Перад самым Новым годам паведамілі, што не стала Алёны Шарэпа-Лапіцкай. Родная сястра расстралянага за антысаветчыну Расцілава Лапіцкага пражыла 93 гады. Памерла яшчэ 25 чэрвеня 2011 года. Яна дажывала адзінока ў мінскай аднапакаёўцы. З дзяцінства не чула, што яшчэ больш ускладняла з ёй кантакты.

Лапіцкая са сваімі карцінамі, чэрвень 2009. Фота Юліі Дарашкевіч.

Лапіцкая са сваімі карцінамі, чэрвень 2009. Фота Юліі Дарашкевіч.

Верасень, 2009. Каля магілы брата Ігара ў Касуце. Фота vialejka.org.

Верасень, 2009. Каля магілы брата Ігара ў Касуце. Фота vialejka.org.

Расціслаў Лапіцкі быў падобны да сястры.

Расціслаў Лапіцкі быў падобны да сястры.

Алёна Шарэпа-Лапіцкая нарадзілася ў 1918 (1917?) у Разані, куды сям’я выехала ў эвакуацыю. Яе бацька — праваслаўны святар Аляксандр Лапіцкі. Маці Настасся хацела дачку назваць Аленай, а бацька запісаў Вольгай. Але ўжо ў свядомым узросце дзяўчына сама зрабіла выбар. Як скончылася вайна, сям’я вярнулася ў Касуту на Вілейшчыне, дзе Аляксандр Лапіцкі служыў у Петрапаўлаўскай царкве.

Па расповедах спн. Алёны, бацькі былі жорсткімі. Гэта і вымусіла яе дзесьці ў 1940-м годзе пакінуць іх і пераехаць у Вілейку. У горадзе, які быў тады цэнтрам вобласці, даводзілася цяжка. Каб зарабіць кавалак хлеба, наймалася на розную працу.

Ужо падлеткам яна пісала вершы. У Вілейцы аднаго разу зазірнула ў рэдакцыю абласной «Сялянскай газеты», дзе працаваў Максім Танк. Прынесла свае вершы.

«Але пашкадавала, што прыйшла. Ён не хацеў друкаваць маіх вершаў. Маўляў, яны надта сумныя. А як мне пісаць вясёлыя вершы, калі жыццё ў мяне зусім несалодкае?» —

значна пазней гаварыла яна (размаўляла яна слаба, але зразумець яе можна было). Але без шкадавання. Вершаў, праўда, пісаць не перастала.

На ўсё жыццё ў памяці Лапіцкай адбіліся сталінскія рэпрэсіі. Пасля адступлення саветаў у чэрвені 1941 года людзі пайшлі да вілейскай турмы. Шукалі сляды арыштаваных родных і сваякоў. Пачалі знаходзіць пахаванні з ахвярамі. Гэта былі «трохпавярховыя» пахаванні. Людзей расстрэльвалі і кідалі на дно ямы. Наверх клалі дошкі. І так тры разы. Разам з іншымі спн. Алёна раскапвала свежыя пахаванні, каб належным чынам перапахаваць ахвяраў.

«Калі зайшлі ў адзін з кабінетаў турмы, то ўбачылі жудасную карціну. Каля сцяны стаіць крэсла. Да яго падведзены электрычныя драты. Гэта вось так бальшавікі катавалі людзей…» —

расказвала яна.

У 1950 спн. Алёна пераехала ў Мінск. Гэта адбылося пасля таго, як

расстралялі яе малодшага брата Расціслава. 21-гадовы Расціслаў арганізаваў у Смаргоні і Мядзеле падпольную суполку, якая вяла агітацыю за незалежнасць Беларусі.

Для саветаў гэта было найбольшае злачынства. Для сястры ж гэта стала стратай жыцця. З Расціславам у іх былі добрыя адносіны. А пераезд у Мінск адводзіў пагрозу арышту ад яе самой.

У 1997 годзе Шарэпа-Лапіцкая склала і выдала зборнік «Пад небам Крыма». А яшчэ спадарыня Алёна пісала карціны. Здаецца, у канцы 1980-х яшчэ хадзіла ў адну з мастацкіх студый у Мінску. У яе кватэры можна было пабачыць карціны. Іх нельга назваць шэдэўрамі мастацтва. Але ўсё, што яна рабіла, рабіла з душой. Ёсць жа інсітнае (наіўнае) мастацтва. Дык гэта пра яе, Алёну Шарэпа-Лапіцкую. Дарэчы, і сваю кнігу яна праілюстравала сама.

Пахавалі Алёну Шарэпу-Лапіцкую на Заходніх могілках Мінска. Яе спадчынай апякуюцца далёкія сваякі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?