Ці памятаеце гульню ў асацыяцыі? — «Падгузьнік? — Памперс! Жуйка? — Орбіт! Паліна? — Смолава!». Але ня ўсе Паліны — Смолавы. Паліна Данская — адна з шараговых «зорак» беларускай эстрады, песьні якой пачуеш па радыё і аніяк ня вызначыш, хто яе выконвае.

За абмежаванасьцю аранжыровак угадваецца беларускі поп-выканаўца, але — імя? Ня хочацца крыўдзіць людзей, якія з дапамогай мэдыяў ствараюць дзівосны міт пад назвай «беларуская поп-музыка», але калі Лявон Шырын ці Макс Алейнікаў пішуць песьні адразу для дваццаці выканаўцаў, становіцца зразумела, чаму яны так падобныя. А калі падобнымі ня будуць — гэта ўжо нефармат, якому няма месца ў мэдыяпрасторы. Паколькі Шырын і Алейнікаў напісалі рэшту песень для гэтага дыску, ён абавязкова загучыць на радыёстанцыях.

А што яшчэ папсавіку трэба? Але ставіць у этэр назойлівую і бязглуздую «Бриллиантовые слёзы» з жахлівым радком: «Он сказал: «Косить не буду!». Я сказала: «Не забуду!». Дача вдруг стала похожа на сарай» (?!). Карацей, з кожным трэкам мацнее жаданьне выкінуць дыск у сьметніцу. Апагей на дзясятым трэку «Нет рядом места» з настолькі няўклюдным рэпам, што складваецца адчуваньне: у студыю пад пагрозаю сьмерці запхалі простага мінака, усунуўшы яму ў рукі тэкст-трызьненьне: «Ты прости, ты отпусти, вместе быть мы не можем, путь мой сложен, с тобой невозможен...»

Дзівоснымі выспамі глядзяцца ў альбоме дзьве песьні па-беларуску. Але і тут — свае праблемы. Цудоўная песьня на верш Генадзя Бураўкіна «Адбалела» (вядомая ў выкананьні Данчыка як «Больш табе я не пазваню») ператварылася ў пануры «умц-умц» а-ля дыскатэка 80-х. Павольная «Каліна» Лягчылава з псэўданароднай стылізацыяй («Горкі смак каліны не асудзіць мілы») на гэтым бляклым фоне выглядае гітом. Для асобаў, пазначаных на вокладцы дыску ў «Падзяках».

Надрукавана ў №5'2007

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?