Фота Анатоля Клешчука

Апошні дзень зімы ўпершыню мы сустракаем без Ібрагіма Канапацкага. Але ён застаўся ў моладзі.

Гэта дзень яго народзінаў, у які людзі будуць узгадваць чалавека як насельніка нябёсаў. 28 лютага яму было б 57 гадоў. Але зямны шлях спыніўся на 56. 9 верасьня 2005 г. ён пакінуў гэты сьвет. Але час усё яшчэ трымае жывым яго адметны воблік, цеплыню поціску яго рукі. Яшчэ сьвеціцца ўсьмешка, чутны голас. Нават размовы зь ім не перастаюць працягвацца.

І ўсё ж гэтага часу хапіла, каб ужо ў які раз адчуць велічыню страты. Ужо ў каторы раз на пытаньне «хто заменіць?» не знаходжу адказу. Я перакананая, ён зь ліку тых, хто незаменны. Проста таму, што людзі такога маштабу павінны нарадзіцца ў пэўны час, мець пэўнае асяродзьдзе, атрымаць выхаваньне й адпаведную адукацыю, абавязкова займацца самаадукацыяй і самаўдасканаленьнем. А пасьля, склаўшы ўсё разам і абапіраючыся на свае чалавечыя якасьці й каштоўнасьці, абраць галоўны шлях. Ібрагім Канапацкі сваё галоўнае рашэньне прыняў у 40 гадоў.

Ад гэтага часу жыцьцёвы вопыт і навуковая адукацыя сталі апірышчам, на якім пачало будаваць свой дом — на глебе агульнабеларускай — жыцьцё татарскае. І вось гэтыя 15 зь невялікім гадоў яго жыцьця сталі цэлай эпохай у духоўна-культурным адраджэньні татарскага народу Беларусі.

Тое, што зрабіў ён асабіста, што арганізаваў і на што натхніў іншых, можна параўнаць з працай і плёнам добрай установы. Але яго дзейнасьць была грамадзкай, бяз штату й офісу. Зробленае ім належна ацэніць час. Пакуль абсалютна відавочны абсалютна выдатнейшы вынік: яго праца, яго апантанасьць, яго харызма займелі шмат прыхільнікаў, і найперш сярод моладзі. Моладзь гэтая мае шырокія погляды, умее шанаваць гісторыю сваёй краіны, глядзіць на будучыню роднай зямлі як на сваю будучыню. Сярод такіх маладых людзей і супрацоўнік «Нашай Нівы» Сяргей Богдан. Яго разьвітальнае слова да «дзядзькі Ібрагіма» сьведчыць пра тое, што шэрагі яго пасьлядоўнікаў поўняцца. Гэтыя людзі і іх справы стануць працягам яго нядоўгага жыцьця і яго спраў. Справы яго мелі падтрымку Ўсёмагутнага Алага — інакш столькі проста не магчыма было зьдзейсьніць. Той, хто накіраваў яго на гэты шлях, пасяліў у яго сэрцы Адвагу і Сумленьне. Па іх законах ён і жыў.

Спадзяёмся, што жыцьцё Ібрагіма Канапацкага будзе ўшанавана яшчэ не аднойчы. А пакуль намаганьнямі грамадзкасьці робіцца першая спроба, каб Ібрагім Канапацкі стаў першым з тых выдатных беларускіх татараў, імя якога стане насіць вуліца на яго радзіме ў мястэчку Сьмілавічы. На доме, дзе прайшлі яго маленства і юнацтва і куды ён вяртаўся бясконца, будзе прымацавана мэмарыяльная шыльда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?