Зарэгістраваны ў Літве Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) апублікаваў звесткі чарговага, снежаньскага апытання грамадскай думкі Беларусі.

Электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі, які, паводле дадзеных НІСЭПД, дасягнуў гістарычнага мінімуму ў верасні мінулага году (20,4%),

цяпер трошкі вырас і склаў 24,9%. Адпаведна вырас і рэйтынг даверу Лукашэнку — з 24,5% у верасні да 31.2 у снежні.

 Фота РІА "Новости"

Фота РІА "Новости"

Аднак большасць беларусаў (54,5%) сёння не давяраюць Аляксандру Лукашэнку. Менавіта яго лічаць вінаватым у эканамічным крызісе ў краіне 53,7% (у верасні — 61.2%)
Падзенне электаральнага рэйтынгу Лукашэнкі не прывяло, аднак, да росту рэйтынгаў яго палітычных апанентаў.

У снежні рэйтынг Андрэя Саннікава склаў 7.1%, Уладзіміра Някляева — 6%.

Вельмі цікавымі былі адказы на пытанне «Калі б Вы ведалі чалавека, які мог бы паспяхова канкураваць з Лукашэнкам на наступных прэзідэнцкіх выбарах, то прагаласавалі б за яго або за Лукашэнку?»

Цяперашні кіраўнік дзяржавы прайграў бы гэтаму «ананімнаму» кандыдату з лікам 21,7% супраць 44.6%.

У адрозненне ад Аляксандра Лукашэнкі, які настойліва паўтарае, што крызісу ў Беларусі няма, пераважная большасць апытаных у снежні беларусаў (81,5%) з ім не згодныя. Яны станоўча адказалі на пытанне «Ці лічыце вы, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе?» Толькі 8% адказалі, што крызісу няма.

Што да ацэнкі цяперашняй сітуацыі, то 15,6% выбралі варыянт — «Усё не так дрэнна і можна жыць»,

52,2% заяўляюць — «Жыць цяжка, але можна трываць», і 29,7% лічаць, што «Цярпець наша бядотнае становішча ўжо немагчыма».

У геапалітычных перавагах, паводле НІСЭПД, таксама адбыліся пэўныя змены. Папулярнасць аб’яднання з Расеяй застаецца на гістарычна нізкім узроўні (29%), але разам з тым істотна ўпала колькасць тых, хто жадае ўступлення Беларусі ў Еўрасаюз — з 45,1% у чэрвені да 35,9% у снежні летась.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?