Калі на пачатку сьнежня, праз два месяцы пасьля атрыманьня літаратурнага Нобэля, Архан Памук прыляцеў у Турцыю, у аэрапорце яго віталі сотні прыхільнікаў, а ўсе СМІ казалі пра прыезд “сына народу”.

Напрыканцы студзеня, два тыдні пасьля забойства нацыяналістам армянскага журналіста Гранта Дзінка, Памук пакідаў Турцыю ў сьпешцы і бяз шуму. З таго часу пісьменьнік, гэтак жа як і Дзінк, ненавісны ў нацыяналістычных колах, маўчыць.

Ён адмяніў заплянаванае на люты турнэ па Нямеччыне, дзе жыве найбольшая ў Эўропе дыяспара туркаў (3 млн.). Турэцкія і нямецкія СМІ пісалі, што прычынай раптоўнай зьмены плянаў была інфармацыя пра замах, што рыхтуецца на ляўрэата ў Нямеччыне. Колькі дзён да таго Ясін Хаяль, якога абвінавачваюць у замове забойства Гранта Дзінка, пагражаў у судзе Памуку, што той будзе наступным.

У сваіх кніжках Памук піша пра Турцыю і туркаў, якія знаходзяцца на вечным раздарожжы паміж Усходам і Захадам, сучаснасьцю і адсталасьцю. Пісьменьнік закранае спрэчныя для туркаў тэмы – забарону мусульманскіх хустак у школах, супрацьстаяньне сьвецкіх і рэлігійных сілаў, няўменьне расквітацца зь мінулым.

Памук, якога ўжо даўно крытыкуюць за брак патрыятызму, выклікаў сярод нацыяналістаў сапраўды магутную хвалю абурэньня два гады таму, калі ў інтэрвію швайцарскай газэце, кажучы пра вынішчэньне туркамі армянаў на пачатку ХХ ст., заявіў, што “загінуў мільён армянаў і ні ў кога няма адвагі казаць пра гэта”. За гэтыя словы яго прыцягнулі да суду, аднак справа была спыненая.

Выдавец пісьменьніка сьцьвярджае, што ад’езд у ЗША кароткачасовы, а мэдыі шукаюць сэнсацыі там, дзе яе няма. Аднак вядомы турэцкі публіцыст Фаціх Алтайлі высьветліў, што Памук забраў з сваіх рахункаў у Турцыі ўсе зьберажэньні. Ён таксама размаўляў з знаёмымі Памука, якім той прызнаваўся, што баіцца за сваю бясьпеку. “Ён казаў, што пакідае Турцыю і няхутка вернецца дахаты”, — сьцьвярджае Алтайлі.

Падчас свайго знаходжаньня ў Турцыі Памук быў пад аховай паліцыі. З часу забойства Дзінка такая ахова прызначаная ўжо больш як тузіну інтэлектуалаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?