Фота AFP.

Фота AFP.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў закон, які прадугледжвае ўвядзенне новых санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі, паведаміў прэс-сакратар Белага дома Джэй Кэрні.

Раней, 21 снежня, Кангрэс ЗША ухваліў Акт аб дэмакратыі і правах чалавека 2011 года ў дачыненні да Беларусі (Belarus Democracy and Human Rights Act of 2011), які прадугледжвае ўзмацненне санкцый.

Новы пакет пашырае спіс беларускіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў сілавых структураў, на якіх накладваюцца візавыя абмежаванні і фінансавыя санкцыі.

Закон таксама ўтрымлівае заклік да Міжнароднай федэрацыі хакея адмовіцца ад правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі 2014 года.

У сярэдзіне снежня законапраект быў ухвалены Сенатам ЗША.

Санкцыі не будуць знятыя да той пары, пакуль на свабоду не выйдуць усе палітвязні.

«З гэтымі санкцыямі мы на баку беларускага народу і супраць яго прыгнятальнікаў», — заявіў адзін з ініцыятараў законапраекта кангрэсмен Крыстафер Сміт.

Прыняты Кангрэсам Акт аб дэмакратыі і правах чалавека 2011 ўзмацняе і пашырае Акт аб дэмакратыі ў Беларусі 2004 года і ўдакладняе акт аб дэмакратыі 2006-га.
Акт аб дэмакратыі ў Беларусі 2004 года, у прыватнасці, патрабуе ад прэзідэнта ЗША падрабязна інфармаваць Кангрэс пра ўсе пастаўкі «ўзбраенняў і звязаных з узбраеннямі тэхналогіяў», якія «Беларусь пастаўляе краінам-фундатарам міжнароднага тэрарызму».

Дакумент таксама прадугледжваў выдзяленне з федэральнага бюджэту ЗША сродкаў на падтрымку дэмакратычных працэсаў у Беларусі.

Пра намер чарговы раз пашырыць спіс санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў у траўні 2011-га, перадае расійскае інфармацыйнае агенцтва «Новости».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?