У ходзе прэс-канферэнцыі Сямён Шапіра падкрэсліў, што ўшчыльняць цэнтр горада не плануецца. Але следам за старым жыллём, якое адправіцца пад знос, трэба вырашыць пытанне і з будынкамі, якія з-за нядобрасумленных гаспадароў пачынаюць разбурацца, замест таго каб прыносіць карысць гораду.

«Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра такія будынкі, як былы рэстаран „Беласток“, дом купца Мураўёва, экс-гасцініцу „Беласток“. На жаль, калі раней заключалі дамовы з інвестарамі, не агаворвалі тэрміны завяршэння працаў. У выніку здача аб’ектаў зацягнулася. Сёння з імі перазаключаюцца дамовы, у якіх за невыкананне абавязацельстваў прадугледжаныя сур’ёзныя санкцыі», — заявіў Шапіра.

Так, уладальніку даўгабуду ў 4-й бальніцы на скрыжаванні вуліцы Кабяка і праспекта Янкі Купалы далі два гады на ўзвядзенне гандлёвых плошчаў на 50 тысяч квадратных метраў і яшчэ год на пабудову культурна-забаўляльнага цэнтра.

Не паспее — з зямлёй давядзецца развітацца.

Сёлета ў абласным цэнтры з’явяцца новыя аб’екты культурнай сферы: філармонія з залай на 1100 месцаў і новы маладзёжны культурна-забаўляльны цэнтр з магчымасцямі для правядзення вольнага часу для ўсёй сям’і — ад гульневых пакояў і гурткоў для дзяцей да фітнес-цэнтраў і салонаў прыгажосці для дарослых — у Доме культуры будаўнікоў у цэнтры Гродна.

Што тычыцца Каложскай царквы, то не ўсе спрэчныя пытанні вырашаныя.
Побач з ёю ўзводзіцца, як і планавалася, царкоўна-прыхадскі комплекс, на які ўжо выдаткавана каля 2 мільярдаў рублёў.

«У нас няма права на памылку, таму мы вывучаем розныя праекты і падыходы: ці варта аднаўляць сцяну, якая абвалілася 150 гадоў таму? А можа, драўляная сцяна Каложы ўжо таксама частка гісторыі, і прасцей накрыць храм спецыяльным калпаком і пакінуць як ёсць? У грамадстве няма адзінага меркавання. Нам неабходна заключэнне ЮНЕСКА: ці не страціць пасля рэканструкцыі царква свой статус помніка архітэктуры? А вось наваколле храма неабходна прывесці ў парадак у найбліжэйшы час. Не думаю, што так складана заасфальтаваць дарожкі, пабудаваць новую лесвіцу. Калі надвор’е дазволіць, пачнем працы ўжо ўзімку», — абяцае чыноўнік.

У 2013 годзе ў абласным цэнтры пачнецца будаўніцтва палаца гульневых відаў спорту.
На пустыры ў 4-й бальніцы ў Вішняўцы з’явяцца чатыры залы для валейбола, гандбола, баскетбола і тэніса, а з часам і адкрытыя корты, і футбольныя пляцоўкі.

«Сёлета ў Гродне пабудуем новы крыты каток: недарагі, мабільны, які працуе круглы год, ён дасць магчымасць разгрузіць Лядовы палац, — лічыць губернатар. — Таксама ўкладваем грошы ў футбол. Гэта трэба не столькі для прэстыжу рэгіёну, колькі для нашых заўзятараў, гараджан. Гледзячы, як яны перажываюць на трыбунах, разумееш, што не дарма выдаткаваныя сродкі. А самае галоўнае, што да спорту далучаюцца дзеці».

Чыноўнік адзначыў, што на развіццё фізічнай культуры і спорту сёлета плануецца выдаткаваць з бюджэта больш за 128 мільярдаў рублёў.

Вялікія надзеі чыноўнікі ўскладаюць на супрацоўніцтва з інвестарамі. Распрацаваны цэлы спіс прапаноў для бізнесменаў. Сярод іх — будаўніцтва забаўляльнага цэнтра на месцы старога піўзавода ў цэнтры горада. Ужо распрацаваны праект, якім займаўся інстытут «Гроднасельбудпраект», аднак інвестара пакуль не знайшлі.

Сярод іншых турыстычных праектаў, якія прапаноўваюцца да рэалізацыі, — стварэнне культурна-рамеснага комплексу з конным дваром, кузняй, ганчарнай майстэрняй, этнавёскай ды іншымі аб’ектамі. У Сапоцкіне, што ля самай мяжы з Польшчай, мяркуецца пабудаваць інфраструктуру для актыўнага адпачынку: парк атракцыёнаў, веласіпедныя, горналыжныя і санкавыя трасы, лядовую коўзанку, сноўборд-парк, тэнісныя корты і спартыўны комплекс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?