Камітэт дзяржкантролю прадухіліў незаконную выплату бюджэтных сродкаў на суму больш за 1,5 млрд рублёў, дапушчаную праз завышэнне кошту выкананых будаўнічых работ.

Больш чым на 1,5 млрд рублёў рублёў быў завышаны кошт будаўніцтва сетак і збудаванняў мікрараёна № 1 у горадзе Асіповічы. Такі вердыкт вынеслі прадстаўнікі Бабруйскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю падчас правядзення планавай праверкі асіповіцкага УКПП «Капітальнае будаўніцтва».

Як выявілася, праектавальнікам (ААТ «Інстытут «Магілёўграмадзянпраект») былі дапушчаныя памылкі ў праектна-каштарыснай дакументацыі, у выніку якіх працягласць працы водапаніжальнага абсталявання была павялічаная амаль у 6 разоў, а субпадрадчыкам (ПСУП «ДорСТЭМ») завышаныя выдаткі па эксплуатацыі машын і механізмаў пры водаадліве. Пасля выяўлення дадзеных фактаў па прапанове Камітэта дзяржкантролю было праведзенае карэктаванне і паўторная экспертыза праекта, паменшаны кантрактны кошт аб’екта, а сума завышэння знятая з разлікаў.

Падчас праверкі выяўленыя і іншыя парушэнні. У прыватнасці, прадпрыемствам было дапушчанае самавольнае заняцце зямельнага ўчастка і будаўніцтва на ім інжынерных збудаванняў, перавышэнне (на 7–9,5 месяцаў) нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва аб’ектаў, залішняе выстаўленне выдаткаў на ўтрыманне заказчыка (тэхнагляду) па пяці аб’ектах (14,7 млн рублёў), дапушчаныя парушэнні пры правядзенні падрадных таргоў, абыходжанні з аб’ектамі расліннага свету, вядзенні бухгалтарскага ўліку і інш.

Агулам па выніках праверкі Камітэтам дзяржкантролю сэканомлена 1,58 млрд рублёў дзяржаўных сродкаў,
у бюджэт пералічаныя кампенсацыйныя выплаты ў памеры 8,45 млн рублёў, дысцыплінарныя спагнанні накладзеныя на трох работнікаў. Ва ўсталяваным парадку разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці прадпрыемства і яго работнікаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?