Выключаны з Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) Васіль Якавенка атрымаў ліст з Міністэрства юстыцыі, у якім яму паведамляецца, што рашэнне пра ягонае выключэнне не было правамоцным.

Маўляў, за гэта не была пададзена дастатковая колькасць галасоў. Ліст публікуе ў сваім блогу дачка пісьменніка.

Копія ліста скіравана таксама новаабранаму старшыню арганізацыі.

У выпадках канфліктаў у незалежных аб'яднанняў мінулым Мінюст звычайна станавіўся на бок, выгадны лукашэнкаўцам. Раней міністэрства прымала рэпрэсіўныя захады супраць адвакатаў, якія абаранялі палітвязняў. Таксама яно не раз адмаўляла ў рэгістрацыі незалежным суполкам і партыям і звярталася ў суды, каб ліквідаваць няўгодныя арганізацыі. Мінюст таксама дзейнічаў у звязцы з КДБ, ствараючы перашкоды дзейнасці незалежных СМІ, якія выдаваліся грамадскімі арганізацыямі.

Праз некалькі дзён пасля пагромаў 19-20 снежня 2010 года Якавенка апублікаваў ліст, у якім вінаваціў былога старшыню СБП Алеся Пашкевіча ў фінансавых злоўжываннях. Ён апублікаваў яго ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», а таксама звярнуўся са скаргамі ў пракуратуру і шэраг профільных ведамстваў, якія, зрэшты, не знайшлі парушэнняў у дзейнасці СБП.

Хоць факты, выкладзеныя ў тым лісце, не пацвердзіліся, Якавенка не прынёс прабачэнняў і не апублікаваў абвяржэння.

Ён настойвае на сваёй рацыі.

Якавенку з арганізацыі выключыла Рада. Якавенка звярнуўся да з'езда з просьбай аб аднаўленні яго ў арганізацыі. Аднак з'езд гэтую просьбу адхіліў. За аднаўленне выключанага Якавенкі выказаліся 22 дэлегаты, за выключэнне прагаласавалі 100 дэлегатаў, яшчэ 29 чалавек устрымаліся. Мінюст перавярнуў рашэнне наадварот: маўляў, галасоў было замала для выключэння.

Звяртае ўвагу, што ліст Мінюста напісаны па-беларуску са шматлікімі памылкамі мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?