таго, разгляд справы ў абласным судзе адкладзены да моманту, пакуль следчы аддзел пракуратуры не вынесе рашэнне па пытанні распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да міліцыянераў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?